АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА КАСТРЫЧНІК 1967 ГОДА

Культура

ГАНАРОВАЕ ЗВАННЕ

Члены будаўнічага камітэта прафсаюза Івянецкай міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі ў пачатку кожнага месяца збіраюцца для падвядзення вынікаў спаборніцтва за мінулы месяц. Аб тых, хто ідзе ўперадзе, можна даведацца з дошкі паказчыкаў.

Прафсаюзная арганізацыя шырока разгарнула спаборніцтва за ўдасканаленне прафесіі, за ганаровае званне “Майстар залатыя рукі”. У мінулым годзе яно прысвоена столяру Т. І. Шунейку. Залаты ўраджай і ў сёлетнім годзе. Званне “Майстар залатыя рукі” прысвоена брыгадзіру сталярнага цэха А. А. Скарулісу, мулярам Ю. Б. Трасцянку і А. К. Паплаўскаму.

ГУДУЦЬ СТАЛЬНЫЯ ПРАВАДЫ

Хлебаробы калгаса “1 Мая” яшчэ добра памятаюць той летні дзень 1955 года, калі ў навакольных вёсках упершыню загарэлася электрычнае святло. Энергію дала Сакаўшчынская ГЭС, пабудаваная сіламі некалькіх дробных гаспадарак. Здавалася, радасці не будзе канца.

А час ішоў. Дробныя гаспадаркі аб’ядналіся ў буйную сельгасарцель “1 Мая”. Яна багацела год ад году. Вырасталі новыя фермы, склады, з’явілася мехмайстэрня. Для яе набылі новыя станкі і абсталяванне. Усё гэта патрабавала магутнай сілы току. Уласная ГЭС ужо не магла задаволіць працаўнікоў. Неабходна была яе рэканструкцыя. У калгас прыехалі электраманцёры з Маладзечна і студэнты-практыканты з БПІ. Уздоўж вясковых вуліц увачавідкі вырасталі новыя слупы, да хат працягнуліся ніткі стальных правадоў. Цяпер першамайцы атрымліваюць энергію з дзяржаўнай лініі. Гэта больш выгадна і для калгаснікаў, і для гаспадаркі. Калі раней яны маглі карыстацца электратокам 19 гадзін у суткі, то цяпер ён паступае кругласутачна.

 

ДАРАГІЯ СЭРЦУ СУСТРЭЧЫ

Расказвае Зоя Лук’янаўна Разанава, арганізатар пазакласнай і пазашкольнай работы СШ № 2 Валожына:

“У далёкім 45-м адгрымелі апошнія залпы вайны. Трэці дзясятак гадоў мы жывём у міры і спакоі. Цяперашняе пакаленне не чула залпаў гармат. Звесткі пра вайну яно чэрпае з кніг, кінафільмаў, расказаў старэйшых. Каб даведацца яшчэ больш пра вайну, у час летніх канікул вучні нашай школы адпраўляюцца ў паходы па месцах баявой і працоўнай славы. Сёлета юныя следапыты пабывалі ў паходах па двух маршрутах: Валожын – Брэст – Кобрын і Валожын – Вільнюс – Тракай. Яны паставілі перад сабой задачу: аб усім убачаным расказаць іншым. І вось нядаўна яны сабраліся на школьны злёт турыстаў. З цікавасцю праслухалі вучні расказ І. Навіцкай аб гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці. Ён суправаджаўся паказам фотаздымкаў, расплаўленых зліткаў і зямлі, на якой, здаецца, яшчэ блішчаць кропелькі крыві герояў. Багатыя здабыткі прынеслі і самі турысты. Альбомы паходаў, статуэткі-помнікі XVIII ст., зямлю з кургана бяссмерця. Усё гэта яны перадалі ў падарунак школе. У заключэнне злёту ўрачыста быў зачытаны загад аб узнагароджанні 32 удзельнікаў шматдзённых паходаў значком “Юны турыст СССР”.

ПА ШЛЯХУ ПРАЦОЎНАЙ ЭСТАФЕТЫ

Супрацоўнікі двух аддзелаў міліцыі – Нясвіжскага і Валожынскага – застылі ў цесным страі. Нясвіжцы перадаюць валожынцам працоўную эстафету, уручаюць альбом эстафеты. Тыя ж, у сваю чаргу, вітаюць гасцей кветкамі. Пасля ідзе абмеркаванне спраў, дасягненняў.

Валожынцы пазнаёмілі сваіх нясвіжскіх сяброў з гісторыяй раённай міліцыі. Госці пабывалі і на хутары Дзяржынава, дзе нарадзіўся Ф. Э. Дзяржынскі, наведалі музей Дзяржынскага і дом, дзе жыў М. Ф. Фрунзэ ў Івянцы. Затым цэлы тыдзень супрацоўнікі Валожынскага аддзела міліцыі працавалі над альбомам эстафеты. Ён атрымаўся цікавы. Тут коратка выкладзена гісторыя міліцэйскай службы раёна, дасягненні, ёсць аповед пра міліцэйскія будні.

Была і другая сустрэча. І адбылася яна ў Пухавічах. Зноў быў строй, гучаў рапарт аб прыбыцці эстафеты. Так валожынцы перадалі яе Пухавіцкаму аддзелу міліцыі. Па дарозе яны пабывалі ля гістарычнага помніка ахвярам Вялікай Айчыннай вайны ў Трасцянцы, дзе былі закатаваны 201500 мірных жыхароў і ваеннапалонных.

СПРАВЫ, ЗАДУМЫ, ПЛАНЫ

Адбылося чарговае пасяджэнне літаратурна-мастацкага аб’яднання пры рэдакцыі райгазеты. Разглядаліся арганізацыйныя пытанні. Абраны новы склад праўлення.

Удзельнікі пасяджэння заслухалі творчыя справаздачы членаў аб’яднання. Першым слова трымаў самадзейны скульптар Пётр Канстанцінавіч Скарынка. Ён расказаў аб вялікай рабоце па ўвекавечанні памяці загінуўшых у гады вайны. У гонар іх паўсталі абеліскі і манументы ў калгасах імя Куйбышава, “17 верасня”, “Чырвоны партызан”, “Праўда”. Будуць адкрыты помнікі ў сельгасарцелях імя Чарняхоўскага, імя Суворава і інш. Аўтарамі іх з’яўляюцца П. К. Скарынка і яго сын Юрый. Значным у творчых адносінах быў гэты год і для Пятра Іванавіча Біталя. У канцы года выходзіць з друку яго гістарычная паэма “Замкі і людзі”. Працягваецца плённая праца над перакладам паэмы А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Сваімі планамі падзяліліся і іншыя члены аб’яднання. Затым былі абмеркаваны і новыя творы. Свае вершы прачыталі Генадзь Антонавіч Равінскі, Міша Бацян. Казімір Камейша зачытаў паэму “Крык памяці”.

 

НОВАЕ Ў СЕЛЬСКІМ КЛУБЕ

Любіць моладзь вёскі Дзясятнікі свой клуб. Ён даўно стаў любімым месцам іх адпачынку. Тут часта наладжваюцца вечары мастацкай самадзейнасці.

А нядаўна ў клубе пачала працаваць стацыянарная кінаўстаноўка. Загадвае ёй кінамеханік Міхаіл Кузняцоў. Сельскія гледачы паглядзелі ўжо многа цікавых фільмаў. Асабліва спадабаўся ім кінафільм “Тэрмін канчаецца на світанні”.

НЯХАЙ ЖЫВЕ ДРУЖБА!

Польскія журналісты са студэнцкага часопіса “І.Т.Д.” Барбара Кусьель-Мароз – спецыяльны карэспандэнт і Ян Міхлеўскі – фотакарэспандэнт пабывалі нядаўна ў Івянцы. У польскіх гасцей было адказнае заданне – паказаць здабыткі нашай краіны за паўстагоддзе. Журналісцкі калектыў рыхтуе пра гэта спецыяльны нумар.

…Легкавая машына спыняецца каля музея “жалезнага рыцара рэвалюцыі”. Госці ў захапленні ад івянецкіх восеньскіх краявідаў. Іх гасцінна прымаюць дырэктар музея М. С. Карнееў і навуковы супрацоўнік Ю. І. Южык, запрашаюць агледзець музейныя залы. Нібы жывая легенда аб “жалезным” Феліксе паўстае перад імі. Госці засталіся вельмі задаволеныя і выказалі сваё захапленне музеем, сустрэчай са школьнікамі, якая потым адбылася. Яна аказалася настолькі цёплай, сардэчнай, што і госці, і маладыя гаспадары надоўга захаваюць памяць аб ёй у сваіх сэрцах. Гэта памяць, словы на развітанне “Няхай жыве дружба!”, аўтографы ў кнізе аб жыцці польскіх піянераў (гарцэжаў), памятныя сувеніры, уручаныя гасцям, будуць служыць яркай прыкметай доўгага сяброўства паміж двума братнімі народамі. Затым усе накіраваліся да помніка Дзяржынскаму. А наперадзе новая сустрэча – з дырэктарам школы імя Ф. Э. Дзяржынскага, старшынёй мясцовага таварыства савецка-польскай дружбы А. М. Салаўёвым. У біяграфіі гэтага чалавека ёсць старонкі, непасрэдна звязаныя з Польшчай. Ён, савецкі салдат, разам са сваімі суайчыннікамі і польскімі воінамі вызваляў яе ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Потым ён наведаў братнюю краіну і ўласнымі вачамі ўбачыў, як аднавілася Варшава. Польскія журналісты шчыра дзякавалі івянчанам за такую цёплую сустрэчу.

НЕ ПРОСТА ПЕНСІЯНЕР

Ад кузні даносіцца тонкі перастук малаткоў. Гэта працуе Павел Антонавіч Лобач. Звыш 17 год ён – каваль у калгасе “Чырвоны сцяг”. Увесь гэты час рамантаваў для гаспадаркі плугі, бароны, культыватары і іншы сельгасінвентар. Прычым, якасць рамонту заўсёды бездакорная.

Нягледзячы на пенсійны ўзрост (П. Лобачу споўнілася 65 гадоў), каваль не пакідае любімую работу. “У мяне яшчэ дастаткова сілы, каб папрацаваць каля кавадла”, – гаворыць Павел Антонавіч. У сваёй карпатлівай рабоце ён усё хоча давесці да толку. А калі ў кузні няма спраў, П. Лобач ідзе ў пятую паляводчую брыгаду, старанна выконвае даручэнні брыгадзіра. За працавітасць ветэрана працы паважаюць у арцелі.

СПАРТЫЎНАЕ СВЯТА

У гэты дзень усе вучні 5-10 класаў Івянецкай СШ імя Ф. Э. Дзяржынскага прыйшлі ў школу ў спартыўных касцюмах. Пасля ўрачыстай лінейкі яны накіраваліся на стадыён.

Тут вучні 5-8 класаў спаборнічалі ў піянерскім чатырохборстве. У 9-10 класаў было лёгкаатлетычнае мнагаборства, а яшчэ – перацягванне каната. Пасля правялі сустрэчы па футболе і валейболе. Так праходзіла традыцыйнае свята – Дзень фізкультурніка. У свяце прынялі ўдзел 586 вучняў. І 320 з іх здалі нормы комплексу ГПА. А 86 чалавек выканалі нормы спартыўных разрадаў. Потым адбыўся святочны вечар. На ім і падвялі вынікі спаборніцтваў. Тут жа ўзнагародзілі пераможцаў граматамі савета калектыву фізкультуры. Усяго былі ўзнагароджаны 72 школьнікі. Сярод 5-8 класаў 1-е месца і пераходны кубак заваяваў 6 “А” клас, сярод 9-10 класаў – 9 “Б” клас. Пасля ўрачыстай часткі пачаліся гульні, атракцыёны, танцы.

ДОМ НА ВУЛІЦЫ КАМСАМОЛЬСКАЙ

На вуліцы Камсамольскай у гарадскім пасёлку Івянец у засені старых таполяў схаваўся вялікі дом. Ён добра вядомы кожнаму жыхару пасёлка. Сотні, дзясяткі соцень людзей ведаюць яго і далёка за межамі нашага раёна.

Сюды прыязджаюць школьнікі, студэнты, рабочыя з Мінска, Маладзечна, Баранавіч, Брэста, з гарадоў РСФСР і братняй Польшчы. Гэты дом – своеасаблівы музей, сведка рэвалюцыйных падзей на Валожыншчыне. На працягу двух гадоў з 1915 па 1917 тут жыў і працаваў вядомы рэвалюцыянер М. В. Фрунзэ. Гаспадар дома А. Ф. Пупко – таленавіты мастак. Яго скульптуры многа разоў дэманстраваліся на выстаўках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і атрымлівалі высокую адзнаку. А. Ф. Пупко зрабіў і скульптуру Фрунзэ.

Старонкі газеты гартала

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий