Рэспубліканскі геалагічны помнік прыроды ВАСЬКАЎ КАМЕНЬ (АЎГУСТОЎСКІ)

Культура

знаходзіцца за 4 км на паўночны захад ад Валожына.

За 1 км на паўночны захад ад Аўгустова і за 2 км на ўсход ад Крыніцы, на паўднёвым схіле марэннай грады ў лесе захоўваецца буйная камлыга.

Даўжыня яе доўгай восі роўна 3,85 м, кароткай – 3,20, вышыня – 1,70, абвод – 11,0 м, аб’ём – 11,1 м3, вага – 29,4 т.

Відаць, што першапачатковыя памеры калмыгі былі больш значнымі, паколькі паверхня яе мае сляды разбурэння, а побач рассеяна шмат адломкаў рознай велічыні. Прынесена ледавіком з паўночна-заходняй часткі Ленінградскай вобласці Расіі прыкладна 220-150 тыс. гадоў таму ў часы сожскай стадыі дняпроўскага зледзянення. Абвешчана геалагічным помнікам прыроды 22.12.1988.

Камлыгу называюць яшчэ і Васькаў камень.

Па расказах мясцовых жыхароў, штогод ля яе сяляне раней адзначалі свята збору ўраджаю. Падчас палявых даследаванняў у вёсках Крыніца і Філіпіняты задалося выявіць, што гэтая камлыга таксама мае назву Чортаў камень. Апавядаюць, што раней тут жыў чорт, які добра шыў адзенне – варта было пакласці на камень манету, як назаўтра рэч будзе гатовая. Хутчэй за ўсё ў далёкія язычніцкія часы гэтая камлыга была месцам пакланення нашых продкаў, але з прыходам хрысціянства камень быў пракляты і яму была дадзена назва “Чортаў” дзеля таго каб адахвоціць насельніцтва ад язычніцкай рэлігіі.

Узровень радыеактыўнага выпраменьвання камлыгі складае 36,6 пры ўзроўні навакольнага асяроддзя 16,0 мікрарэнтген у гадзіну.

 

ДУБ ВЕЛІКАН

Батанічны помнік прыроды мясцовага значэння «ДУБ ВЕЛІКАН»

знаходзіцца ў квартале № 9  Пяршайскага  лясніцтва.

Гэта дрэва ўнікальнае па сваёй каштоўнасці, а таму знаходзіцца пад асаблівай аховай. Забараняецца яго знішчаць, высякаць ля яго хмызняковую расліннасць,пракладваць паблізу новыя дарогі, праводзіць работы, якія б маглі парушыць эстэтычныя якасці і натуральны стан дуба.  Нельга скідваць сцёкавыя воды, праводзіць меліярацыйныя мерапрыемствы, парушаць  натуральны стан  глебы, займацца ўсім тым, што пагражала б захаванню помніка прыроды.

Дуб мае шаноўны ўзрост. Па меркаванні спецыялістаў ён  дасягнуў 250 гадоў.

Пладаноснасць дрэва здавальняючая, аднак самасеву не назіраецца.

Вышыня дуба дасягае 27 метраў, дыяметр ствала –130 сантыметраў, акружнасць на вышыні 150 сантыметраў складае 375 сантыметраў.

Крона больш развіта ў паўднёвы бок. Яе памеры вызначаюцца наступнымі паказчыкамі: з поўначы на поўдзень – 12 метраў, з захаду на ўсход – 10,5    метра. Жыццёвасць дрэва – 4 балы. Вакол дуба растуць асіны, бярозы, елкі.

Агульная плошча помніка прыроды – 452 м2.

Мяжой  з’яўляецца лінія, умоўна праведзеная па праекцыі кроны дрэва.

Гэты помнік прыроды размешчаны ў 0,45 кіламетра на поўдзень ад вёскі Галубы і ў 0,07 кіламетра на поўнач ад ракі Іслач.

 



Добавить комментарий