КАЛІ Я СУСТРЭЎСЯ З ТАБОЮ…

Культура

Сучаснае жыццё задало дарослым вельмі няпростую кантрольную. На 100 шлюбаў у нашай краіне прыходзіцца 70 разводаў – такія бязлітасныя лічбы статыстыкі. У чым прычына? Што рабіць? Галоўныя пытанні, над якімі разважаюць спецыялісты. На гэтую “куслівую” тэму чуюцца заклапочаныя каментарыі і развагі, даюцца неназойлівыя парады маладым. Але лічбы не мяняюцца, “нязручныя” пытанні застаюцца. І тлумачыцца такая сітуацыя крыху іранічна: “Людзі жэняцца, каб разводзіцца”.

…Шкада, што прагнозы пісьменніка-фантаста Рэя Брэдберы цалкам спраўдзіліся. Надышла эпоха людзей, якім няма калі хадзіць пешшу, зрываць кветкі і глядзець на зоркі. “Гарачка” часу сцірае маральныя межы. Разбэшчанасць робіцца “ўзорам” вялікага кахання. І цяпер зусім не здзіўляе, калі якая-небудзь попдзіва з гонарам паведамляе, што выходзіць замуж… у пяты раз. Грамадства нешта страціла, упусціла. Галоўнае, каб не назаўсёды…

За сакрэтам сямейнага шчасця мы адправіліся ў вёску Мінці Валожынскага сельсавета. Там жывуць Міхаіл Іванавіч і Надзея Іванаўна ПАСЕКІ, звязаныя вузамі Гіменэя, якія аказаліся трывалейшымі за алмаз. Муж і жонка ў шлюбе ўжо 60 гадоў!

ГІЛЬЗА ЗАМЯНІЛА ЗОЛАТА

…Надзея яшчэ раз агледзела свой сціплы вясельны ўбор, паправіла вэлюм і прысела на зэдлік. Хутка павінна прыехаць світа жаніха. Яе позірк выпадкова трапіў на сандалі, якія выглянулі з-пад сукенкі. Яны былі яркага малінавага колеру, а ўнутры – салатавыя. Іх нявеста пашыла сама з прагумаваных кавалачкаў унутранай абшыўкі ваеннага самалёта. Іншага абутку, акрамя стаптаных мужчынскіх ботаў, іх бедная сям’я не мела. Ішоў сёмы год пасля вайны.

Натыкнуцца на збіты самалёт Вялікай Айчыннай было няцяжка. Вяскоўцы з такой машыны забіралі ўсё, што толькі магло спатрэбіцца ў хатняй гаспадарцы. Вось і гэтыя рознакаляровыя кавалачкі пайшлі ў справу. У жыцці ўсё пераплецена вельмі цесна. Для нявесты гэты яркі матэрыял стаў радасцю, а для нейкага лётчыка ён абярнуўся бядой.

Ды і вясельная сукенка на Надзеі была чужая. Пазычаная ў суседкі. Пашытая з белай парашутнай тканіны. Знайсці парваны парашут у мясцовых лясах таксама тады не складала цяжкасці.

Увесь яе вясельны ўбор быў суцэльным парадоксам і супярэчнасцю. Але для тых, хто перажыў вайну, гэтыя нюансы бляклі.

Гарачае чэрвеньскае сонца пасяліла ў сэрцы нявесты радасць. А калі маладыя прыехалі ў Бакшты і вясковы святар вянчаў іх у мясцовай царкве, і па ўсёй ваколіцы разносілася пераліўная мелодыя званоў – жадалася ўзляцець да нябёсаў. Каханне і сапраўды дорыць крылы!

І нават сціплы самаробны пярсцёнак на пальцы нявесту не бянтэжыў. Заручальныя пярсцёнкі Міхаіла і Надзеі былі грубаватыя і няроўныя, але адшліфаваныя да бляску. Аднак, не ўсё тое золата, што блішчыць. Небагаты жаніх зрабіў заручальныя пярсцёнкі сам – выпілаваў іх з патроннай гільзы…

ДЗЕ МІЛА – СЕМ ВЁРСТ НЕ КРЫВА

Гэта пара была звыклая да нязручнасцей. Іх загартавала вайна.

У 41-м Надзі споўнілася адзінаццаць. За сувязь з партызанамі ўсіх жыхароў вёскі Сябрынь немцы збіраліся расстраляць. Дзяўчынка Надзя ўжо стаяла ў першым радзе дзяцей перад настаўленымі аўтаматамі, як фашысты нечакана адмянілі сваё рашэнне. З-за страху перад няпэўнай будучыняй вёску ўсё ж прыйшлося пакінуць. Прыстанкам на ўсе гады вайны для вяскоўцаў стала Налібоцкая пушча.

У гэты час чатырнаццацігадовы Міша быў на прымусовых работах у Германіі. Вязень-малалетка ў ліку такіх жа няшчасных хлапчукоў працаваў на адным з акумулятарных заводаў. Пасля вайны Міхася забралі ў войска. Служыў ён ва ўкраінскім шахцёрскім горадзе Горлаўка. Там і застаўся пасля службы працаваць шахцёрам.

У водпуск Міхась прыязджаў на радзіму, да бацькоў у вёску Мінці. Заязджаў ён і ў суседні Іўеўскі раён, у Сябрынь, пабачыць свайго хроснага бацьку, па суседству з хатай якога і жыла сям’я Надзеі. Так Міхась і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай.

Цяпер, у чарговы раз прыязджаючы ў адпачынак, ён адразу ж бег да сваёй каханай. Часта лёгка пешшу пераадольваў трыццаць кіламетраў, што раздзяляюць Сябрынь і Мінці, па дарозе збіраючы для любай Надзі палявыя кветкі.

Так яны сустракаліся тры гады, дакладней – дзесьці дзён восем, менавіта гэтулькі спатканняў набралася за гэтыя тры гады.

АБЫ ДА ДУШЫ – ПРАЖЫВЁМ І Ў ШАЛАШЫ

Пасля вяселля ён павёз яе з сабой у Горлаўку. Там ў маладых шчаслівых бацькоў нарадзіўся першынец. Жыць у шахцёрскім горадзе Надзеі было невыносна цяжка. Амаль кожны тыдзень на вуліцах чуўся аркестр. Толькі музыка тая была не святочная – пахавальная: у чарговай шахцёрскай сям’і карміцель не вярнуўся з працы жывым.

Пасля змены Міхась стараўся дадому не спазняцца, прыходзіў строга ў вызначаны час, бо ведаў, як моцна жонка будзе хвалявацца. Калі праходзіла пятнаццаць хвілін, а мужа яшчэ не было, Надзея месца сабе не знаходзіла ад трывожных думак. Прамучыўшыся гэтак некалькі гадоў, сям’я Пасекаў вырашыла вярнуцца ў Беларусь, у Мінці.

Тут яны пабудавалі сваю хату. Жылі небагата. Надзея працавала ў калгасе цялятніцай. Зарплату ёй выдавалі збожжам, а ў канцы года яна атрымлівала запаветныя капейкі. Міхась быў то ліцейшчыкам, то кавалём, то сталяром – шукаў лепшага заробку, бо меў залатыя рукі.

Дзевяноста рублёў – сваю першую сапраўдную зарплату за здачу адкормленых бычкоў – Надзея тут жа патраціла. Яна купіла сабе плашчык, паркаль на сукенкі і касцюм для мужа. І толькі дома зразумела, што “перастаралася”. Але Міхась яе нават не папракнуў, толькі сказаў: “Калі ты задаволеная, то і я таксама рады”.

КАБ ШЛЮБ НЕ СТАЎ БРАКАМ

Гады няўмольна бяруць сваё. Міхаіл Іванавіч ходзіць ужо з вялікімі намаганнямі. Аб ім аддана клапоціцца жонка. І ў горы і ў радасці, і ў беднаце і ў багацці, у хваробе і ў здароўі гэтыя людзі верныя адзін аднаму.

Іх сын і дачка даўно выраслі, сталі дарослымі ўнукі, падрастаюць праўнукі. Хто ведае, можа хто-небудзь з іх, гэтак жа, як і прадзед з прабабкай, адсвяткуе сваё брыльянтавае вяселле?

На развітанне з сям’ёй Пасекаў цікаўлюся:

– Што вы з вышыні вашага вопыту можаце параіць маладым сем’ям?

– Парады тут лішнія: дзе двое – трэці не мяшайся. Я дзесьці чула, што каханне, як дыямент, мае шмат граняў. Калі адна з іх запыліцца, да вас павернецца іншая, чыстая. У нашай сям’і так і было. З гадамі адно пачуццё адыходзіць, а на яго месца прыходзіць новае. Але гэта пры ўмове, калі каханне ў вас сапраўднае, – загадкава  адказвае Надзея Іванаўна.

Крылаты золатавалосы хлопчык Амур аказаўся зусім не сляпым. Ён ведаў, што робіць, калі больш за шэсцьдзясят гадоў назад нацэліў свае стрэлы на гэтую сямейную пару.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий