Культура

Па перапісе 1897 года ў яўрэяў былі тры сінагогі – у Валожыне, Вішневе і Ракаве і 13 яўрэйскіх малітоўных дамоў: чатыры ў Валожыне, тры ў Ракаве і па два ў Вішневе, Івянцы і Камені.

У 1912 годзе Вішнева прыняло пяць кірмашоў: Крашчэнскі (10 студзеня), Серадапостны (11 сакавіка), Траецкі (13 чэрвеня), Козьма-Дзям’янаўскі (7 лістапада) і Мікалаеўскі (6 снежня), на якія прывезлі тавараў на суму 57540 руб., а прадалі – на 40601 руб.

У Ракаве базары традыцыйна праводзіліся па панядзелках, у Івянцы, акрамя двух кірмашоў, — па нядзелях. Былі яны і ў некаторых сёлах і вёсках. Напрыклад, у Яршэвічах – 15 жніўня, у Багданаве – 29 верасня.

На Фаміным тыдні 1864 года ў Валожыне здарыўся вялікі пажар. У выніку чаго згарэла 150 будынкаў. Паселішчу была прычынена шкода на 135 тысяч рублёў. Агонь падышоў і да сцен старажытнай царквы святой Параскевы.

З-за небяспекі, якая пагражала царкоўнаму будынку, з яго было вынесена ўсё самае каштоўнае і абразы. Некалькі бабулек-верніц падчас пажару неадступна знаходзіліся з выявай святой Параскевы пры царкве. З ласкі Божай і малітвамі нябеснай заступніцы царквы вялікапакутніцы Параскевы агонь спыніўся акурат ля царкоўнай сцяны.

Храм абараніў ад пажару палову мястэчка, дамы якога “спускаліся” за ім з пахілай гары, і таму ацалелі. Гэта быў ужо трэці пажар, калі сярод бушуючага агню царква заставалася цэлай. На наступны пасля цудоўнага выратавання ад агню дзень вакол царквы адбыўся Хросны ход, адслужана было падзячнае набажэнства. Епархіяльнае начальства выказала ўдзячнасць айцу-настаяцелю Антонію Адамовічу, царкоўнаму старасце Амуросію Мядынскаму і вернікам Андрэю Мандрыку, Восіпу Зайкоўскаму, Станіславу Борысу, Даніілу і Льву Шакунам.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *