Людское слоўка, як салоўка

Культура

У матэрыялах пад такой рубрыкай мы плануем друкаваць разважанні людзей пачцівага ўзросту пра некаторыя праблемы сучаснага жыцця. Іх думкі – простая і пераканаўчая мудрасць, падмацаваная вопытам пакаленняў.

Сёння нашай субяседніцай стала жыхарка вёскі Мінці Ганна Фёдараўна РАГЕЛЬ.

– Як Вы думаеце, чаму цяпер такой распаўсюджанай з’явай у некаторых сем’ях становяцца разводы?

– Бо жыццё, мілыя мае, цяпер някепскае. Ёсць што дзяліць! Муж і жонка адзін ад аднаго незалежныя. Будзеш жыць і асобна – не прападзеш. Дарослыя дзеці цяпер пры сваіх бацьках жывуць рэдка. У многіх уласныя кватэры, па некалькі імпартных машын. Ды і кожны пры сваёй зарплаце. А зарплаты ў некаторых немалыя. Таму і спадзяюцца разводнікі на ўласныя сілы, думаюць, што і без шлюбу не прападуць. А што дзеці пры распадзе сям’і будуць пакутаваць, над гэтым мала хто задумваецца. У маю ж маладосць такога не было. Развод тады лічыўся вялікай ганьбай. А мы ў раскошы не жылі. Нагараваліся, што і казаць… Свет не відзеў, як было цяжка. Аднак сем’і свае вунь як бераглі! Дысцыпліна тады строгая была дзецям дадзена. Да працы яны раслі прывучаныя.

І яшчэ я пераканалася, а слава Богу, пражыла доўгі век, што разводы крыху, відаць, яшчэ і па прыродзе ідуць. Калі маці развадная, дык і дачка тады не надта сям’і трымаецца. Цяпер так: сто разоў дагадзіў адзін аднаму, а на сто першы ўжо поўны разлад. І адразу пабеглі разводзіцца. А дзе вытрымка? Цярпенне?

– Чаму вёскі, нават і прыгарадныя, у апошнія гады сталі такія нешматлікія?

– Моладзь імкнецца ў гарады. Сёння многае даступна стала. Найперш – бясплатная адукацыя. Вывучыўся – і ўжо сябе гараджанінам лічыць. Саромеецца жыць у вёсцы. Нібы гэта не для яго, інтэлігента, асяроддзе. Дажываюць, на жаль, і нашыя Мінці. На сяло ўжо няма да каго пайсці: засталіся лічы адны старыя. Ды яшчэ і п’яніцы…

Маладыя цяпер больш лёгкага хлеба шукаюць. Нават і на сваіх гаспадарках некаторыя не ўлягаюць у працу. Мы, напрыклад, са сваім гаспадаром ледзь не ў канцы жніўня ўсю бульбачку павыкопвалі, спарадкавалі на зіму, а некаторыя вяскоўцы і не браліся сваю капаць, не трывожачыся, што ўжо і кастрычнік на вуліцы. Яны, можа, і ўвогуле ўбіраць ураджай не збіраюцца.

Я і ў лясгасе працавала, і на ферме доўгі час была жывёлаводкай. Вязаць надта любіла. З дзевяці гадкоў захапілася гэтым рамяством. Калі дзетак сваіх гадавала, дык на адну зарплату жылі, то старалася хоць нейкую капейчыну дадатковую зарабіць. То світарок каму звяжу, то камізэльку. Заплацяць шэсць рублёў. Я і гэтым задаволена. Столькі работы перарабіла за сваё доўгае жыццё! Як бедныя рукі трывалі! Такая да працы прагавітая, што аж сама на сябе злуюся. Нават і цяпер ні хвіліны не магу змарнаваць. Здараецца, на канапе сяджу перад тэлевізарам, а ўсё роўна па звычцы пальцамі кручу-перабіраю. Як быццам пруткі  для вязання ў іх трымаю. Не магу без справы. Нешта як бы знутры скрабе. А працуеш – лягчэй на душы становіцца, і нават старасці не адчуваеш. У вёсцы жыць – трэба шмат працаваць. Хто не вытрымаў, той і ўцёк у гарады. Таму вёскі і апусцелі…

Матэрыял да друку падрыхтавала Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий