АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА ЛІСТАПАД 1967 ГОДА

Культура

НА ІХ РАЎНЯЮЦЦА

Аб выніках спаборніцтва калектываў прадпрыемстваў, калгасаў і саўгасаў у гонар 50-годдзя Вялікага Кастрычніка:

Лепшая даярка раёна – Алімпіяда Васільеўна Мамонька з калгаса “17 верасня”, якая надаіла за 9 месяцаў у сярэднім ад каровы па 2993 кілаграмы малака;

лепшая свінарка раёна – Софія Васільеўна Каранеўская з калгаса імя Леніна, якая атрымала і выгадавала ад кожнай з замацаваных за ёй 20 свінаматак па 18 парасят;

лепшая цялятніца раёна – Марыя Антонаўна Бухвал з саўгаса “Радзіма”, якая выгадавала да 6-месячнага ўзросту 89 цялят з сярэднесутачнай прывагай па 667 грамаў;

лепшы пастух раёна – Уладзімір Прохаравіч Гуд з калгаса “Верны шлях”, які забяспечыў атрыманне ад замацаванага за ім статку сярэдняга надою малака ад каровы па 2680 кілаграмаў;

лепшы трактарыст раёна – Анатолій Станіслававіч Матус з калгаса “Праўда”, які атрымаў ураджай бульбы па 164 цэнтнеры з плошчы 100 гектараў, сабекошт аднаго цэнтнера склаў 3,3 рубля;

лепшы камбайнер раёна – Аляксандр Аляксандравіч Забела з саўгаса “Ракаўскі”, які ўбраў 320 гектараў зерневых культур і намалаціў 330 тон зерня;

лепшая птушніца раёна – Адальфіна Паўлаўна Ляўковіч з Івянецкай птушкафабрыкі, якая атрымала ад кожнай з замацаваных за ёй 3600 курыц-нясушак у сярэднім па 196 яек;

лепшы брыгадзір раёна – Іван Міхайлавіч Канановіч з калгаса імя Чапаева, які атрымаў у брыгадзе ўраджайнасць зерневых па 20,4 цэнтнера, бульбы – 217, цукровых буракоў – 300, кармавых караняплодаў – 500, ільновалакна – 8 і льнасемя – 4,8 цэнтнера з гектара.

ІВЯНЧАНЕ ПАКАРЫЛІ МАСКВУ

Танцавальны калектыў Івянецкага гарпасялковага Дома культуры з поспехам выступіў у Маскве на заключным канцэрце Усесаюзнага фестывалю самадзейнага мастацтва, прысвечанага 50-годдзю Вялікага Кастрычніка.

Нашы самадзейныя артысты ўдастоены дыплома другой ступені і спецыяльнага медаля “Калектыву-лаўрэату Усесаюзнага фестывалю самадзейнага мастацтва”.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР за поспехі ў развіцці культуры і самадзейнай народнай творчасці дырэктару Івянецкага Дома культуры Іосіфу Валяр’янавічу Ляшчынскаму прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры Беларускай ССР.

ТАЙНА БЯРОЗ…

Ля вёскі Дворышча ёсць безыменная магіла. Над ёй усхвалявана шумяць маладыя бярозы.

…Летам 1944 года ў гэтым месцы адбыўся цяжкі бой. Невыносная спёка. Вораг кінуў сюды шмат баявой тэхнікі і салдат. Падалі, пасечаныя снарадамі, сосны і бярозы. Але яшчэ доўга трымаліся людзі. Потым на месцы гэтых сосен і бяроз вырастуць маладыя дрэўцы. А там, дзе падалі людзі, будзе безыменная магіла.

Дык хто ж яны, загінуўшыя ў час няроўнага бою? Даведацца пра гэта вырашылі вучні Узбалацкай васьмігодкі. Знайшлося некалькі чалавек, якія расказалі школьнікам пра пахаванне невядомых байцоў. А потым паляцелі пісьмы ў Растоўскую, Горкаўскую, Бранскую, Арлоўскую вобласці. Хутка школьнікі пачалі атрымліваць адказы.

Былі ўстаноўлены прозвішчы лейтэнанта Грыгорыя Малініна, старшага сяржанта Паўла Каралёва, радавых Гур’янава, Лядскіх, Самоськіна, Чуфіна, Вайценкі…

У школу прыходзяць пісьмы ад блізкіх і родных загінуўшых, якія дзякуюць школьнікам за паведамленне пра магілу дарагіх і родных ім людзей.

У школу нават прыехалі жонка, два сыны і сястра загінуўшага Паўла

Каралёва. Вучні ўручылі гасцям мяшочак зямлі з магілы і фатаграфію помніка. Так ажылі 9 гераічных імён. Але перапіска працягваецца. Бо сведкі лета 44-га расказваюць, быццам у брацкай магіле было пахавана больш воінаў. Таму юныя разведчыкі працягваюць пошукі.

ЛЕСАВОДЫ СПАБОРНІЧАЮЦЬ

Лясы нашага лясгаса складаюць 56 гектараў, або амаль адну трэцюю частку ўсёй плошчы раёна.

100-150 год – такі ўзрост спелага хваёвага лесу. Гэта значыць, што цяпер ссякаюць масівы, якія раслі пры Пушкіне і Талстым, нярэдкія дрэвы, якія маюць адзнакі вайны 1812 года.

У гэтым годзе пасаджана і пасеяна 362 гектары лесу. Лепшых паказчыкаў у сацыялістычным спаборніцтве сярод лясніцтваў дабіўся калектыў Пяршайскага лясніцтва (ляснічы Я. А. Зенька, старшыня цэхавага камітэта Я. С. Саламаха). Сярод добрых працаўнікоў бензапільшчык С. К. Таўгень, станочнікі Я. В. Бажко, К. А. Конаўка, А. І. Губіч, леснікі У. В. Собаль, І. Д. Рудовіч, І. В. Сабалеўскі і іншыя.

ВЕРНЫЯ ПРАФЕСІІ

У лясах заходніх абласцей Беларусі хаваліся банды паліцэйскіх, якія засталіся пасля вайны. Яны рабавалі мясцовых жыхароў, забівалі актывістаў. Не раз работнікам міліцыі прыходзілася ўступаць ва ўзброеную барацьбу з бандытамі.

У 1948 годзе ўчастковы ўпаўнаважаны былога Івянецкага аддзела міліцыі Мікалай Аляксандравіч Рэуцкі пры выкананні баявога задання трапіў на засаду бандытаў і ў няроўнай сутычцы з імі загінуў. У тыя гады загінулі работнікі раённага аддзела міліцыі таварышы Каждан, Шчуцкі, Турскі, Елькін, Кудлач і іншыя.

У сучасных умовах паляпшэнне дзейнасці апарата міліцыі, працоўны энтузіязм і гераізм яго людзей сталі магчымымі ў выніку вялікай выхаваўчай работы, якая праводзіцца сярод асабовага саставу. Зараз ганаровае званне выдатніка міліцыі носіць амаль кожны другі супрацоўнік.

Заслугоўваюць пахвалы ў працы таварышы Малахаў, Більдзюк, Руткевіч, Гарасюк, Зяленка, Несцераў, Барахоўскі, Рэут і іншыя.

2 ТОНЫ МАСЛА – У ДЗЕНЬ

З розных гаспадарак раёна на тэрыторыю галоўнага масласырзавода малакавозы дастаўляюць каштоўную прадукцыю.

У першы рабочы дзень пасля святкавання 50-годдзя Савецкай улады ў перапрацоўку паступіла 15 тон дабраякаснага малака. Выпушчана 2 тоны масла, паўтоны малака для продажу і 100 кілаграмаў смятаны.

ПІЯНЕРЫ ПРАЦЫ НЕ БАЯЦЦА

Шмат карыснага зрабіла піянерская дружына імя Ю. А. Гагарына з Валожынскай СШ № 2 падчас Усесаюзнага нядзельніка.

Юныя ленінцы працавалі на будаўніцтве стадыёна ў раённым аб’яднанні “Белсельгастэхнікі”. Піянеры ўбралі некалькі тон труб і камення, уклалі да 500 цаглін. На школьнай тэрыторыі выкарчавалі кусты, ускапалі клумбы. У гарадскім скверы рабяты падмялі дарожкі, убралі смецце. На рабоце асабліва вызначыліся Людміла Беластоцкая, Уладзімір Буйлоб, Марыя Чэрнік, Наташа Галваноўская, Мікалай Шарапаў, Рамуальда Ліхач, Алег Акушэвіч, Уладзімір Балашка, Яўгеній Вераб’ёў.

ЗА БЕЗГАСПАДАРЧАСЦЬ– ЗВАЛЬНЕННЕ

У сельгасарцелі “1 Мая” льнотраста захоўваецца ў памяшканні, дах якога працякае, – такі факт высветліў раённы камітэт народнага кантролю.

Брыгадзір трэцяй брыгады ведаў, што каштоўнейшая прадукцыя псуецца, але ніякіх мер не прыняў. У выніку каля паўтоны трасты згніло. Са сцелішча было паднята 280 кілаграмаў трасты. Але яна так і засталася на полі, праляжала пад дажджом і поўнасцю згніла. Па віне брыгадзіра калгасу нанесена страта на суму 280 рублёў 80 капеек. За гэта на брыгадзіра накладзены грашовы налік у памеры двухмесячнага акладу – 140 рублёў. Разглядаецца пытанне аб адпаведнасці брыгадзіра займаемай пасадзе.

САКАЛІНАЕ ВОКА

Іван Іванавіч Станкевіч – працоўны чалавек, старшыня рэвізійнай камісіі калгаса “Краіна Саветаў”, аднак паспявае выконваць абавязкі і няштатнага супрацоўніка аддзела міліцыі.

…Кірмаш у Гародзьках быў у поўным разгары. Вялікая плошча да адказу запоўнена людзьмі. У гэтай мітусні ніхто не звярнуў увагі на вёрткага мужчыну, які хадзіў між радоў, ціскаючыся ў натоўпе людзей. Вось ён заклапочана закруціўся каля грамадзяніна Бартоша, неўзабаве пачаў паціху падавацца да выхаду. Раптам пачуўся крык: “Грошы, грошы прапалі!” Людзі кінуліся на пошукі злодзея. Асабліва актыўна дзейнічаў І. І. Станкевіч, які аказаўся паблізу. Злодзей хутка быў злоўлены.

НА ЎСЕ РУКІ МАЙСТАР

“…Што ні замысліць, то ўсё зробіць, і так прыгоніць, так аздобіць, што і для вока нават міла”.

Хто не памятае гэтыя радкі пра дзядзьку Антося з паэмы “Новая зямля” Я. Коласа? На ўсе рукі майстры ёсць у калгасе “Чырвоны сцяг”. Тут больш за 50 будаўнікоў. Узяць, да прыкладу, братоў Адама і Іосіфа Сушаў. Яны ўмела выконваюць цяслярныя, сталярныя, бетонныя, тынковачныя і іншыя работы.

Некалькі будаўнічых спецыяльнасцей маюць Іосіф Смольскі, Анатоль Чараповіч, Яўстафій Фурс, Эдуард Урбан.

ДЗЯКУЙ ЗА КЛОПАТ!

Для ўрача мала ведаць сваю справу, мець пад рукой неабходныя медыкаменты. Патрэбна яшчэ мець добрую, ласкавую душу, шчыры характар, якія ёсць у медыкаў Пяршайскай бальніцы.

Заўсёды чулыя да пацыентаў урач Аляксандра Фёдараўна Апацёнак, медыцынскія сёстры С. Жыдаловіч, Д. Паташ, Т. Зенька і санітаркі Е. Пейцаковіч, Р. Бобрык, С. Голуб.

 

КАНОПЛІ ДАПАМАГАЮЦЬ У НАВУЦЫ

Вучні Сугваздаўскай васьмігодкі сабралі багаты ўраджай з прышкольнага ўчастка, які займае ўсяго 1 гектар.

Караняплоды, бабовыя, бахчавыя культуры вырошчваюць юннаты пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Ганны Лаўрэнцьеўны Салагуб. У гэтым годзе юныя мічурынцы атрымалі добры ўраджай агуркоў, капусты, патысонаў, кабачкоў, памідораў, фізалісу, чорнага рускага бобу, кукурузы, соргі, вывелі новы сорт бульбы – “школьная фіялетавая”. Цікавы дослед правялі яны з цеплалюбівай дыняй, насенне якой праляжала ў “Кутку юнната” 9 гадоў. Гэта паўднёвая госця ўрадзіла на славу. Для вывучэння двухдомных раслін на ўчастку нават пасадзілі каноплі.

Старонкі газеты гартала Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий