Касалапыя «працаўнікі» са Смаргоні

Культура

ЧАТЫРОХНОГІЯ НА БУДАЎНІЦТВЕ
Валожынскі касцёл Святога Юзафа пабудаваны ў 1816 годзе ў стылі класіцызму на месцы знішчанага пажарам драўлянага храма, закладзенага тут яшчэ ў канцы ХVII стагоддзя разам з кляштарам бернардзінцаў гетманам польным літоўскім, каштэлянам віленскім Юзафам Багуславам Слушкам. Будынак касцёла вытрыманы ў строгіх формах класічнай архітэктуры Старажытнай Грэцыі. Магутны падмурак храма – гэта ўрэзаны ў адхон пагорка подыум з валуноў, які ўзвышае будынак над плошчай. Даўжыня касцёла – 57 метраў, шырыня – 26, вышыня – 18 метраў.
Існуе легенда, па якой дапамагалі будаваць касцёл… касалапыя «працаўнікі» са Смаргоні. Іх пасля “заканчэння” Смаргонскай мядзведжай акадэміі накіроўвалі сюды на працу. Кажуць, што мядзведзі цягалі цяжкія камяні да святыні. Калі яны чулі сігнал “на абед”, дзе б ні былі, кідалі сваю ношу і спяшаліся ў імправізаваную “сталовую”. Праўда гэта ці выдумка? Давайце разбяромся.
ЦЫГАНЫ – ПРАФЕСАРЫ, МЯДЗВЕДЗІ – СТУДЭНТЫ
«Смаргонская акадэмія» – жартоўная назва школы дрэсіроўкі мядзведзяў, заснаванай князямі Радзівіламі ў XVII стагоддзі ў мястэчку Смаргонь.
Аднак у 1622 годзе, калі мястэчка яшчэ належала Зяновічам, у Смаргоні была вуліца з назвай Скамарохавая (пасля Мядзведская), і пражывалі там людзі з прозвішчам Скамарох. Гэта дазваляе выказаць здагадку, што падобны промысел існаваў у Смаргоні і да Радзівілаў.
У пісьмовай крыніцы згадванне аб «акадэміі» ўпершыню сустракаецца ў другой палове XVII стагоддзя. Французскі манах-езуіт Піліп Аўрыль, які падарожнічаў па Рэчы Паспалітай у 1687-1689 гадах, запісаў:
«…Мне паказалі таксама акадэмію, дзе дрэсіруюць мядзведзяў. Селішча, у якім яны вучацца гэтым вядомым практыкаванням, каб потым паказваць іх з такім спрытам і нават кемлівасцю, завецца Смаргонню…»
Апісваючы знаходжанне ў Смаргоні ў лютым 1708 года шведскага караля Карла XII і польскага караля Станіслава Ляшчынскага, удзельнік гэтых падзей гісторык У. Недберг сцвярджае:
«…Што да гэтага горада, то ён даволі вядомы тым, што ўсе мядзведзі, якія танчаць і ходзяць па свеце, маюць тут сваю вышэйшую школу і сапраўдны прытулак…»
Асаблівага росквіту «акадэмія» дасягнула пры Каралі Станіславе Радзівіле па мянушцы Пане Каханку, які валодаў Смаргонню ў 1762-1790 гадах. Ён прызначыў кіраўніком «акадэміі» «барона» літоўскіх цыганоў Яна Марцінкевіча. Той набраў групу з 20 цыганоў, якія жылі і працавалі ў школе. У перыяд росквіту ў «акадэміі» дрэсіравалі адначасова да 10 мядзведзяў і некалькі малпаў. Малпаў закупляў і дасылаў князь, а мядзведзяў дастаўлялі з мясцовых лясоў, прывозілі з Жупранскай і Налібоцкай пушчаў. Акрамя ўласных выхаванцаў, «вучыцца» прымаліся мядзведзі і ад пабочных асоб. Тыя павінны былі заплаціць за працу, сілкаванне і пражыванне дрэсіроўшчыка.
ТАНЦЫ ПАД БУБЕН
У былыя часы за мястэчкам Смаргонь адразу ж пачынаўся густы хваёвы лес, які цягнуўся на шмат сотняў кіламетраў ва ўсе бакі. Мясцовасць была раўнінная, але ў некалькіх кіламетрах ад мястэчка знаходзілася да дзесятка даволі высокіх груд, якія мясцовыя сяляне назвалі «французскімі грудамі».
Акадэмік Я. Тарле ў «Гісторыі Напалеона» паказвае, што менавіта пад Смаргонню была апошняя на тэрыторыі Расійскай імперыі стаянка Напалеона з яго штабам. Тут ён спаліў свае сцягі і, кінуўшы маршалаў і некалькі дзесяткаў гвардзейцаў, на простых санях адправіўся праз Вільню ў Францыю.
…Калі вясной у лясах адлоўлівалі медзведзянят, іх цэлымі дзесяткамі групавалі каля гэтых груд. Там і знаходзілася «акадэмія», на грудах, у раёне цяперашняй Смаргонскай раённай бальніцы, дзе былі ўзведзены адмысловыя будынкі і манежы. У вяршыні груда рылі глыбокую (да трох метраў) яму, на палову яе глыбіні апускалі жалезную клетку з медным дном і ў яе садзілі па два-тры медзведзяняты. У яму клалі галлё і ламачча, якія падпальвалі. Дно клеткі, дзе знаходзіліся звяры, паступова награвалася і медзведзяняты вымушаны былі ўставаць на заднія лапы, на якія загадзя ім надзявалі лапці, а пярэднія лапы заставаліся неабароненымі. Калі станавілася асабліва горача, мядзведзі пачыналі пераступаць з нагі на нагу, і ў гэты час дрэсіроўшчык біў у бубен. Так было штодня на працягу месяца-двух. Потым медзведзянят выводзілі з клеткі на волю і працягвалі практыкаванні з бубнам. Пры першых жа ўдарах яны станавіліся на заднія лапы і пачыналі пераступаць з лапы на лапу. За гэта атрымлівалі заахвочванне ў выглядзе кавалка хлеба або морквы. Так маладых мядзведзяў вучылі «танцаваць».
Па іншай версіі школа ўяўляла сабой «асаблівае каменнае збудаванне», у якім «каменная падлога другога паверха награвалася печчу з ніжняга паверха».
Прывучыўшы медзведзянят стаяць на задніх лапах і пераступаць з адной лапы на другую пад гукі бубна і ражка, пераходзілі да наступнага этапа дрэсіроўкі: дужацца, кланяцца і г. д. Такім чынам, ужываючы метад «бізуна і перніка», адпрацоўваліся трукі. Навучанне доўжылася каля 6 гадоў, уключаючы трэніроўкі, якія праводзілі пасля вяртання «мядзведнікаў» са сваімі выхаванцамі на зімоўку.
ГІСТАРЫЧНЫ ЗАПІС
У снежні 1812 года падчас адступлення французскіх войскаў у Смаргоні ў хаце аднаго з мядзведнікаў начаваў польскі афіцэр Гэнрык Брандт, які пакінуў у сваіх мемуарах падобнае апісанне працэсу дрэсіроўкі мядзведзяў:
«…У прасторным памяшканні робяць загародку ў форме круга, са сценамі досыць высокімі, каб мядзведзь не мог праз іх пералезці, і тоўстымі, каб ён не змог іх разбурыць. Падлога зроблена такім чынам, што яе можна награваць. Тады туды ўводзяць маладога мядзведзя ў драўляных сандалях на задніх лапах, і, натуральна, распаленая падлога паліць яму падэшвы пярэдніх лапаў. Тады мядзведзь падымае пярэднія лапы ўверх і спрабуе абаперціся імі аб сцяну, але яго адганяюць. І робяць гэта датуль, пакуль бедная жывёліна не навучыцца стаяць на задніх лапах, хадзіць і выконваць па загаду іншыя штукі. У нейкі момант мядзведзь губляе цярпенне і робіць ашалелы напад на «кафедру настаўніка», але яго сустракаюць там кіем і прымушаюць адумацца. Як толькі мядзведзь навучыцца стаяць і хадзіць, яму ўводзяць у нос колца – як падрыхтоўку да вышэйшых курсаў, гэта значыць, да навукі танца пад гукі бубна і ціўкалкі, а пасля заканчэння адукацыі звер адпраўляецца ў вандраванне па Еўропе ў суправаджэнні аднаго з настаўнікаў…»
НАЛІБОЦКІЯ ПАТАПЫЧЫ
Ў ТУРНЭ ПА ЕЎРОПЕ
Увесну павадыры разам з абучанымі мядзведзямі адпраўляліся на заробкі па кірмашах Еўропы. У нямецкіх, французскіх і іншых крыніцах інфармацыі можна сустрэць указанне, што выхаванцы Смаргонскай акадэміі былі частымі гасцямі на кірмашах Прусіі, Баварыі і Эльзаса. Цікава, што ў Венгрыі мядзведзь з павадыром з’яўляецца як бы неад’емнай часткай любога кірмашу і любога сельскага свята, у мінулым стагоддзі таксама сустракаліся мядзведзі са Смаргонскай акадэміі. Увосень, да дня Усіх Святых яны вярталіся назад у Смаргонь. Мядзведзям будаваліся лежні з лісця і яловых лапак, у якіх звяры заставаліся да сярэдзіны лютага. Разам з восеньскім вяртаннем у Смаргонь надыходзіў час выплаты мядзведнікам іх заробку, збор з іх усталяваных «баронам» выплат на ўтрыманне «акадэміі» або плата за страту мядзведзя ці малпы.
Пасля смерці Караля Станіслава Радзівіла і ўваходжання беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі «акадэмія» паступова прыходзіць да заняпаду. Праіснавала яна да канца XVIII стагоддзя, па іншых звестках – да пачатку XIX стагоддзя. Верагодна, канчаткова мядзведжы промысел згас у Смаргоні пасля ўказу Сената аб забароне мядзведжай камедыі ў 1870 годзе.
Касцёл наш быў пабудаваны ў 1816 годзе. Паколькі вучні «акадэміі» да таго часу ўсё радзей блукалі па Расіі і Еўропе са сваімі цыркавымі праграмамі і часцей сядзелі без справы, можна выказаць здагадку, што граф Тышкевіч не выпадкова “запрасіў” іх у Валожын папрацаваць на будаўніцтве.

Матэрыял да друку падрыхтавала Алена ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий