Землякоў славутыя імёны

Люди и судьбы

Валожыншчына стала малой радзімай для многіх вядомых людзей. Тут, у авеяным сівымі легендамі райцэнтры, Івянцы, Ракаве, у ціхіх вёсачках, раскінутых на прасторах пушчанскай старонкі, пачало набірацца моцы іх дрэва жыцця. Тут іх карані. Тут пачатак іх вялікай дарогі ў самастойнасць.

Адкрываючы новую рубрыку ў гэтым нумары раённай газеты, мы робім першую спробу сабраць калекцыю славутых імён нашых землякоў. Многія з іх жывуць у Беларусі, некаторыя апынуліся на прасторах СНД, нямала і тых, каго лёс закінуў у далёкія краі. Давайце ж разам з дапамогай успамінаў, пісьмаў, тэлефонных званкоў, электроннай пошты збяром яркае сузор’е гэтых імён.

Магчыма, у далейшым гэты матэрыял стане адным з новых раздзелаў чарговага тома гісторыка-хранікальнай кнігі “Памяць”, якая стараннямі творчай групы, краязнаўцаў пабачыла свет яшчэ ў 1996 годзе.

Нават кароткія біяграфічныя звесткі пра нашых славутых землякоў выклічуць бясспрэчную цікавасць у чытачоў. Спадзяемся на актыўнасць прыхільнікаў гэтага творчага праекта!

Кантактныя тэлефоны: 55-2-63, Vel. 3919813.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 

Шымон Перэс

 

Шымон Перэс

Нарадзіўся ў 1923 годзе ў Вішневе. Працаваў у створаным пасля ўтварэння Ізраіля Міністэрстве абароны.

Займаў некалькі пастоў у кабінеце Голды Меір, саступіў Іцхаку Рабіну на выбарах яе пераемніка ў 1974. У тым жа годзе Рабін прызначыў Перэса міністрам абароны. У 1977 Перэс змяніў Рабіна на пасадзе старшыні Партыі працы. У лютым 1992 на выбарах Перэс прайграў Рабіну. Калі Рабін стаў прэм’ер-міністрам, Перэс заняў пост Міністра замежных спраў. У 1993 годзе Перэс дамовіўся з Арганізацыяй вызвалення Палесціны аб стварэнні Палесцінскай аўтаноміі. Узнагароджаны Нобелеўскай прэміяй міру ў 1994 годзе. У лістападзе 1995 года ён заняў пост прэм’ер-міністра. На першых у Ізраілі прамых выбарах прэм’ер-міністра ў 1996 годзе саступіў кандыдату ад партыі Лікуд Б. Нетаньяху. Сышоў з паста лідара Партыі працы ў 1997, але застаўся членам Кнэсета (парламента). У 2001 прызначаны Міністрам замежных спраў. Перэс – аўтар больш 10 кніг, многія з якіх прысвечаны араба-ізраільскаму канфлікту.

У 2007 годзе Шымон Перэс абраны прэзідэнтам Ізраіля. У другім туры за Перэса прагаласавалі 86 (з 120) дэпутатаў Кнэсета.

Мае трое дзяцей, шасцёра ўнукаў і праўнукаў.

 

ВЯЛІЧКА Валянцін Уладзіміравіч

ВЯЛІЧКА Валянцін Уладзіміравіч

Нарадзіўся ў 1944 годзе ў вёсцы Сідараўцы Ракаўскага сельсавета. Працоўную дзейнасць пачаў у 1962 годзе  машыністам халадзільна-кампрэсарных установак Брэсцкага гармалзавода, працаваў на Гомельскім мясакамбінаце. З лістапада 1963 – на камсамольскай рабоце.

Пасля заканчэння Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС працаваў інструктарам Гомельскага абкама КПБ, сакра­таром абласнога Савета прафсаюзаў, старшынёй Савецкага райвыканкама Гомеля, першым сакратаром Савецкага РК КПБ Гомеля, намеснікам старшыні аблвыканкама, сакратаром Гомельскага абкама КПБ. Са снежня 1990 года па май 1993 года працаваў старшынёй савета аб’яднання прафсаюзаў Гомельскай вобласці. Цяпер – пасол Рэспублікі Беларусь ва Украіне.

 

 

 

КАРЗЮК Віктар Іванавіч

КАРЗЮК Віктар Іванавіч

Загадчык кафедры матэматычнай фізікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Белдзяржуніверсітэта.

Нарадзіўся ў красавіку 1945 года ў вёсцы Петрашунцы Сакаўшчынскага сельсавета. Скончыў матэматычны факультэт БДУ імя Леніна, затым аспірантуру. У 1971 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1994 – доктарскую. Прысвоена навуковае званне прафесара. У БДУ працуе з 1970 года. У 1982-1996 гадах – дэкан факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, у 1996-2001– прарэктар па навучальнай рабоце.

Апублікавана звыш 200 навуковых работ. Неаднаразова запрашаўся для чытання лекцый і абмену вопытам работы ў навучальныя ўстановы Югаславіі, Кубы, В’етнама, Алжыра, Польшчы, ЗША, ФРГ і Францыі. Заслужаны работнік адукацыі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

 

ЧАСНОЎСКІ Мечыслаў Эдвардавіч

ЧАСНОЎСКІ Мечыслаў Эдвардавіч

Нарадзіўся 18 мая 1948 года ў Коцеўшчыне Багданаўскага сельсавета. У 1972 годзе скончыў гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. У 1985-1993 гадах – намеснік дэкана гістарычнага факультэта, дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі БДУ. У 1993-1996 гадах – на дыпламатычнай рабоце ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Працаваў саветнікам, Часовым Павераным у справах Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча. З 1996 года – зноў у БДУ. Адзін са стваральнікаў факультэта міжнародных адносін, намеснік дэкана, дацэнт, а з 2001 года прафесар кафедры міжнародных адносін. З лістапада 2002 года – рэктар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Аўтар каля 80 навуковых і 13 навукова-метадычных работ.

 

 

 

КЕБІЧ Вячаслаў Францавіч

КЕБІЧ Вячаслаў Францавіч

Нарадзіўся 10 чэрвеня 1936 года ў вёсцы Канюшаўшчына Пяршайскага сельсавета. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, Мінскую вышэйшую партыйную школу. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Працаваў на Мінскім заводзе аўтаматычных ліній, дырэктарам Мінскага станкабудаўнічага завода, гендырэктарам Мінскага вытворчага аб’яднання імя С. М. Кірава, другім сакратаром Мінскага гаркама КПБ, загадчыкам аддзела цяжкай прамысловасці ЦК КПБ, другім сакратаром Мінскага абкама КПБ, намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР, старшынёй Дзяржаўнага планавага камітэта БССР, старшынёй Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, быў прэзідэнтам Беларускага гандлёва-фінансавага саюза.

Выбіраўся народным дэпутатам СССР, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь першага склікання.

Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам “Знак Пашаны”, трыма медалямі, трыма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

 

КАСЦЮЧЭНКА Сяргей Аляксандравіч

КАСЦЮЧЭНКА Сяргей Аляксандравіч

Нарадзіўся 30 красавіка 1956 года ў  Вішневе. У 1978 годзе паспяхова скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут (у наш час БДУІР). З 1973 па 1986 год працаваў навуковым супрацоўнікам вышэйназванага ўніверсітэта, затым каардынатарам навуковай дзейнасці і прарэктарам Мінскага радыётэхнічнага інстытута. У 1986 годзе стаў кандыдатам тэхнічных навук, бліскуча абараніў дысертацыю. З’яўляецца аўтарам больш 50 навуковых работ і 17 вынаходніцтваў. З 1986 па 1988 год – намеснік загадчыка аддзела навуковых і навучальных устаноў Мінскага абласнога камітэта. Прайшоў курс навуковай эканомікі ў нямецкім Вупертальскім універсітэце. З 1990 года з’яўляецца Старшынёй праўлення ААТ «Прыорбанк».

 

 

 

СОЧНЕЎ Алег Якаўлевіч

СОЧНЕЎ Алег Якаўлевіч

Нарадзіўся 22 верасня 1960 года ў Івянцы. Скончыў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ламаносава па спецыяльнасці «Фізіка». Цяпер – прафесар кафедры асваення марскіх нафтагазавых радовішчаў Расійскага дзяржаўнага ўніверсітэта нафты і газу.

Прафесійная дзейнасць: навуковы супрацоўнік Паўночнага філіяла Акустычнага інстытута імя М. Андрэева (г. Севераморск Мурманскай вобл.), затым намеснік дырэктара Мурманскага марскога біялагічнага інстытута Кольскага навуковага цэнтра Расійскай Акадэміі Навук, намеснік генеральнага дырэктара па навуцы Эколага-аналітычнага цэнтра газавай прамысловасці ААТ «Газпрам», першы намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ “Марнафтагазпраект”.

Абараніў доктарскую дысертацыю «Прынцыпы экалагічнага маніторынгу і бяспекі падчас засваення радовішчаў вуглевадародаў на арктычным шэльфе»,

Аўтар 95 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій.

 

КІШКО Уладзімір Уладзіміравіч

КІШКО Уладзімір Уладзіміравіч

 

Нарадзіўся 23 лістапада 1958 года ў вёсцы Гірбіняты былога Падбярэзскага сельсавета. Адукацыя вышэйшая, скончыў Белдзяржуніверсітэт, а ў 2002 годзе Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працаваў інжынерам спецыяльнага канструктарскага бюро Мінскага завода электронна-вылічальных машын імя Арджанікідзэ, затым інжынерам-электронікам, старшым інжынерам-электронікам цэха Крымскай АЭС, намеснікам начальніка па эксплуатацыі і абслугоўванні аўтаматызаванай сістэмы кіравання полем геліястатаў Крымскай сонечнай электрастанцыі, начальнікам аддзела па ўкараненні новай тэхнікі Крымскага інжынернага цэнтра нетрадыцыйных крыніц энергіі.

З 1995 па 2003 год працаваў намеснікам галоўнага інжынера па эксплуатацыі АСК ТП “ЦЭЦ-5” у горадзе Мінску.

З лютага 2003 годга працуе дырэктарам “ЦЭЦ-5” РУП «Мінскэнерга» канцэрна «Белэнэрга».

 

 

ДЭЙКА Ганна Канстанцінаўна

ДЭЙКА Ганна Канстанцінаўна

 

Нарадзілася ў 1954 годзе ў вёсцы Шыкуці.

У 1983 годзе скончыла Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, у 1995 годзе – Акадэмію кіравання пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Займала пасады намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю, намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама, намесніка Міністра па падатках і зборах.

З 2004 года – Міністр па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь. 4 снежня 2009 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь вызвалена ад пасады міністра па падатках і зборах (у сувязі з выхадам у адстаўку). Узнагароджана медалем «За працоўныя заслугі».

Цяпер працуе намеснікам Дзяржаўнага сакратара – членам Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы.

 

 

 

ШНІП Віктар Анатольевіч

ШНІП Віктар Анатольевіч

 

Нарадзіўся 26 сакавіка 1960 года ў Пугачах Залескага сельсавета. Скончыў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Працаваў у часопісе «Беларусь», у газеце «Наша слова», быў намеснікам галоўнага рэдактара і галоўным рэдактарам штотыднёвіка «Лiтаратура i мастацтва». Цяпер – галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая лiтаратура». Адзін з самых яркіх паэтаў Беларусі.

За кнігу паэзіі і прозы «Страла кахання, любові крыж» В. Шніпу ўручана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за 2008 год «За духоўнае адраджэнне».

 

 

 

 

 

БАЦЯН Аляксей Мікалаевіч

БАЦЯН Аляксей Мікалаевіч

 

Нарадзіўся 10 лютага 1917 года ў вёсцы Чартавічы.

Быў прызваны ў Польскае войска, у складзе якога ў 1939 годзе ўдзельнічаў у баях з немцамі. У 1941 годзе як камандзір разведвальна-дыверсійнай групы перакінуты за лінію фронту, затым у заходнія раёны Украіны і Беларусі. У 1944-м па заданні Цэнтра на чале групы здзейсніў пераход у Польшчу, маючы задачу разведаць размяшчэнне і перамяшчэнне немцаў у раёне Кракава.

З 1945 года служыў у аператыўным складзе 1-га Упраўлення (знешняя разведка) Наркамата дзяржаўнай бяспекі СССР.

У 1983 годзе ў званні палкоўніка звольнены ў адстаўку па ўзросце. Да 1989 года працягваў працаваць у органах КДБ СССР у якасці грамадзянскага спецыяліста. Валодае нямецкай, польскай і чэшскай мовамі.

Указам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі 10 мая 2007 года за мужнасць і гераізм, праяўленыя падчас аперацыі па вызваленні польскага горада Кракава ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, А. М. Бацяну прысвоена званне Героя Расійскай Федэрацыі з уручэннем медаля «Залатая Зорка». Узнагароджаны таксама ордэнам Мужнасці, мае два ордэны Чырвонага Сцяга, ордэн Айчыннай вайны I ступені, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Жыве наш легендарны зямляк у Маскве.

 

ШУНЬКО Іван Сцяпанавіч

ШУНЬКО Іван Сцяпанавіч

 

Нарадзіўся ў 1949 годзе ў Сярэднім Сяле. У 1964 годзе скончыў Дорскую школу, затым вучыўся ў Мінскім фінансавым тэхнікуме. У 1975 годзе – выпускнік Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі імя У. Куйбышава.

З 1967 года працуе ў фінансавай сістэме Рэспублікі Беларусь на розных пасадах.

З 1985 па 1990 гады – намеснік начальніка Упраўлення дзяржаўных даходаў Міністэрства фінансаў БССР. Затым пяць гадоў працаваў намеснікам начальніка Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі пры Міністэрстве фінансаў Рэспублікі Беларусь.

1 чэрвеня 1995 года прызначаны на пасаду намесніка Міністра фінансаў Рэспублікі Беларусь.

 

 

РАДЫНА Якаў Валянцінавіч

РАДЫНА Якаў Валянцінавіч

 

Нарадзіўся 1 снежня 1946 года ў вёсцы Брылькі. Скончыў Белдзяржуніверсітэт імя Леніна, аспірантуру. Абараніў доктарскую дысертацыю. У 2004 годзе стаў членам-карэспандэнтам НАН Беларусі.

У БДУ працуе з 1972 года. Неаднаразова запрашаўся ва ўніверсітэты Аўстрыі, Алжыра, Балгарыі, Канады, Польшчы, Славакіі, Францыі, Швейцарыі, Швецыі для выкладчыцкай і навуковай работы. Аўтар больш за 150 навуковых работ, 10 кніг, манаграфій, падручнікаў. Загадвае кафедрай функцыянальнага аналізу механіка-матэматычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.

Пад навуковым кіраўніцтвам Я. В. Радыны абаронена 15 кандыдацкіх дысертацый. Яго праца адзначана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі, Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі».

 

 

 

КІПКЕЕЎ Руслан Курманавіч

КІПКЕЕЎ Руслан Курманавіч

 

Нарадзіўся 21 чэрвеня 1949 года ў Пяршаях у сям’і вясковых настаўнікаў. У 1966 паступіў у Разанскі радыётэхнічны інстытут. У 70-я гады працаваў інжынерам-тэхнолагам Карачаеўскага завода, затым – сакратаром Карачаеўскага гаркама ВЛКСМ, у арганізацыйным аддзеле Стаўрапольскага крайкама камсамола, першым сакратаром Карачаева-Чэркескага абкама ВЛКСМ. Затым быў першым сакратаром Малакарачаеўскага райкама КПСС, сакратаром Карачаева-Чэркескага абкама КПСС. У 1985 годзе скончыў завочна Вышэйшую партыйную школу ў Растове-на-Доне. З 1989 года жыве ў Маскве. Працаваў у Цэнтральным камітэце КПСС, у пачатку 90-х гадоў – кіраўніком сектара ў Апараце Прэзідэнта СССР, саветнікам у Маскоўскай мэрыі.

З 1993 па 2003 гады быў заснавальнікам і камерцыйным дырэктарам прыватных фірмаў. Цяпер на пенсіі. Займаецца грамадскай дзейнасцю, памочнік члена Савета Федэрацыі Расійскай Федэрацыі. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».

Жанаты, мае дваіх дзяцей, аднаго ўнука.

 

АРБЕНІНА Дыяна Сяргееўна

АРБЕНІНА Дыяна Сяргееўна

 

Нарадзілася 8 ліпеня 1974 года ў Валожыне. Маці, Галіна Анісімаўна, і бацька, Сяргей Іванавіч Кулачэнкі, у свой час працавалі журналістамі ў раённай газеце “Працоўная слава”. Калі Дыяне было 3 гады, сям’я пераехала ў Барысаў, а затым – у Расію, на Далёкі Усход. Дыяна вучылася ў Магаданскім педінстытуце (факультэт замежных моў); у 1994-1998 – у Санкт-Пецярбургскім універсітэце (філалагічны факультэт, аддзяленне «руская мова як замежная»).

Свае першыя песні пачала пісаць у 1991 годзе. У прыватнасці, 1991 годам датуецца адна з самых вядомых яе песень – «Рубеж». Са жніўня 1993 года Д. Арбеніна лідар групы «Начныя снайперы», з’яўляецца аўтарам большасці песень з рэпертуару гэтага калектыву. Аўтар больш за 150 песень і некалькіх дзясяткаў вершаў.

Пасля сыходу з «Начных снайпераў» Святланы Сурганавай у 2002 годзе Дыяна Арбеніна з’яўляецца адзінай вакалісткай гэтага калектыву.

Замужам. Выхоўвае дзяцей-двайнятак.

КРЫШТАПОВІЧ Міхаіл Васільевіч

КРЫШТАПОВІЧ Міхаіл Васільевіч

 

Нарадзіўся 22 красавіка 1956 года ў вёсцы Брылькі.

Скончыў Кастрамскі тэхналагічны інстытут, атрымаў спецыяльнасць інжынера, механіка-тэхнолага. Затым вучыўся ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, юрыст.

Працоўную дзейнасць пачаў рабочым Валожынскага масласырзавода. Пасля службы ў радах Узброеных Сіл працаваў вучнем слесара Валожынскага льнозавода. Быў майстрам кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі Крупскага льнозавода, галоўным інжынерам Валожынскага льнозавода, дырэктарам Нясвіжскага льнозавода, дырэктарам ААТ «Нясвіжскі льнозавод».

Цяпер працуе дырэктарам ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» у Нясвіжскім раёне.

Быў членам дэлегацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *