Яшчэ адзін любімы кут песняра

Люди и судьбы

3 лістапада спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа.

Толькі што я вярнуўся з майстэрні вядомага скульптара, народнага мастака Беларусі Івана Міско. Ён закончыў мемарыяльную шыльду Якубу Коласу, якая ў юбілейныя дні будзе ўсталявана ў Вільнюсе. Цяпер жа даводзіць да ладу другую – ужо не з бронзы, а з граніту – памятную дошку песняру, са словамі: “У гэтым доме ў 1953-1956 гг. неаднаразова спыняўся народны паэт Беларусі Якуб Колас”.

Шыльда павінна з’явіцца на сцяне адной з хат у невялікай вёсцы Палачанка Валожынскага раёна. Дагледжаная хата гэта з прыгожым палісаднікам стаіць ускрай вёскі на невялікім пагорку пры заасфальтаванай дарозе, ля якой крыху зводдаль асталяваліся ажно пяць вялікіх дзіцячых летнікаў. Значыць, будзе каму не толькі яшчэ раз згадаць славутую асобу песняра і яго творчасць, але і прасякнуцца пачуццём гордасці за мясціны, дзе прайшоў летні адпачынак. Не раз тут прыпыняцца і турыстычныя аўтобусы, якіх усё штораз больш заўважаецца на дарогах Валожыншчыны.

Як жа трапіў у Палачанку Якуб Колас?

Аўтара “Новай зямлі” даволі часта бачылі на Ракаўшчыне з пачатку 1950-х гг. і да самай яго смерці ў жніўні 1956 г. Мой бацька Пётр Іосіфавіч, у тыя гады рахункавод мясцовага калгаса, расказваў, як сустрэўся з Канстанцінам Міхайлавічам у бузуноўскага каваля Букіны (вёска Бузуны знаходзіцца за 5 км ад Ракава). Народны паэт прасіў тады каваля выкаваць яму невялікі тапорык, каб з ім зручна было хадзіць у лес. Пазней, як казаў бацька, Якуб Колас не толькі добра заплаціў за работу (ажно 100 рублёў!), але і стаў браць да сябе ў Мінск у якасці хатняй прыслугі кавалёвых дочак. “Возьме, а праз некаторы час замуж выдасць, пры гэтым пасаг добры дасць… Так іх і вывеў у людзі”. Хочацца прывесці тут і словы-ўспаміны заслужанага артыста Беларусі, колішняга дырэктара Віцебскага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа  Рыгора Шацькі, які родам з Ракава. Карэспандэнт “Звязды” сустрэўся з ім у 2001 годзе, калі тэатру споўнілася 75 год. Да свайго юбілею тэатр паставіў спектакль “Зямля” паводле славутай “Новай зямлі”. У спектаклі Рыгор Шацька выконваў галоўную ролю. Вось невялікі ўрывак з газетнага інтэрв’ю:

Карэспандэнт: Досыць сімвалічна: дырэктар тэатра імя Якуба Коласа іграе самога Якуба Коласа.

Р. Шацька: Многія сцвярджаюць, што я вельмі падобны да яго.

Карэспандэнт: Сапраўды, магу пацвердзіць!

Р. Шацька: Я пачаў дапытвацца ў сваёй радні, у бабуль-дзядоў, чаму так. Бацька расказаў: Колас кожную раніцу калісьці заходзіў да майго дзеда – у яго была дача ў Палачанцы пад Мінскам, а хутар майго дзеда знаходзіўся побач. Дзед трымаў 40 калод пчол – кожную раніцу Колас заходзіў, ласаваўся мёдам, выпіваў чарачку самагонкі… Нават ёсць у яго радкі:

І Шацька мёдам пачастуе,

І чарку поўную налье…

Гэта пра дзеда… Дарэчы, дужа не любіла Коласа мая бабуля – таму што “зранку спорціць чалавека, а сам пайшоў у бярэтцы сваёй” (смяецца)” (“Звязда”. 2001. 21 лістапада).

Не станем высвятляць, дзе тут праўда, а дзе мастацкі домысел. Сапраўды, недзе ў 1953 годзе Якуб Колас наняў пад лецішча ў суседняй з Ракавам Палачанцы хату калгасніка Мікалая Фёдаравіча Букрэя (1916–1983). Хату тады толькі што пабудавалі. Радавалі вока светлая дранка страхі, свежапагабляваная падлога, жоўта-васковыя сцены, што прыемна пахлі жывіцай. Паэт папрасіў гаспадароў не тынкаваць, не абклейваць сцены, не фарбаваць падлогу і вокны, пакінуць усё ў натуральным выглядзе. Яны ўлічылі просьбу. Жылі самі ў старой хаціне, а ў новы дом перабіраліся толькі восенню, калі кватаранты з’язджалі ў Мінск. Там зімавалі, нічога не змяняючы, а летам зноў уступалі месца радні паэта.

А летавалі тут некалькі гадоў запар сем’і сыноў  Якуба Коласа Данілы і Міхася. Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч у размове са мной прыгадаў, што яго бацька  прыязджаў у Палачанку “наведаць унукаў” (“звычайна з дзецьмі заставалася ці мая жонка, ці маці жонкі Даніка. Там жа летаваў і сын Ф. І. Фёдарава – Андрэй”). Якуб Колас любіў хадзіць па лесе, збіраць не толькі летнія, але і асеннія грыбы (зялёнкі, падзялёнкі), якіх у тыя часы  “было тут процьма”. Надоўга паэт тут “не затрымліваўся – стан здароўя не дазваляў”. Праўда, сам Міхась Канстанцінавіч “прыязджаў туды рэдка”, не адпускала праца, ды і “з транспартам было цяжка”. Аўтобусы тады яшчэ не хадзілі, “папутак”, як і машын увогуле, было мала. У віцэ-прэзідэнта ж Акадэміі навук Беларусі Якуба Коласа сітуацыя была іншая: ён мог карыстацца акадэмічнай легкавушкай. А гэта ж – усяго нейкая гадзіна прыемнай язды з Мінска…

Летам 2002 г., збіраючы матэрыял па літаратурным краязнаўстве, я наведаў Палачанку. Як аказалася, маладыя гаспадары хаты сын Мікалая Фёдаравіча Марцін, яго жонка Леакадзія Уладзіміраўна, тым больш іх дачка Таццяна ведалі пра “дачнікаў” не шмат і толькі па сямейных пераказах.

Затое іх сусед, колішні млынар Фёдар Мікалаевіч Юрынок, добра помніў і сыноў паэтавых, і яго нявестак, і ўнукаў, ды і самога Канстанціна Міхайлавіча. Галава ў яго была светлая, нягледзячы на старэчы ўзрост і хваробу, што прыкавала да ложка.

– Якуб Колас, бывала, раніцай заходзіў у млын – пагутарыць са мной, з ваколічнымі сялянамі і… ўзважыцца. У мяне стаялі вялікія вагі, на якіх я важыў збожжа і змолатую муку, вось на іх станавіўся паэт і я яго ўзважваў, – прыгадваў Фёдар Мікалаевіч. – У Якуба Коласа было хворае сэрца і, як ён казаў, урачы раілі яму сачыць за вагой цела.

Якуб Колас, як расказваў стары млынар, любіў пасядзець з вудачкай, пахадзіць з кавенькай яго берагамі.

Пытаюся пра лёс млына. Аказваецца, калісьці належаў ён ракаўскім панам Здзяхоўскім, у якіх арандаваў яго яўрэй Рухім Меір, што ў 1942 годзе загінуў у ракаўскім гета. Пасля вайны ўласнікам млына стаў Радашковіцкі райпрамкамбінат. Тады ж Фёдар Мікалаевіч і стаў працаваць млынаром.

Пра Якуба Коласа млынар згадваў з выразнай павагай. Як пра ганаровага сталічнага субяседніка, які, аднак, ніколі не паказваў сваю перавагу над іншымі. Як пра чалавека з тыповай сялянскай псіхалогіяй. Як пра жаданага госця ў Палачанцы.

– Пастаянна ў Палачанцы не жыў, часцей на некалькі дзён завітваў. Да яго сюды прыязджалі пісьменнікі. Помню Лужаніна, Калачынскага… Аднойчы застаўся на тыдні два. Тады яго тут наведаў Уладзімір Дубоўка – высокі, шыракаплечы, з доўгай барадой. Папрасіў у канцы майго агарода, каля рэчкі, паставіць палатку, атабарыўся ў ёй на ўвесь час, пакуль тут Колас быў. З Коласам яны хадзілі і гаварылі цэлымі днямі, пра што – не скажу, не чуў.

Чым прывабіла Якуба Коласа пасляваенная Палачанка? Мясціна – прыгожая, лясная, грыбная, прычым зусім недалёка ад Мінска. Да яе вяла бойкая (хоць і пашкоджаная вайной) Ракаўская шаша. У Ракаве штотыдзень праходзіў славуты кірмаш, на якім значна танней, чым на мінскіх, можна было купіць харч, розныя прылады працы, вопратку. Для Якуба Коласа, апрача іншага, Палачанка, магчыма, нагадвала сугучную ёй Балачанку – вёску ў Пухавіцкім раёне, дзе ён да вайны любіў улетку адпачываць…

Знамянальна, што ў гэты час блізкія родзічы другога нашага вялікага песняра – Янкі Купалы – лецішча нанялі таксама ў гэтых жа ракаўскіх мясцінах, толькі ўжо ў Міхалове – двух-трох кіламетрах ад Палачанкі. Родныя сёстры Янкі Купалы – Ганна, Марыя і Леакадзія разам са сваімі дзецьмі і ўнукамі асталяваліся тут у толькі што пабудаванай хаце Більманаў. Хата тая і да гэтага часу стаіць пры шашы Мінск–Гродна. Зусім верагодна, што наняць пад лецішча новую, толькі што пабудаваную хату ў суседняй Палачанцы падказала Міцкевічам сама Уладзіслава Францаўна – жонка Янкі Купалы, якая цесна кантактавала з сям’ёй Якуба Коласа і раней, чым Міцкевічы, пазнаёмілася з гэтымі надзвычай прыгожымі мясцінамі.

Вячаслаў РАГОЙША,

доктар філалагічных навук Белдзяржуніверсітэта, ураджэнец в. Ракаў.

 



Добавить комментарий