АЖАНІСЯ – ПАЖУРЫСЯ, або ЧАМУ ЛЮДЗІ РАЗВОДЗЯЦЦА?

Общество

Штогод у нашай краіне рэгіструюцца тысячы шлюбаў. Гэта, вядома, выдатна, але ёсць і адваротны бок медаля. Гутарка ў гэтым матэрыяле пойдзе пра разводы. Разыходзяцца людзі па многіх прычынах, і часам яны сапраўды дастаткова сур’ёзныя. Але калі ўсё ўзважыць і прааналізаваць, сама сабой напрошваецца выснова: пары проста развучыліся жыць разам. Як інакш растлумачыць перадузятасць, нецярпімасць, узаемныя спрэчкі і асуджэнне?..

Сёння большасць разводаў адбываецца менавіта па ініцыятыве жанчын. Сёлета, згодна з раённай статыстыкай, з 97 разгледжаных спраў аб скасаванні шлюбу ў 78 выпадках ініцыятарамі выступалі менавіта прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. І справа тут не ў нежаданні займацца сям’ёй: проста ў іх не хапае сіл адначасова “цягнуць” на сабе работу, вучобу, грамадскія справы, а ў дадатак яшчэ і хатнія клопаты, мужа, дзяцей…

Лічыцца, што жанчына больш цэніць сям’ю, чым мужчына. Што ж прымушае падаць на развод? Муж п’яніца, і жыць з ім немагчыма – так, прычына важкая. Але ж апошнім часам больш кажуць: “Не сышліся характарамі, страцілі каханне і павагу адзін да аднаго”. Жанчына ў гэтым выпадку не хоча мірыцца са становішчам служкі, калі пасля працоўнай змены даводзіцца заступіць яшчэ і на дамашнюю вахту. І як бы ні дзялілі абавязкі, дома гаспадыні прыходзіцца рабіць больш, чым мужу: абрус-самабранец існуе толькі ў казках. Добра, калі ўсе члены сям’і дамашнія справы робяць разам. Калі між імі лад, калі мужчына падзяляе клопаты жонкі, такая двайная нагрузка не ўспрымаецца як цяжар.

Развод – гэта крайняя мера. Важна, каб муж і жонка, перш чым рашыцца на такі крок, прынялі ўсе магчымыя меры па захаванні сям’і, паспрабавалі абмеркаваць між сабой, што іх не задавольвае ў адносінах. Калі не атрымліваецца ў саміх, можна звярнуцца за дапамогай да псіхолага. Ці да нарколага, калі адзін з сямейнай пары злоўжывае спіртным, або да спецыялістаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, якія дапамогуць у пошуках работы…

Трэба памятаць, што пры разводзе ў першую чаргу пакутуюць дзеці. Яны не хочуць страціць тату ці маму, жадаюць жыць усе разам. Многія дзеці думаюць, што бацькі разводзяцца з-за іх дрэнных учынкаў, і моцна перажываюць, у іх змяняецца самаацэнка, яны адчуваюць сябе нікому не патрэбнымі. Для дзіцяці расставанне бацькоў – гэта разбурэнне цэлага жыццёвага сусвету.

І усё ж, калі разводу не пазбегнуць, зрабіць гэта неабходна правільна і далікатна. Самае галоўнае – не настройвайце дзіця адзін супраць аднаго, супраць дзядуляў і бабуляў. І памятайце: працэс скасавання шлюбу вельмі працяглы. Неабходна напісаць заяву, прыкласці да яе ўсе неабходныя дакументы, аплаціць дзяржаўную пошліну за падачу заявы ў суд. Пры скасаванні першага шлюбу гэта сума складае тры базавыя велічыні, калі шлюб другі і наступныя – пяць базавых. І адразу не разводзяць, бо дзейнасць суда скіравана якраз на захаванне сям’і, абарону правоў і інтарэсаў дзяцей. Суд прадаставіць тэрміны для прымірэння – тры, шэсць месяцаў. Калі ж муж з жонкай не памірацца, тады і будзе вынесена рашэнне аб скасаванні шлюбу. Пры гэтым вінаваты бок панясе ўсе расходы па справе, а таксама выплаціць дзяржпошліну. Сёння скасаванне шлюбу вырашаецца толькі ў судовым парадку. Але з 1 студзеня 2013 года сямейныя пары, якія не маюць агульных непаўналетніх дзяцей, спрэчкаў па маёмасці і абодва жадаюць развесціся, могуць звярнуцца з заявай у органы ЗАГС.

Ірына ЯКУТОВІЧ,

кансультант суда Валожынскага раёна.

 



Добавить комментарий