Скарбонка падвяла

Закон и порядок

«Захоўвайце грошы ў ашчаднай касе!» – услед за старым савецкім лозунгам казаў герой папулярнай кінакамедыі. Але ж з пэўнага часу людзі старэйшага пакалення сталі больш давяраць «старой добрай скарбонцы». Але ж і гэты выпрабаваны сродак, як паказалі падзеі, што адбыліся ў вёсцы Капусціна, часам падводзіць. Адкладзенага «на чорны дзень» запасу не дашукалася тамтэйшая васьмідзесяцігадовая жыхарка. Не заглядаючы ў схованку на працягу апошніх трох месяцаў, яна нават не заўважыла, калі і як адтуль зніклі шэсцьсот долараў і каля мільёна рублёў. Усё, што ўдалося знайсці ахоўнікам правапарадку на месцы здарэння, гэта пара адбіткаў пальцаў зламысніка, адшукаць якога ўдалося літаральна праз некалькі дзён у выніку праведзенага расследавання. Злодзеем аказаўся дваццацігадовы, раней судзімы аднавясковец пацярпелай.

Самагонныя страсці

Цэлая чарада дробных эпізодаў адвечнай гісторыі пра самагоншчыкаў зафіксавана работнікамі правапарадку ў апошні час. Так факты набыцця самаробнага незаконнага алкаголю выяўлены ў вёсках Гародзькі, Пяршаі, Альшанка (Багданаўскі сельсавет), Выганічы і Ракаў. У двух апошніх выпадках удалося адшукаць і прадаўцоў. У адным з двароў вёскі Альшанка знойдзены самагонны апарат, у хмызняку ж паблізу вёскі Букатова Вішнеўскага сельсавета – яшчэ і каля 700 літраў брагі. Увесь незаконны алкаголь і прыстасаванні для яго вырабу знішчаны, на вінаватых складзены адміністрацыйныя пратаколы.

Тры грамы «дурасці»

Узбуджэннем крымінальнай справы скончыўся пошук лёгкага вырашэння ўсіх праблем дваццацігадовым жыхаром Івянца, у кішэнях якога міліцыянеры знайшлі амаль тры грамы марыхуаны. Невядома, ці затрыманы збіраўся сам спажыць наркотык, ці меў намер яго продажу. Так ці інакш, але ж у выніку ў правапарушальніка можа ўзнікнуць яшчэ адна сур’ёзная праблема ў выглядзе адпаведнага артыкула крымінальнага кодэкса.

Не падзялілі дарогу

Кур’ёзным можна было б назваць дарожнае здарэнне, што адбылося нядаўна ў Валожыне, каб адзін з яго ўдзельнікаў не трапіў на шпітальны ложак. Трыццацічатырохгадовая жыхарка райцэнтра, якая знаходзілася за рулём аўтамабіля «Мэрсэдэс», робячы паварот, па нейкай прычыне не саступіла дарогу сустрэчнаму скутару, які паводле правіл дарожнага руху меў перавагу. У выніку вадзіцель скутара, шасцідзесяцігадовая жанчына, атрымала некалькі пераломаў і была дастаўлена ў хірургічнае аддзяленне райбальніцы.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий