БАР’ЕР ГРЫПУ

Общество

Вакцынацыя супраць грыпу лічыцца эфектыўным спосабам умацавання здароўя. Пра меры перасцярогі своечасова паклапаціліся і многія жыхары нашага раёна.

Прышчэпкі супраць грыпу напярэдадні эпідэмічнага сезона зрабілі ўжо больш за 9 тысяч чалавек. Сярод вакцынаваных 27,4 працэнта складае дарослае насельніцтва. Абаронены ад гэтай небяспечнай сезоннай хваробы і многія дзеці. Ужо каля тысячы з іх прайшлі вакцынацыю.

На многіх прадпрыемствах прафілактычныя мерапрыемствы прайшлі арганізавана дзякуючы клопату адміністрацыі. У ліку такіх СП “Івкон” і некаторыя іншыя ўстановы.

Грып небяспечны не толькі сам па сабе, ён пакідае і шлейф праблем у выглядзе рознага роду ўскладненняў, парушэнняў функцыянавання жыццёва важных органаў чалавека.

Пытанню вакцынацыі насельніцтва не выпадкова надаецца вялікая ўвага і на дзяржаўным узроўні. Адна з праяў такога клопату – выдзяленне грашовых сродкаў на набыццё вакцыны супраць грыпу. У прыватнасці, з рэспубліканскага бюджэту сёлета ў раёне аплачаны кошт 5435 доз прафілактычных медпрэпаратаў. Дзякуючы мясцоваму бюджэту закуплена 7440 доз. Прадпрыемствамі раёна аплачаны расходы на выкарыстанне 155 супрацьэпідэмічных доз.

Некаторыя грамадзяне па ўласнай ініцыятыве аплацілі кошт вакцыны і зрабілі прышчэпку ў аптымальныя тэрміны. Бо жыццёвая практыка іх пераканала, кошт вакцыны намнога таннейшы, чым увесь набор патрэбных лекаў. А калі небяспечная хвароба ўжо ўзяла ў свае ціскі, без візіту да ўрача і ў аптэку ўжо не абысціся. Таму лепш перастрахавацца!

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий