ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ – 102

Закон и порядок

Стома за рулём – знак бяды

Многія вадзіцелі чамусьці лічаць сябе мацнейшымі за фізічныя патрэбы ўласнага арганізма. І як паказвае вопыт – зусім дарэмна. Дарожнае здарэнне, якое адбылося нядаўна непадалёк ад Валожына лішні раз пацвердзіла гэта. Жыхарка Эстоніі працягвала кіраваць аўтамабілем, не зважаючы на начны час і моцную стому. Яна заснула, аўтамабіль з’ехаў у кювет. У выніку ДТЗ жанчына атрымала кампрэсійны пералом пазваночніка і была дастаўлена ў хірургічнае аддзяленне райбальніцы.

Апамяталіся ў час

Нягледзячы на ўсе падставы для ўзбуджэння крымінальнай справы супраць трыццацісямігадовага жыхара вёскі Юржышкі, сталяра аднаго з дзіцячых лагераў пад Ракавам, сумнага заканчэння невялікай жыццёвай драмы ўдалося пазбегнуць. Мужчына з’явіўся з пакаяннем у тым, што напрыканцы верасня з халадзільніка аднавяскоўкі скраў прадукты на суму звыш двухсот тысяч рублёў. Падчас праверкі, якую правялі супрацоўнікі міліцыі, вінаваты цалкам кампенсаваў нанесеную шкоду. У выніку гэтага справа была закрыта. Падобная гісторыя адбылася і ў вёсцы Ганчары. Там мясцовы жыхар, які нідзе не працуе, скраў у суседзяў з паліцы ў кухоннай шафе палову мільёна рублёў. Аднак у выніку пакаяння вінаватага і кампенсацыі ім матэрыяльных страт крымінальная справа не ўзбуджана.

Пратрымаўся нядоўга

Трывожны званок паступіў у дзяжурную часць РАУС ад загадчыцы сталовай у вёсцы Гародзькі. Прыехаўшы на месца здарэння, аператыўнікі высветлілі, што невядомая асоба, разбіўшы акно, трапіла ў памяшканне сталовай і скрала адтуль таварна-матэрыяльныя каштоўнасці на суму больш за мільён рублёў. Супрацоўнікі міліцыі зафіксавалі сляды пальцаў рук злодзея і сляды ўзлому. У хуткім часе па падазрэнні ў крадзяжы быў затрыманы дваццацідзевяцігадовы жыхар вёскі Старынкі Гародзькаўскага сельсавета, які нідзе не працуе і мае неаднаразовую судзімасць. Дома ў затрыманага была знойдзена частка скрадзенага. Пасля апошняга заключэння падазроны вызваліўся зусім нядаўна.

Стратныя танцы

Больш чым двухмільённай стратай абярнулася валожынская начная дыскатэка для навучэнкі Мінскага гандлёвага каледжа. Падчас агульнай весялосці з яе сумкі, пакінутай на падаконніку, знікла значная сума грошай і мабільны тэлефон у футляры. Па факце ўзбуджана крымінальная справа.

Крымінальны аматар даўніны?

У сярэдзіне верасня невядомы злодзей незаконна трапіў у памяшканне царквы, размешчанай у вёсцы Масцішча Багданаўскага сельсавета. «Аматар» царкоўнай даўніны «перакусіў» з дапамогай інструмента пруты аконнай рашоткі і скраў з храма тры абразы. Страты склалі больш за мільён рублёў. На месцы здарэння знойдзены след пальчаткі, адбіткі пальцаў і фрагмента далоні зламысніка, сляды фарбы выкарыстанага інструмента. Вядзецца пошук злачынцы.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий