МІНУС ПЯЦЬ КІЛАГРАМАЎ – ДЫВІДЭНДЫ ДЛЯ ЗДАРОЎЯ

Общество

Штогод 14 лістапада праходзіць Сусветны дзень барацьбы з дыябетам.

У гэты дзень нарадзіўся Фрэдэрык Банцінг, які ў 1921 годзе ўпершыню прапанаваў выкарыстоўваць інсулін для лячэння цукровага дыябету.

Першы Дзень дыябету прайшоў у 1991 годзе па ініцыятыве Міжнароднай дыябетычнай федэрацыі і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Цукровы дыябет – адна з найважнейшых медыка-сацыяльных праблем сучаснасці. Колькасць людзей, якія пакутуюць дыябетам, павялічваецца вельмі хутка, апярэджваючы ўсе прагнозы. Лічаць, што да 2025 года хворых можа стаць 380 мільёнаў чалавек, ці 7,4 працэнта насельніцтва планеты. Кожныя 10 секунд з-за дыябету на зямлі памірае чалавек, кожныя 30 секунд з-за гэтай каварнай хваробы ў кагосьці праводзіцца ампутацыя ніжніх канечнасцей. Дыябет з’яўляецца асноўнай прычынай слепаты, нырачнай недастатковасці і захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Дыябет – адзінае неінфекцыйнае захворванне, узятае пад кантроль Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый.

Прафілактыка дыябету – гэта, у першую чаргу, барацьба з атлусценнем, якое прыводзіць да зніжэння адчувальнасці клетак да інсуліну і павелічэння масы цела. Як правіла, гэты тып цукровага дыябету ўзнікае пасля сарака гадоў, але зараз ён дыягнастуецца нават у дзяцей, якія маюць лішнюю вагу.

Каб папярэдзіць рызыку развіцця цукровага дыябету такога тыпу, трэба строга кантраляваць сваю вагу. Даказана, што пры зніжэнні масы цела на пяць кілаграм, рызыка развіцця дыябету памяншаецца на 50-58 працэнтаў, а смяротнасць скарачаецца на 40 працэнтаў.

Алена ІОДА,

урач-эндакрынолаг райпаліклінікі.

 



Добавить комментарий