У ЗОНЕ ПАВЫШАНАЙ УВАГІ

Общество

“Круглы стол”, які ў рамках месячніка “Белая тросць” прайшоў у цэнтральнай раённай бібліятэцы, быў прысвечаны абмеркаванню надзённых праблем інвалідаў.

Сёння ў раёне каля 250 людзей маюць сур’ёзныя парушэнні зроку. На мерапрыемстве, дзе прысутнічалі прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, цэнтральнай раённай бальніцы, аўтапарка № 14 і некаторых іншых раённых служб і ведамстваў, быў агучаны шэраг хвалюючых пытанняў і выпрацаваны канкрэтныя шляхі дапамогі. У прыватнасці, гаварылася пра далейшую работу па заніжэнні бардзюраў на пешаходных пераходах, абрэзку голля дрэў у тратуарнай зоне, устаноўку поручняў на прыступках магазіна “Мерыдыян” у мікрараёне Сельгастэхніка райцэнтра. Цікавіліся людзі рэгулярнасцю рэйсаў гарадскога аўтобуса, прасілі дапамогі ва ўстаноўцы прыпыначнага павільёна каля бальніцы. Паступіла просьба і ў адрас аддзялення ДАІ: члены раённай арганізацыі “БелТІЗ” чакаюць садзейнічання ў арганізацыі прыпынку гарадскога транспарту на плошчы Свабоды. Часта з-за шчыльна прыпаркаваных аўтамабіляў аўтобус спыняецца далёка ад прызначанага месца і трапіць да яго, асабліва невідушчаму чалавеку, цяжка.

Абмяркоўвалася ў час мерапрыемства неабходнасць афарбоўкі ў яркія колеры першай і апошняй прыступак перад уваходам у адміністрацыйныя і гандлёвыя ўстановы, а таксама забеспячэнне інвалідаў спецыяльнымі танометрамі з гукавым апавяшчэннем. У час “круглага стала” ўзнімаліся і некаторыя іншыя пытанні, многія вырашаліся на месцы.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий