НЕБА НЕ ДАРАВАЛА…

Культура

Праклёны валодаюць уласцівасцю збывацца. Нездарма нашы продкі ў гэта верылі: сведчаннем сілы выказаных у запале слоў выступаў тысячагадовы вопыт назіранняў. Асабліва страшнымі лічыліся праклёны родных людзей. Расплата ж заўсёды была балючай, трагічнай і бязлітаснай…

Вядома ж, імёны ў гэтай гісторыі будуць зменены – навошта лішні раз трывожыць памяць людзей, якіх даўно няма з намі, роўна як і тых, каму яны даводзіліся сваякамі? Але ж і замоўчваць падобныя здарэнні не маем права: раптам камусьці гэты кароценькі артыкул дапаможа ў крытычны момант стрымаць эмоцыі і не выкінуць у свет ракавы выраз, пра які чалавек потым будзе шкадаваць усё жыццё…

У маладыя гады Малання была вострай на язык. Характар, здавалася, і неблагі мела, ды толькі, калі што не задавольвала – усё прыгаворвала: “А каб цябе пярун забіў!” Залезуць куры ў гарод – бурчыць пад нос: “А каб вас перуном пазабівала”. Пойдзе аглядацца – таго ж пажадае і свінням, якія нецярпліва топчуцца вакол ног гаспадыні і штурхаюць лычамі пад руку з вядром. З часам старадаўні праклён ператварыўся ў Маланні ў звычайны “сказ для звязкі слоў”, куды не ўкладаліся ні сэнс, ні тым больш негатыўныя эмоцыі. Сказала – і разам з ветрам паляцела… Тымі ж самымі словамі не раз і не два “частавала” Малання аднавяскоўцаў, даставалася, бывала, і дачцэ Надзеі. Дзяўчынка раз-пораз чула пра таго страшнага “Перуна”, які прыйдзе і заб’е маленькую непаседу, нягледзячы на слёзы ці ўгаворы. Спачатку баялася, а як падрасла – зразумела: маці насамрэч нічога дрэннага ёй не жадала, проста аддавала даніну шматгадовай звычцы.

Неба не даравала Маланні пустапарожніх праклёнаў. І адпомсціла бязлітасна і раптоўна. Аднойчы сонечным вясновым ранкам жанчына адправіла 16-гадовую Надзею на двор агледзець гаспадарку, а сама стала завіхацца па хатніх справах… Ад раптоўнага рэзкага выбуху-трэску задрыжала і пасыпалася з вокнаў шкло, павяло галаву. “Пярун стрэліў”, – уцяміла Малання, не разумеючы, як апынулася на каленях. Востра прадчуваючы бяду, паднялася і на саслабелых нагах кінулася на двор. Акурат пасярэдзіне, бязвольна раскінуўшы рукі, ляжала нежывая Надзейка… Загаласіла, залямантавала Малання, выкручваючы ў невыносным адчаі пальцы, а з чыстага яснага неба, на якім не было ні хмурынкі, маўкліва і раўнадушна ўзіралася на жудасную трагедыю вечнае сонца…

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий