ВІНШАВАЛІ ЎРАЧЫ ЮБІЛЯРА

Общество

“Сакрэт даўгалецця, несумненна, у аптымізме і любові да блізкіх”, – стоячы перад былымі калегамі, дзеліцца мудрымі жыццёвымі назіраннямі і багатым уласным вопытам колішні ўрач-афтальмолаг цэнтральнай раённай бальніцы, ветэран Вялікай Айчыннай вайны і працы М. М. Ляйкоўскі з Валожына.

Міхаіл Міхайлавіч тут не проста госць, шаноўнага доктара запрасілі ў калектыў, каб павіншаваць са слаўным юбілеем: 90 гадоў пражыць на зямлі і захаваць пры гэтым крыштальную чысціню памяці і розуму здолее далёка не кожны. Ветэран у родных сценах установы аховы здароўя апынуўся акурат пасля ўрачыстага віншавання ў райвыканкаме, дзе кіраўнік раённай вертыкалі У. А. Наумовіч уручыў юбіляру Ганаровую грамату за шматгадовую плённую працу, актыўнае грамадскае жыццё і шматлікія заслугі на ніве медыцыны, якой прысвяціў больш за 56 гадоў. Агульны ж працоўны стаж М. М. Ляйкоўскага пераадолеў адзнаку ў 7 дзясяткаў!

Свой 90-ты дзень нараджэння Міхаіл Міхайлавіч сустрэў з прысутным яму гумарам, пад шматлікія зычанні ад родных, сяброў, знаёмых і проста ўдзячных людзей, якім на сваім прафесіянальным шляху зрабіў нямала добрага. Сто лят Вам, паважаны Міхаіл Міхайлавіч!

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий