ПЕСЦІЎ ШЛЯГЕР ЗОЛАТАМ ДУШУ

Общество

Фестываль “Залаты шлягер” праводзіцца на раённай сцэне з 1998 года. І не было такога выпадку, каб гэтая падзея не сабрала поўную залу ўдзячных слухачоў.

Так стала і сёлета, калі прысутныя вярнуліся ў культурнае асяроддзе 60-80-ых гадоў мінулага стагоддзя, яшчэ раз паслухалі знаёмыя, душэўныя, мілыя сэрцу песні.

Удзельнікі-выканаўцы фестывалю сапраўды парадавалі ўмела падабраным рэпертуарам. Васямнаццаць разоў уздымаўся і заціхаў шквал апладысментаў, дзякуючы васямнаццаці артыстам-спевакам. А пачалося ўсё з “Песенькі аб добрым настроі”, якой салістка раённага Цэнтра культуры Валянціна Далгова задала добры тон усяму мерапрыемству. І першыя ж ноты далі пачатак дзеі, якая дапамагла камусьці ў думках вярнуцца ў маладосць, а некаму – з задавальненнем пазнаёміцца з напоўненымі меладычнасцю і сэнсам песнямі сваіх бацькоў. Трэба сказаць, і выканаўцы падышлі да выступленняў творча. Артыстызмам і энергіяй сапраўднага Аляксандра Саладухі дыхнула на залу песня “Здравствуй, чужая-милая”, якую падарыў слухачам саліст Вішнеўскага СДК Дзмітрый Гурбан. А Людміла Рагоўская з Івянца пераўвасобілася ў прымадонну расійскай эстрады Алу Пугачову: сапраўдны Арлекіна ў каларытным касцюме “расказаў” у аднайменным музычным творы сваю сумную гісторыю…

Адкрыццём сёлетняга фестывалю стала выступленне жыхара вёскі Макасічы – саліста Сівіцкага дома культуры Станіслава Пупко. Колішні ваенны, якому ў свой час давялося пакалясіць па прасторах Расіі і ўжывую пабачыць многія апетыя ў песнях гарады, выйшаў на сцэну з гармонікам і выдатным музычным творам, які помніцца ўсім па аднайменнай мастацкай стужцы. “Вясна на Зарэчнай вуліцы”, выкананая з душой, стала адным з тых залатых шлягераў, якія будзяць у людскіх сэрцах нейлепшыя пачуцці. Роўна як і “Есть только миг” у выкананні мэтра раённай сцэны Аляксандра Рцішчава, “Соловьиная роща”, якую праспяваў Аляксандр Шаўчэнка, і многія-многія іншыя…

Фестываль падарыў добрыя эмоцыі і прыемныя імгненні і слухачам, і ўдзельнікам. Першыя атрымалі асалоду ад выдатнага канцэрта, а выканаўцы – дыпломы аддзела культуры райвыканкама за прапаганду песеннага мастацтва.

Сяргей САДОЎСКІ.

 

 



Добавить комментарий