Крок да мужнасці

Официально

Правядзенне свята пад назвай “Дзень прызыўніка” даўно зрабілася добрай традыцыяй. Штогод напярэдадні чарговага прызыву на вайсковую службу збіраюцца хлопцы, якім у хуткім часе належыць папоўніць салдацкія шэрагі. Гучаць словы падтрымкі і пажаданні ўдачы, ствараюць святочны настрой музычныя акорды і словы песень. Гэтак адбывалася і сёлета. У першы дзень лістапада будучыя навабранцы напоўнілі залу РЦК. На сцэну ж падняліся тыя, хто віншаваў юнакоў з пачаткам новага жыццёвага этапу, дзяліўся ўласным армейскім вопытам, зычыў мужнасці і хуткага вяртання дадому.

Напярэдадні свята я сустрэўся з начальнікам групы прызыву на вайсковую службу раённага ваеннага камісарыята маёрам Сяргеем Мікалаевічам Каралём. Ён распавёў аб тым, якая склалася сітуацыя ў раёне з падрыхтоўкай і прызывам моладзі на службу ў апошнія гады, як служыцца цяперашнім салдатам.

Па словах С. Караля, у гэтым годзе на тэрміновую вайсковую службу і службу ў рэзерве адправіцца каля сямідзесяці маладых жыхароў Валожыншчыны.

Рэаліяй цяперашняга часу з’яўляецца відавочнае скарачэнне прызыўных рэсурсаў. Выклікана гэта як агульнай дэмаграфічнай сітуацыяй, так і станам здароўя юнакоў. Каля 30 працэнтаў прызыўнікоў атрымліваюць адтэрміноўку ад службы для лячэння альбо дадатковага абследавання. Некаторыя з іх праз некалькі гадоў праходзяць паўторны агляд і ўсё ж такі апранаюць вайсковую форму, некаторыя ж адразу прызнаюцца непрыдатнымі да службы. Як лічыць маёр С. Кароль, выклікана гэта як значным павышэннем якасці дыягностыкі, так і тым, што ранняе дзяцінства цяперашніх прызыўнікоў праходзіла якраз у першыя гады пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Ухіленцаў няма…

Як не без задавальнення падкрэсліў начальнік групы прызыву райваенкамата, маральна-псіхалагічныя якасці прызыўнікоў з Валожыншчыны заўсёды былі самымі спрыяльнымі. Сітуацыя ніяк не змянілася і ў апошнія гады. Нашы хлопцы і зараз вызначаюцца кемлівасцю, чалавечай прастатой, шчырасцю.

“Ці ёсць у нас тыя, хто спрабуе ўхіліцца ад службы?” – пытаюся я. “Не! – цвёрда адказвае Сяргей Мікалаевіч. – Ніводнага “ўхіленца” ў раёне няма ўжо шмат гадоў. Гэта вынік і добрага сямейнага выхавання, і нашай работы сумесна з інспекцыяй па справах непаўналетніх. Адзіная праблема, якая раз-пораз нагадвае пра сябе – гэта выхадцы з “дрэнных” сем’яў. Але ж і яны па сутнасці не спрабуюць прынцыпова пазбегнуць службы. Проста не разумеюць таго, што ўяўляе сабой сучасная армія, не ведаюць, як сябе паводзіць. Але ж гэта пытанне інфармаванасці. Адной простай размовы хапае для таго, каб усе непаразуменні вырашыліся”.

Кожны юнак мае сваё бачанне будучай службы, лепш уяўляе сябе ў складзе часцей пэўнага роду войск, цягнецца да пэўнай вайсковай спецыяльнасці.

Супрацоўнікі прызыўных пунктаў імкнуцца як мага больш улічваць пажаданні прызыўнікоў, разумеючы, што задавальненне ад службы можа зрабіць яе больш якаснай і плённай. Найбольшую цікавасць у хлопцаў сёння выклікае служба ва ўнутраных войсках МУС, пагранічных войсках, сілах спецыяльных аперацый. Не меншай папулярнасцю карыстаюцца і часці сувязі.

Колькі ж доўжыцца цяперашняя служба ў арміі? Аказваецца, тэрмін залежыць ад адукацыйнага ўзроўню прызыўніка. Выпускнікі школ апранаюць вайсковую форму на паўтара года. Выпускнікі ВНУ служаць адзін год, тыя ж з іх, хто праходзіў навучанне на ваенных кафедрах і па яго выніках атрымаў званне малодшага камандзіра – шэсць месяцаў. Студэнты ж, якія скончылі поўны курс ваеннай кафедры і атрымалі афіцэрскае званне, абавязковаму прызыву не падлягаюць, хаця і могуць па ўласным жаданні адправіцца ў дзеючую армію паводле так званага “афіцэрскага прызыву” тэрмінам на два гады.

Рэалізаваць мужчынскае прызванне

Падчас святочнай праграмы “Дня прызыўніка” не толькі гучалі цёплыя словы, сардэчныя песні, але ж і клацалі дэталі аўтаматаў, што ў спаборніцтве разбіраліся і збіраліся ўдзельнікамі падзеі, чысцілася “салдацкая” бульба і паднімаліся цяжэразныя гіры. Лейтматывам жа ўсяго свята гучала думка, што толькі ваенная служба робіць з хлопца сапраўднага мужчыну. Напэўна, існуюць і іншыя шляхі рэалізаваць сваё мужчынскае прызванне. Але  з тым, што служба ў арміі сапраўды робіць нашых хлопцаў мацнейшымі і духам, і целам, не стане спрачацца ніхто. Вайсковая форма, як калісьці казалі, заўсёды прыйдзецца да твару кожнаму, хто лічыцца мужчынам не толькі па пашпарце.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий