ПРЫМАЎ ВІНШАВАННІ ХОР-ЮБІЛЯР

Официально

Дзесяць гадоў мінула з пары, калі ўпершыню на раённай сцэне заблішчэў-заззяў самародак-хор ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы”. Гэтай слаўнай даце і было прысвечана мерапрыемства, якое ў суправаджэнні гучных апладысментаў добразычлівых гледачоў прайшло ў раённым Цэнтры культуры.

Хор, які сёння налічвае 25 удзельнікаў, быў створаны ў 2002 годзе пад кіраўніцтвам працавітай, апантанай, адданай сваёй справе і надзвычай таленавітай жанчыны – харавіка-дырыжора Яўгеніі Іванаўны Харук. І ў той вечар на раённай сцэне кіраўнік заслужана прымала віншаванні ад самых розных людзей. Добрых слоў было шмат, і гаварыліся яны ад душы за тую творчую спадчыну, якой дзеляцца “Спяваючыя сэрцы” з удзячнымі слухачамі, за выканальніцкае майстэрства. Сёння ў рэпертуары хору – звыш шасці дзясяткаў шматгалосых твораў, беларускіх народных песень, здабыткаў айчынных і расійскіх кампазітараў, многія з іх слухалі на ўсемагчымых канцэртах ды святкаваннях слухачы з раёна, ацэньвалі сталых выканаўцаў і па-за межамі Валожыншчыны. Высокім прызнаннем расквечана творчасць калектыву: у 2004 годзе хор атрымаў пачэснае, самае высокае і ганаровае для самадзейных артыстаў званне “народны”. Тытулаваны калектыў ветэранаў працы – лаўрэат VIII Рэспубліканскага фестывалю “Не старэюць душой ветэраны”, дыпламант некалькіх абласных фестываляў. Насычанае ж творчае жыццё хору працягваецца. Прысутныя пераканаліся ў гэтым, дарэчы, тут жа, на канцэртна-святочнай праграме.

Віншавалі з юбілейнай датай членаў хору намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік, старшыня раённага Савета дэпутатаў М. А. Іода, даўняя сяброўка хору – кіраўнік філіяла “Белаграпрамбанка” ў Валожыне Т. Ф. Ціганіна, кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК В. Ф. Гіруць-Русакевіч… Шчырыя словы прызнання творчых заслуг калектыву даслаў у той вечар начальнік упраўлення культуры Мінаблвыканкама А. Л. Акушэвіч, Дыплом за шматгадовую плённую працу перадала дырэктар абласнога цэнтра народнай творчасці Р. І. Вайцяхоўская. А затым настаў самы ўрачысты момант мерапрыемства: узнагароджанне. Гэту ганаровую місію выканала намеснік начальніка аддзела культуры С. І. Сізова, якая неўзабаве выйшла на сцэну. Яна павіншавала самых вопытных, адданых справе членаў праслаўленага калектыву, якія ідуць з ім нага ў нагу ад самага стварэння. Падымаліся на прыступкі, каб атрымаць заслужаныя апладысменты павагі і прызнання, Марыя Шакун, Сафія Русецкая, Алег Каранеўскі, Ірына Кузьміч, Тамара і Эдуард Язерскія і многія іншыя. Ад аддзела культуры райвыканкама кожны з гэтых людзей атрымаў і падарунак.

Нарэшце прыспеў час канцэрта. Вядома ж, распачаў праграму хор-юбіляр. Пакуль самадзейныя артысты рыхтаваліся да выступлення, прысутным у зале прадэманстравалі слайды, на якіх адлюстраваны выступленні і іншыя цікавыя моманты з жыцця “Спяваючых сэрцаў”. А затым шырока і раздольна паліліся песні, у кожнай з якіх – беларуская душа. Глыбокія пачуцці і вялікае песеннае майстэрства ўкладае хор у выконваемыя творы, тым і заваёўвае сэрцы слухачоў. Так сталася і на гэты раз. А шматлікія букеты і шчырыя падзякі з глядзельнай залы былі найлепшым таму сведчаннем.

Павіншавалі сваіх старэйшых калег па сцэне і іншыя калектывы раённага Цэнтра культуры – гурт народнай песні “Сваякі” і яшчэ адно “дзецішча” Яўгеніі Іванаўны Харук, вакальны ансамбль “ВІЗаВІ”. Завяршыўся канцэрт велічнай і пранікнёнай песняй “Спявай, душа народная”. І нават калі заслона закрылася, з залы доўга яшчэ гучалі ўдзячныя апладысменты…

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота Святланы БАБРОВІЧ.

 



Добавить комментарий