АНКЕТАВАННЕ ПАКАЗАЛА СТАЎЛЕННЕ ЛЮДЗЕЙ ДА СВАЙГО ЗДАРОЎЯ

Общество

Нядаўна па маёй ініцыятыве сумесна з кафедрай Беларускай акадэміі паслядыпломнай адукацыі праводзілася сацыялагічнае апытанне наконт фактараў рызыкі і самаацэнкі здароўя сельскага насельніцтва Валожынскага раёна.

Анкета ўтрымлівала 24 пытанні. Яны тычыліся здаровага ладу жыцця, а таксама  ідэнтыфікацыі полу і сацыяльнага статусу.

У апытанні ўдзельнічалі 145 грамадзян ва ўзросце ад 46 гадоў. Сярод рэспандэнтаў пераважалі жанчыны.

Вынікі сацыялагічнага даследавання пераканалі, што 53,8 працэнта  грамадзян ацэньваюць стан свайго здароўя як здавальняючы, 21,4 – як добры, 24,8 – як дрэнны. 75,2 працэнта рэспандэнтаў, якія ўдзельнічалі ў вывучэнні грамадскага меркавання, указалі на кантакты з сістэмай аховы здароўя.

Сярод пытанняў анкеты было і такое: “Ці дастаткова ўвагі Вы надаяце свайму здароўю?” Станоўча адказалі на яго 29 працэнтаў. “Недастаткова” –  такой была ацэнка сітуацыі 33,1 працэнта ўдзельнікаў анкетавання.

Нас цікавілі і фактары рызыкі, якія, на думку грамадзян, негатыўна ўплываюць на стан здароўя.

Найбольшы працэнт “набрала” экалагічная небяспека – 58,6. На высокі кошт лекаў спаслаліся 36 працэнтаў. Шкодныя звычкі склалі 21,3 працэнта. Як ні дзіўна, надзвычай мала нашых патэнцыяльных пацыентаў пагрозу свайму здароўю звязваюць з маларухомым ладам жыцця.

Сваё меркаванне аб нармальным узроўні артэрыяльнага ціску выказалі 66,2 працэнта анкетаваных, аб узроўні глюкозы – 48,2, халестэрыне – 33, 1 працэнта.

На жаль, многія з цяжкасцю змаглі адказаць на пытанне наконт свайго ўзроўню глюкозы ў крыві. Як станоўчы факт ацэнена тое, што 70,3 працэнта ўдзельнікаў сацыялагічнага апытання маюць дома танометры, а вось пастаянна кантралююць свой артэрыяльны ціск толькі 57,9 працэнта.

І яшчэ такі аспект – дастатковасць штодзённага спажывання агародніны і фруктаў. Многія, хто запаўнялі нашу анкету, нават не ведалі, як вызначыць ацэнку спажывання гэтай карыснай і вітаміннай прадукцыі.

На жаль, часта насельніцтва проста не гатова да кантролю за сваім здароўем і фактарамі, якія яго вызначаюць. У заключэнне прывяду такі красамоўны аргумент. Па сцвярджэнні спецыялістаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя толькі 10-12 працэнтаў фактараў, якія кардынальна ўплываюць на стан здароўя людзей, залежаць ад медустаноў. Не выпадкова бытуе лаканічны афарызм-павучанне: “Ваша здароўе – у вашых руках!”

Святлана ГЛЕБКА,

галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы.

 



Добавить комментарий