З дынастыі настаўнікаў…

Общество

Як вядома, педагагічны хлеб ніколі не даваўся лёгка. У руках выхавальніка, настаўніка не толькі дзіцячыя лёсы – будучыня краіны. Хіба не адказная праца? Аднак такая акалічнасць не спалохала маладую выхавальніцу Ірыну Мар’янаўну Грушэўскую, якая абрала сабе адну з самых пачэсных і цікавых прафесій.

Дзяўчына пакуль не замужам і сваіх дзяцей не мае, але ўжо ўмее клапаціцца аб малых непаседах. Трэці год штораніцы спяшаецца яна ў старэйшую групу гарадскога дзіцячага садка № 2 “Вясёлка” да сваіх дваццаці двух падапечных.

Ірына родам з вёскі Філіпіняты. Яе дзядуля некалі працаваў дырэктарам мясцовай школы, бабуля – настаўніцай, маці таксама несла гэта пачэснае званне, прывіла дачцэ любоў да роднай мовы. Ірына прадаўжае сямейную дынастыю педагогаў. Скончыўшы Барысаўскі педагагічны каледж, зараз завочна вучыцца на трэцім курсе факультэта беларускай мовы і літаратуры і сусветнай мастацкай культуры ва ўніверсітэце імя Максіма Танка.

Ірыну Грушэўскую ў прафесію паклікала шчырая любоў да дзяцей. Таму і працуецца ёй лёгка, творча, плённа і цікава. У садку дадаткова дзяўчына вядзе гурток выяўленчага мастацтва, паколькі атрымала ў каледжы і спецыялізацыю кіраўніка выяўленчай студыі. Ірына вучыць дзетак асвойваць тэхніку фларыстыкі, нятканага габелену, ствараць кампазіцыі з саломкі і бісеру. Маладая выхавальніца адчувае асабістую адказнасць за лёс кожнага дзіцяці. Яна імкнецца дапамагчы развіцца маленькаму таленту. Бацькі дзетак не нарадуюцца з такога выхавальніка.

Ляжыць душа ў Ірыны і да спорту. Яна наведвае заняткі шэйпінгу, з сяброўкамі любіць патанчыць на дыскатэках. Уся работа спорыцца ў гэтай жвавай, абаяльнай, вясёлай выхавальніцы.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий