Общество

У ліку іншых грамадскіх арганізацый у нашым раёне дзейнічае і рэгіянальная структура “Беларускі фонд міру”. Узначальвае яе ўжо даволі працяглы час кіраўнік аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у горадзе Валожыне Таццяна Фёдараўна Ціганіна.

Сімвалічная скарбонка гэтага аднаго з самых стваральных фондаў не пустуе. Хаця яна і не такая важкая. На сёння тут захоўваецца крыху больш чым 3 мільёны рублёў.

Па традыцыі гэтыя сродкі ідуць на высакародныя мэты. Фонд па магчымасці дапамагае ў арганізацыі мерапрыемстваў па ліквідацыі паследкаў аварыі на ЧАЭС, падтрымлівае матэрыяльна афганцаў раёна. У мінулыя гады былі таксама закуплены і каштоўныя падарункі для Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната, для дзённага аддзялення рэабілітацыі інвалідаў і маладых інвалідаў у райцэнтры.

У гэту пятніцу ў Мінску пройдзе абласная канферэнцыя грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”. У яе рабоце  9 лістапада прыме ўдзел і дэлегацыя ад нашага раёна: Т. Ф. Ціганіна, М. І. Пыжык, В. І. Краўневіч.

 

Новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс плануецца ўзвесці ў Валожыне ў раёне былой школы-інтэрната. Цяпер на гэтай пляцоўцы ідуць падрыхтоўчыя работы. З увядзеннем у эксплуатацыю такога сацыяльна значнага аб’екта жыхары райцэнтра і вяскоўцы атрымаюць выдатную магчымасць для аздараўлення, змястоўнага адпачынку. Да паслуг наведвальнікаў будуць два плавальныя басейны. Міні – для дзяцей і вялікі, з дарожкай даўжынёй 25 метраў – для дарослых аматараў плавання.

Пад дахам ФАКа таксама размесцяцца гульнявая і трэнажорныя залы, зала самба. Будзе абсталяваны і лазневы комплекс.

Прагноз доўгачаканага наваселля такі: пры  стабільным фінансаванні ФАК адчыніць свае дзверы ў 2014 годзе. Дарэчы, знакавым у спартыўным жыцці не толькі нашай краіны. Нагадаем, што ў 2014-м у Мінску пройдзе Чэмпіянат свету па хакею.

 

На чарговым планавым пасяджэнні райвыканкама абмеркаваны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 9 месяцаў. Прыводзіліся ў ліку іншых і такія ключавыя паказчыкі эканомікі. Выпушчана прамысловай прадукцыі на 150,2 мільярда рублёў. Тэмп росту ў фактычных цэнах да адпаведнага мінулагодняга перыяду склаў 183,7 працэнта. На экспарт адгружана тавараў на 7160,8 тысячы долараў. Па тэмпах росту недададзена тавараў знешнегандлёвага абароту на 967,3 тысячы долараў.

Па аб’ёмах экспарту лідзіруе СП “Івкон” ААТ. На долю гэтага прадпрыемства прыходзіцца 59,6 працэнта экспарту. Кандытарскія вырабы з івянецкай маркай рэалізуюцца ў Расію, Азербайджан, Туркменістан і іншыя краіны. За восем месяцаў вытворцы за межы рэспублікі адгрузілі ласункаў на 4264,7 тысячы долараў, але гэта менш за даведзены прагнозны паказчык на 6,9 працэнта.

Зніжэнне экспартных паставак дапусціў СТАА “ІрыёнВуд”.

Сельгаспрадпрыемствы за 9 месяцаў атрымалі прадукцыі на 219 мільярдаў рублёў, рэнтабельнасць забяспечана на ўзроўні 10,1 працэнта.

Да друку падрыхтавала Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий