ЧУЖОГА ГОРА НЕ БЫВАЕ

Общество

Сігнал “SOS” нярэдка, на жаль, раздаецца і на вірлівых хвалях бясконцага мора жыцця.

Дзясяткі, сотні добрых сэрцаў адгукнуліся на бяду, якая пастукалася ў дзверы маладой сям’і Пачыкоўскіх з Валожына. У іх цяжка захварэла дачка Хрысціна – трэцякласніца СШ № 1 горада Валожына.

Дыягназ урачоў прагучаў, як злавесны прысуд – востры лейкоз. Калі пакутуюць дзеці, бацькоўскія сэрцы б’юцца ў роспачы. А тут змяшаліся роспач і адчай, боль і страх. Але прыйшло ў гэту сям’ю  і святло надзеі…

Наша медыцына сёння можа многае! Дзяўчынка абавязкова паправіцца! Паверыць у гэты жаданы цуд дапамагае бацькам і шчырая падтрымка ўсіх добрых людзей, для якіх чужой бяды і сапраўды не бывае. Акрамя слоў маральнай падтрымкі, сям’ю Ганны і Дзмітрыя Пачыкоўскіх многія жыхары раёна пастараліся падтрымаць грашыма на медыкаменты, без якіх немагчыма эфектыўная перамога над небяспечнай хваробай.

Першымі адгукнуліся на бяду гэтых людзей калегі па працы – супрацоўнікі раённага аддзела Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і работнікі райспажыўтаварыства. 25 працэнтаў месячнага заработку пералічылі яны ў фонд дапамогі. Дзесяць мільёнаў рублёў аператыўна сабралі і работнікі гандлю.

Сігнал “SOS” знайшоў водгук у многіх міласэрных сэрцах. А штуршок гэтаму далі супрацоўнікі аддзела МНС. Аляксей Сухадолец звярнуўся з просьбай да в. а. старшыні РА ГА “Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа” Жанны Мікалаеўны Жывіцкай дапамагчы ў арганізацыі збору сродкаў. І неўзабаве работа, як кажуць, закіпела. Усе пярвічныя арганізацыі гэтай грамадскай арганізацыі стараліся зрабіць свой пасільны ўклад. Адгукнуліся школы, дзіцячыя сады, воінская часць, сельскагаспадарчы ліцэй, работнікі Валожынскага філіяла “Маладзечанскі малочны камбінат”, прадстаўнікі органаў улады і многія-многія іншыя.

Па просьбе таварыства Чырвонага Крыжа ў скарбонку дапамогі свой уклад унеслі і вернікі праваслаўных і каталіцкіх храмаў раёна.

Збор сродкаў на лячэнне Хрысцінкі працягваецца. Многія ахвяраванні былі зроблены калектыўна і ў прыватным парадку. Прадэманстравалі свае высакародныя жэсты і малазабяспечаныя людзі, яны паказалі вялікую душэўную шчодрасць. У прыватнасці, шматдзетная маці-адзіночка з Валожына Святлана М. ахвяравала 500 тысяч рублёў і 30 долараў…

Адчувальна дапамог у зборы сродкаў канцэрт артыстаў беларускай эстрады, які адбыўся ў кінатэатры “Юнацтва” горада Валожына ў мінулую сераду. На бяду зусім незнаёмых людзей адгукнулася група сталічных артыстаў. Сярод выступаючых – ужо і добра знаёмыя валожынскай публіцы Жанна Піваварава, Дзмітрый Смольскі і многія іншыя. Да гэтага творчага дэсанта падключыліся і навучэнкі сталічнай гімназіі, курсант Ваеннай Акадэміі Рэспублікі Беларусь. Дзеля святой справы дапамогі многія з артыстаў падкарэкціравалі свае гастрольныя графікі, рабочыя планы і прыехалі ў Валожын, каб выступіць з дабрачынным канцэртам. Вядучую ролю разам з іншымі службамі ў арганізацыі гэтага мерапрыемства сыгралі аддзелы райвыканкама і старшыня раённага таварыства Чырвонага Крыжа. Канцэрт дабавіў у агульную скарбонку 7 мільёнаў рублёў. Перад пачаткам сцэнічнага выступлення ў фае кінатэатра працавалі валанцёры. Яны ў чашу міласэрнасці збіралі добраахвотныя ахвяраванні грамадзян. Гэты від дапамогі склаў у агульным выражэнні больш за 2 мільёны рублёў. Акрамя гэтага, валанцёрскі атрад прайшоў і па гандлёвых камерцыйных кропках горада, каб сабраць ахвяраванні на лячэнне Хрысцінкі Пачыкоўскай. Кранае і ўчынак жыхароў вёскі Капусціна. Адна з грамадзянак павінна была аддаць членам кааператыву па падводзе прыроднага газу ў прыватныя дамы суму, эквівалентную тром мільёнам рублёў. Але чулыя да чужой бяды вяскоўцы вырашылі, што правільна будзе ахвяраваць тыя грошы на дапамогу сям’і, у якую прыйшло такое неспадзяванае гора.

Ужо два месяцы Хрысціна Пачыкоўская знаходзіцца на лячэнні ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Больш за 30 мільёнаў рублёў у акцыі добрых сэрцаў сабраны на дапамогу нашай зямлячцы. Чарговыя дабрачынныя ахвяраванні працягваюць паступаць амаль штодзень.

Мэта гэтай міласэрнай акцыі адна – вярнуць здароўе дзяўчынцы. Чаго б гэта не каштавала! Перад такой шчырай з’яднанасцю нераўнадушных людзей, іх шчырым жаданнем дапамагчы адступае любое гора. Надзея, што ўсё будзе добра, што ўсё абыдзецца і ў сям’ю Пачыкоўскіх зноў вернецца радасць і шчаслівы спакой, умацоўваецца штодзень.

Моцнага здароўя, Хрысцінка, жадаюць табе ўсе знаёмыя і незнаёмыя людзі. Хутчэй папраўляйся!

Ірына ПАШКЕВІЧ.

P. S.  Збор сродкаў на лячэнне працягваецца. У кожнага з нас ёсць магчымасць рэальна дапамагчы.

Пералічыць грошы можна па наступных рэквізітах:

р/р 3819382123319   УНП 100603596

ЦБУ 605/605 філіяла 500 ААТ “ААБ Беларусбанк”

з паметкай “На лячэнне Хрысціны Пачыкоўскай”.

 



Добавить комментарий