Общество

Першую настаўніцу нездарма называюць другой матуляй. Яна знаёміць маленькіх гарэз, якім так складана развітвацца з бесклапотным дзяцінствам, з новым вялікім домам пад назвай школа. І наколькі ўтульна і камфортна будзе тут дзецям, залежыць таксама ад яе.

Настаўніца пачатковых класаў Наталля Віктараўна УЛІЧ – педагог з 28-гадовым стажам, не адно пакаленне малых увяла ў цікавае і незвычайнае школьнае жыццё. Шмат гадоў яна займаецца і экалагічным выхаваннем малодшых школьнікаў, мае аўтарскую кнігу. Адзіным і любімым месцам працы для яе стала Ракаўская СШ. Для 14 вучняў, якія сёлета прыйшлі ў 1 “А” клас да Наталлі Віктараўны, усё тут новае. Шмат адкрыццяў належыць зрабіць юным выхаванцам і на працягу года. І заўсёды побач з імі будзе іх любімая настаўніца. А пакуль яны спасцігаюць напісанне першых літар і вымаўленне складоў, беражліва гартаюць на ўроках кнігу “Беларусь – наша Радзіма” – падарунак Прэзідэнта. Менавіта там можна пабачыць нашы прыгожыя краявіды, пазнаёміцца са славутымі паэтамі, пісьменнікамі, касманаўтамі, спартсменамі. А Наталля Віктараўна – іх першы гід у падарожжы па роднай зямлі.

Тэкст і фота Святланы СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий