ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ — 102

Закон и порядок

А насустрач – “МАЗ”…

Дарожнае здарэнне, што адбылося нядаўна на трасе Валожын-Маладзечна, лішні раз нагадала аб тым, наколькі адказным момантам для кожнага вадзіцеля з’яўляецца такі распаўсюджаны манеўр, як абгон. Недалёка ад вёскі Кібуці Валожынскага сельсавета адбылося сутыкненне легкавога аўтамабіля “Сеат” з грузавіком “МАЗ”. У выніку вадзіцель “легкавушкі”, які і выконваў рызыкоўны манеўр, трыццацічатырохгадовы жыхар Маладзечна, трапіў у раённую бальніцу з сур’ёзнымі траўмамі.

Барацьба ў лічбах

Адвечнае змаганне органаў правапарадку з самагонаварэннем у бягучым месяцы ўвасобілася ў цікавыя лічбы. З першага лістапада на прыватных падворках, а таксама ў лясных масівах паблізу населеных пунктаў супрацоўнікамі міліцыі было знойдзена і канфіскавана восем самагонных апаратаў. Побач знаходзілася і сыравіна для падпольнай вытворчасці самаробнага алкаголю. Аб’ём знішчанай брагі склаў больш за дзве з паловай тысячы літраў.

Выбуховая знаходка

Зусім не старадаўні калаўрот ці пакрытыя павуціннем кросны знайшоў на гарышчы хлява жыхар Ракава. Падчас будаўнічых работ паміж кроквай і лістом шыферу мужчына ўбачыў скрутак. Разгарнуўшы старую анучу і прачытаўшы надпісы на тым, што знаходзілася пад ёй, гаспадар зразумеў, што трымае ў руках пачак трацілавых шашак. Сапёрная група, якая прыбыла праз некалькі гадзін, знішчыла небяспечную знаходку ў адным з кар’ераў.

З’ездзіў на госці

Выйшаўшы раніцай на двор, жыхарка вёскі Ганчыцы Узбалацкага сельсавета не змагла знайсці свой аўтамабіль, пакінуты на вуліцы недалёка ад дома. Машына была аб’яўлена ў вышук. У той жа дзень прапажу знайшлі. Як высветлілася, сямнаццацігадовы аднасяльчанін пацярпелай, навучэнец адной з раённых устаноў адукацыі, знаходзячыся ў нецвярозым стане і скарыстаўшыся тым, што машына стаяла з незамкнутымі дзвярамі і ключом у замку запальвання, завалодаў ёй і вырашыў ажыццявіць паездку да сваякоў у вёску Малая Дайноўка Гародзькаўскага сельсавета. Менавіта там і знайшлі міліцыянеры зніклую машыну. Цяпер аматара незаконных “падарожжаў” чакае адказнасць.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий