ШТО Ў СЭРЦЫ ТВАІМ, ЧАЛАВЕК?

Закон и порядок

ці Гісторыя забойства пад Івянцом

У першы красавіцкі дзень у дзяжурную службу РАУС паступіла паведамленне, што на абочыне «гравейкі» паміж вёскамі Манькаўшчына і Кіявец знойдзены абгарэлы труп. Спачатку супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку палічылі гэта няўдалым першакрасавіцкім жартам, але ж, на жаль, бяда аказалася сапраўднай.

З першага погляду магло падацца, што высвятленне таго, што ж адбылося ноччу на закінутай дарозе, пошук вінаватых можа заняць шмат часу. За што «зачапіцца» следчым у голым полі, калі нават апазнаць памерлага немагчыма? Але ж тыя, хто паводле службы часта сутыкаюцца з сур’ёзнымі злачынствамі, добра ведаюць – існуе вышэйшая справядлівасць, паводле якой само жыццё дапамагае адшукаць злачынцу. Крыміналістам трапіўся на вочы ўтаптаны ў дарожны пясок касавы чэк, датаваны мінулым днём. Ён і стаў адпраўным пунктам.

Скарыстаўшы інфармацыю, адлюстраваную на чэку, следчыя рушылі ў магазін, размешчаны ў Івянцы. Запісы з камер назірання разам з пералікам набытага, што так дарэчы быў надрукаваны на чэку, дазволілі вызначыць тых, хто рабіў пакупку. У адным з пакупнікоў жыхары Івянца лёгка пазналі свайго суседа… Праз пяць няпоўных гадзін з тога моманту, калі на дзяжурным пульце РАУС было прынята паведамленне аб «сумнай знаходцы», злачынцу затрымалі.

Жылі ў Івянцы два чалавекі. Абодва – маладыя мужчыны, гаспадары ўласных сем’яў, бацькі некалькіх дзяцей. Так выпала, што ўчасткі, на якіх яны адбудоўвалі свае сямейныя гнёзды, стаялі побач. Так і пасябравалі. Аляксей (ад рэдакцыі: імёны ўсіх удзельнікаў падзей і некаторыя факты зменены) з сям’ёй прыехаў у пошуках лепшай долі з Віцебскай вобласці, працаваў механізатарам у мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Канстанцін – родам з Івянца, працаваў у адной з мясцовых устаноў адукацыі тэхнічным работнікам. Жылі па-суседску, ніколі не адмаўлялі адзін аднаму ў парадзе і дапамозе. Ніхто і ўявіць не мог, што ў хуткім часе аднаму будзе наканавана стаць ахвярай, другому ж – забойцам.

Аднаго дня жонка Аляксей папрасіла суседа адвезці яе ў адну з вёсак суседняга сельсавета да варажбіткі. Нешта падштурхнула маладую жанчыну шукаць такога ненадзейнага рашэння жыццёвых праблем. Канстанцін з ахвотаю пагадзіўся. Суседка пайшла ў хату да «вясковага экстрасэнса», вадзіцель жа застаўся чакаць у машыне. Праз кароткі час «прыём» закончыўся, варажбітка выйшла на ганак правесці наведвальніцу і заўважыла будучага забойцу. Пільна глянуўшы на яго, шматзначна схіліла набок галаву, прамовіла: «Хадзі да мяне, у цябе таксама ёсць праблемы…»

Невядома, у які момант і чаму ў душы Канстанціна не спрацаваў нябачны «засцерагальнік». Але ж раптоўна мужчына пачаў думаць і паводзіць сябе зусім не так, як спрадвеку лічылася пачэсным на нашай зямлі. Калі пошукі «зачараванай» іголкі, вінаватай ва ўсіх «бедах» сям’і, нічога не далі, маладзён вырашыў перанесці сваю ўвагу на лепшага сябра. Паступова ў галаве будучага злачынцы пачаў саспяваць план – патрэбна было не толькі адпомсціць, але ж і перапыніць дзеянне «цёмных сіл».

Напярэдадні ночы забойства Канстанцін «па-сяброўску» запрасіў суседа ў вясковую лазню да сваіх бацькоў. Заехалі ў магазін – той самы, дзе аператыўнікі пасля знайшлі відэазапіс, які «выдаў» забойцу – за півам і арэшкамі, рушылі з Івянца на вёску. Ці мог Аляксей ведаць, што ў багажніку ўжо ляжыць стос ручнікоў, каністра бензіну і кавалак металічнай трубы, што сусед ужо дамовіўся з кампаніяй маладых людзей, якія абяцалі дапамагчы з ім «разабрацца»?..

Калі машына раптоўна спынілася, крыху не даехаўшы да вёскі Камень, там ужо чакаў гурт юнакоў нападпітку з цяжкімі металічнымі пруткамі ў руках.

Збівалі Аляксея, звязвалі яму рукі і грузілі ў багажнік не ўсёй камандай – толькі двое, тыя, хто ў хуткім часе будзе пазбаўлены волі на вызначаны судом тэрмін, не адчувалі ніякага дакору сумлення. Нехта з сяброў гучна заяўляў, што не ўдзельнічае ў тым, што адбываецца, хтосьці нават спрабаваў утаймаваць «баявікоў». Відавочна, усё гэта было прынята да ўвагі судом, бо толькі трэцяя частка кампаніі апынулася на лаве падсудных. Але ж ніхто з тых, хто ў хуткім часе ізноў вярнуўся за святочны стол, выдатна памятаючы збітага, звязанага чалавека, жорстка закінутага ў багажнік, не паклапаціўся пра яго лёс, не выратаваў ад смерці, хаця меў да гэтага рэальную магчымасць. Галоўныя ж «выканаўцы», напэўна, былі задаволеныя сабой.

Тое, што адбывалася далей, назаўсёды застанецца на сумленні аднаго толькі забойцы. І тое, як ён збіваў ахвяру, скурчаную ў багажніку, і як паліваў былога сябра бензінам, патрабуючы паведаміць, дзе той схаваў «зачараваную» іголку, і тое, як пакінуў ляжаць атручанага бензінавай парай Аляксея ў багажніку загнанай у гараж машыны аж да самай ночы. Гэтак сама, як і ўсё астатняе аж да тога моманту, калі мёртвае абгарэлае цела засталося ляжаць на абочыне прасёлкавай дарогі. Пытанне толькі ў тым, ці зразумее Канстанцін, што зрабіў – судовыя эксперты прызналі яго неадэкватным з медыцынскага пункту гледжання. Ніхто не раскажа, ці то быў ён гэткім і раней, ці то здзейсненае зло пазбавіла яго памяці. Гэтак сама, як ніхто не зможа растлумачыць траім дзецям забітага, за што загінуў іх тата.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий