КАСА – МАШЫНА КРАСА

Молодежный курьер

Жыў-быў калісьці ў старажытнай Скандынавіі магутны рыцар. Ён лёгка разрываў жалезныя кайданы і славіўся непераможным. Толькі мудрацы змаглі адолець волата, звязаўшы яго тонкай валасінкай дзяўчыны, якую той кахаў. Так распавядае гераічная балада…

Маша МАЛЯНКОВІЧ з Валожына сваёй шыкоўнай касой без намаганняў зачаруе і прывабіць любога хлопчыка. Даўжыня яе  прыгожай касы больш за метр. А варта яе распусціць, і хвалі – да калена, як у казачнай прынцэсы. Як тут юнаму рыцару не закахацца ў такую прыгажуню!? Каса Машы з адценнем бронзы – прадмет гонару і, напэўна, вялікай зайздрасці дзяўчынак-аднакласніц.

Спецыялісты падлічылі: за год волас на галаве здольны павялічыцца на 12,8 см, і тэарэтычна за чалавечае жыццё даўжыня яго магла бы дасягнуць 9-10 метраў. Машы дзевяць гадоў. Нажніц яе шавялюра не ведала з нараджэння, таму вынік поўнасцю супадае з тэорыяй навукоўцаў.

Асаблівых сакрэтаў па доглядзе за касой у Машы няма. Толькі, прызнаецца дзяўчынка, мыць валасы нялёгка: яны набіраюць ваду і становяцца неверагодна цяжкімі – тут без мамінай дапамогі не справіцца.

А яшчэ, аказваецца, каса расце хутчэй у дапытлівых. Маша шмат чытае. Па літаратуры ў стараннай чацвёртакласніцы толькі 9 і 10 балаў. Ды і не лянуецца дзяўчынка забегчы са школы ў дзіцячую бібліятэку, каб узяць чарговую кніжку ў любімым дэтэктыўным жанры. З прачытанага больш за ўсё спадабаўся Машы “Кот да Вінчы” дзіцячай пісьменніцы К. Мацюшкінай. Аб прыгодах хітрага і разумнага ката-сышчыка з прозвішчам знакамітага мастака Маша любіць чытаць уголас. У гэты час яе ўважліва слухае і матае сабе на вус хатні гадаванец сям’і Малянковічаў – кот па клічцы Барон. Толькі так, напэўна, і могуць назваць ката ў доме сапраўднай маленькай прынцэсы…

Алёна ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий