ЖЫВІ, ДЗІЎНЫ СВЕТ НАЛІБОЦКАГА КРАЮ!

Общество

Падведзены вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу дзіцячых навукова-практычных праектаў эколага-біялагічнай тэматыкі “Празрыстыя хвалі Нарачы”, які праводзіўся з 1 чэрвеня па 7 верасня.

Ад нашага раёна на конкурс былі прадстаўлены дзве вучнёўскія работы. У намінацыі “Ініцыятыва школьнікаў у развіцці экалагічнай асветы насельніцтва” Дыплом III ступені атрымалі дзесяцікласнік Аляксей Шапуцька і дзевяцікласнік Антон Сікорскі з СШ № 1. Зараз іх работа накіравана на апошні, рэспубліканскі, этап конкурсу.

У гэтым навукова-практычным даследаванні пад назвай “Жыві, дзіўны свет Налібоцкага краю!” прадстаўлены два экскурсійныя маршруты па Налібоцкай пушчы. Першы знаёміць з багатым раслінным светам заказніка, векавымі, і гэтым унікальнымі, соснамі, дубамі, лістоўніцамі, іх прыродным узнаўленнем. Другі – раскрывае дзіўны жывёльны свет, распавядае пра такіх пушчанскіх насельнікаў, як зубры, бабры, казулі. Конкурсу папярэднічала вялікая практычная работа. Шмат інфармацыі вучні атрымалі на школьным факультатыве “Экалогія чалавека і эвалюцыя біясферы”, які наведваюць не першы год. Аднак дасканала пазнаёміцца з флорай і фаўнай мясцовасці, можна толькі непасрэдна дакрануўшыся да самой прыроды. Таму некалькі разоў былі арганізаваны выезды ў заказнік, тут, пад пушчанскімі шатамі, назапашваўся практычны матэрыял. Працуюць юнакі пад кіраўніцтвам настаўнікаў біялогіі Марыны Іосіфаўны Шапуцькі і хіміі Святланы Мікалаеўны Рубацкай. У якасці ўзнагароды школьнікі атрымалі пуцёўкі ў рэспубліканскі аздараўленчы цэнтр “Зубраня”, што на Нарачы.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий