Падпіска

На Кошт раённай газеты на месяц на IV квартал 2017 года:

індывідуальная – 4 руб.,

ведамасная – 6 руб.

 

 

 

За што я люблю раённую газету?

Зоя Макараўна ЗАДОРА,

Герой Сацыялістычнай Працы:

– Я – падпісчык са стажам. Цаню выданне за вернасць традыцыям. Цудоўна, што “Працоўная слава” была і застаецца носьбітам добрых навін, карыснай інфармацыі. У любое надвор’е і пры любым самаадчуванні паход да паштовай скрынкі за любімай газетай для мяне абавязковы. Як спецыяліст сельскай гаспадаркі ў першую чаргу цікаўлюся матэрыяламі, што знаёмяць чытачоў з вынікамі працы вяскоўцаў. Вывучаю зводкі з паказчыкамі па надоях малака, пасяўной і ўборачнай кампаній. Радуе, што зараз газета аформлена ў адпаведнасці з сучаснымі тэхналогіямі. На віншавальнай старонцы можна бачыць партрэты юбіляраў. Шкадую, што ўсё радзей сярод герояў газетных палос бачу знаёмыя твары.

 

 

Анатоль Васільевіч ЗЯНЬКО,

старшыня суда Валожынскага раёна: 

– Неяк раз давялося ехаць цягніком у адпачынак. Пакуль суседзі па купэ раскладалі свае рэчы, я дастаў “Працоўную славу” і пачаў праглядаць. Незнаёмцы нечакана абрадаваліся і папрасілі даць ім пачытаць газету. Аказалася, што іх сямейныя карані з Валожыншчыны. Яны бывалі ў нашых краях: гасцілі ў сваякоў, нават раз гулялі на вяселлі. І пры кожным візіце ім траплялася на вочы вось гэта газета, часам менавіта ў яе запакоўваліся і нейкія няхітрыя вясковыя гасцінцы. Тая дарога была прыемнай і не падалася доўгай. Мы шмат размаўлялі, потым абмяняліся тэлефонамі і дамовіліся аб сустрэчы ўжо на валожынскай зямлі. Праз некаторы час новыя знаёмыя і сапраўды прыехалі, пабывалі на магілках продкаў, былі ўражаны, як змяніўся наш горад, раён. На памяць аб візіце павезлі дадому некалькі нумароў “Працоўнай слава” з матэрыяламі аб мінуўшчыне нашага рэгіёну, яго славутых людзях. Казалі, што газеты абавязкова захаваюць, каб і дзеці ведалі, з якога слаўнага краю яны родам…

 

Марына Ігараўна ВЯРШЫЦКАЯ,

тэхнічны работнік Валожынскага ўнівермага:

– Заўсёды цікава ведаць не толькі, чым жыве свет, краіна, але і быць у курсе апошніх падзей Валожыншчыны. А дзе яшчэ знойдзеш свежыя навіны пра жыццё раёна, як не на старонках “Працоўнай славы”? У нашай сям’і газету чытаюць не толькі дарослыя, але і моладзь. Напрыклад, мой 17-гадовы сын аддае перавагу матэрыялам РАУС і ДАІ, калонцы “Тэлефон міліцыі”. За ўсе 30 гадоў, на працягу якіх выпісваем раёнку, адзін раз здарылася “ЧП”, калі выпадкова на наш адрас на родную газету не аформілі падпіску. Аднак мы не здрадзілі “Працоўнай славе” – на працягу каляндарнага квартала куплялі яе ў магазіне. Часта тут сустракаю фота і цёплыя, станоўчыя замалёўкі пра сваіх знаёмых. Была невялікая інфармацыя, як пра шматдзетную маці і пра мяне, карэспандэнты фатаграфавалі і маіх дзяцей – захоўваю гэтыя нумары: калі цябе заўважылі, напісалі добрае слова – вельмі прыемна.

 

Таццяна Іосіфаўна СТАНКЕВІЧ, настаўнік Яршэвіцкага ВПК:

– Раённая газета ўвайшла ў маё жыццё ў дзяцінстве, і з таго часу я з ёй не расстаюся. Раней бацькі, а цяпер я кожны квартал спяшаюся падпісацца на “Працоўную славу”, яна стала неад’емнай часткай жыцця нашай сям’і. Муж пасля працы заўсёды стараецца пагартаць раёнку, разам абмяркоўваем прачытанае. Цікавімся рэгіянальнымі навінамі, пра якія можна даведацца толькі з мясцовага выдання. Гэта мне дапамагае і ў рабоце з вучнямі. Радасна бачыць на старонках газеты твары знаёмых людзей, пачытаць і адкрыць для сябе нешта новае пра іх. Люблю жыццёвыя гісторыі пра няпростыя людскія лёсы, не пакідаю па-за ўвагай віншаванні і сама бывае віншую праз газету сваіх родных і блізкіх. Прыемна, калі святочныя нумары друкуюцца ў поўнакаляровым фармаце. З нецярпеннем чакаю кожны новы выхад.

 

Алена Віктараўна МАРУКЕВІЧ, жыхарка вёскі Подберазь:

– Без роднай газеты “Працоўная слава”, як без рук! У час кароткага адпачынку ад хатняй працы люблю пачытаць віншаванкі. Радуюся, калі даведваюся, што ў некага дзеці ўжо стварылі свае сем’і, нарадзіліся ўнукі. Не абыходжу ўвагай рэкламу. Цікаўлюся нават тады, калі нічога не купляю і не прадаю. Гэта інфармацыя лішняй не бывае, здараецца, што падчас гаворкі з суседзямі ці выпадковымі субяседнікамі яна і спатрэбіцца. З “раёнкі” даведваюся пра падзеі і навіны, ахвотна чытаю пра мінуўшчыну роднага краю. Некаторыя нумары, у якіх напісана пра блізкіх ці знаёмых, абавязкова захоўваю. Таму на гэту газету аформіць падпіску стараюся ў першую чаргу.

 

Святлана Яўгеньеўна СІЛІНА, галоўны бухгалтар сялянскай гаспадаркі “Сілін”:

– “Працоўную славу” любілі і паважалі яшчэ мае бабуля і дзядуля. Чыталі заўсёды ад першага да апошняга радка. Таму можна сказаць, што газета адыграла важную ролю ў маім выхаванні. Люблю чытаць артыкулы аб цікавых людзях, падабаюцца інтэрв’ю. Часта задумваюся, як бы я адказала на тое ці іншае пытанне. Ведаю, многім не падабаецца, што ў газеце шмат рэкламы, але яна таксама патрэбна. Мы з мужам часта карыстаемся магчымасцю прапанаваць штосьці жыхарам раёна праз аб’яву ў газеце і неабходныя нам паслугі таксама вышукваем на яе старонках. Як можна жыць, не цікавячыся навінамі роднай Валожыншчыны, – не разумею?! Для мяне “Працоўная слава” – і дарадца, і памочнік, і прыемныя хвіліны сустрэч з героямі аповедаў любімых аўтараў.

 

Марына Аляксандраўна РУТА, пенсіянерка з Валожына:

– Заўсёды стараюся, каб раённая газета не абмінала мой дом. Чытаю з ахвотай. У ёй ёсць нешта магічнае. Памятаю, гадоў колькі назад я перадала ў “Працоўную славу” фатаграфіі бацькі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Здымкі тыя ведаю да драбніц, часта разглядаю. Але калі яны з’явіліся ў газеце, то ўскалыхнулі па-іншаму. Я адчула іх непаўторнасць, наколькі яны важныя і для маёй сям’і, і для нашай агульнай гісторыі. Да выхаду на заслужаны адпачынак працавала бухгалтарам у жылкамунгасе. Радуюся, калі даведваюся, што ў гэтым калектыве добра ідуць справы. Ды і наогул, люблю чытаць пра поспехі, пра пазітыўных людзей, пра перамены да лепшага.

 

Святлана ШНІП, настаўніца Пугачоўскай СШ: 

– Вернасць традыцыям дапаўняе наша жыццё і робіць чалавека духоўна багацейшым. Выпісваць “Працоўную славу” здаўна стала добрай традыцыяй у нашай сям’і. Калісьці пра гэта клапацілася мая мама, а зараз ужо я пільнуюся, каб любімае выданне заўсёды прысутнічала ў паштовай скрыні. Вяскоўцы любяць чытаць родную газету, не раз чула, як яны абмяркоўваюць нейкі цікавы матэрыял або артыкул пра знаёмага чалавека. “Працоўная слава” не раз выручала мяне, калі з вучнямі неабходна было правесці выхаваўчую ці інфармацыйную гадзіну. Як гісторык заўсёды атрымліваю асалоду ад гістарычных вестак пра мінуўшчыну нашай мясцовасці, пра нашых славутых землякоў. Таму развітвацца з раёнкай не збіраюся.

 

Дзяніс ПАЧЫКОЎСКІ, начальнік Валожынскага аддзялення Дэпартамента “Ахова”: 

– Падпісчыкам “Працоўнай славы” з’яўляюся нядаўна, і яна адразу ж стала для мне самым запатрабаваным выданнем. Сакрэт, думаю, у тым, што толькі на яе старонках сустрэнеш тое, чаго не прачытаеш у іншых газетах: мясцовыя навіны, праблемы, інфармацыя пра знаёмых людзей і працоўныя калектывы. Здаецца, усю паднаготную пра тую ці іншую арганізацыю ведаеш, але заўсёды цікава, як журналісцкае вока ацэньвае яе матэрыяльнае ці вытворчае становішча. А бывае, што жывеш побач з чалавекам і нават не здагадваешся, які багаты ў яго ўнутраны свет, якімі талентамі ён надзелены. Так што раённая газета хоць і новы мой сябар, але запатрабаваны і надзейны.

 

Віталій Вячаслававіч ЮРАЛЕВІЧ, гукарэжысёр раённага Цэнтра культуры:

– Сябрую з “Працоўнай славай” 15 гадоў. У першую чаргу сачу за навінамі мясцовай эканомікі, сацыяльнай сферы, звяртаю ўвагу на матэрыялы пад рубрыкамі “Да ведама”, “Афіцыйна”. Пастаянна чытаю калонку “Тэлефон міліцыі-102”. Падабаюцца заметкі аб простых людзях у рубрыках “Прызванне і прызнанне”, “Чалавек і яго справа”. Радуюся, калі ў газеце сустракаю фота і замалёўкі пра маіх калег. Аднойчы я таксама патрапіў на старонку “Працоўнай славы”. Фотакарэспандэнт Д. Мікітовіч заўважыў ува мне знешняе падабенства з галівудскім акцёрам Нікаласам Кейджам і змясціў маё фота ў праект “Конкурс двайнікоў”, які некалі карыстаўся ў падпісчыкаў вялікай папулярнасцю. Такая нечаканая слава, безумоўна, узмацніла мой чытацкі інтарэс.

 

Святлана Мар’янаўна КЛІМАШЭЎСКАЯ, загадчыца Івянецкай гарпасялковай бібліятэкі: 

– “Выпісваць “Працоўную славу” мяне пабуджаюць дзве прычыны: заклік душы і прафесіянальны інтарэс. Хочацца быць у курсе падзей раёна, ведаць, як ідуць справы ў калег, чытаць пра знаёмых людзей. Газета даўно стала і верным сябрам, і разумным дарадцам.

Асаблівую цікавасць выклікаюць матэрыялы па краязнаўству, гісторыі. У нашай бібліятэцы створана краязнаўчая картатэка, дзе можна адшукаць звесткі пра населеныя пункты раёна, сабраныя за шмат гадоў.

Раёнка заўсёды дае магчымасць чытачам падзяліцца сваімі меркаваннямі з землякамі, расказаць пра здабыткі працы і жыцця, павіншаваць дарагога чалавека. Зараз хапае самых розных выданняў, але роднай, сваёй застаецца любімая “Працоўная слава”.

 

Марыя Браніславаўна САЕВІЧ, жыхарка вёскі Калдыкі:

– У сучасных умовах крыніц інфармацыі хапае. Раёнка сярод усіх вызначаецца пазітыўнасцю, пачытаеш добрыя словы пра некага знаёмага – і парадуешся. Відаць, гэта і ёсць галоўны сакрэт “Працоўнай славы” – несці станоўчыя эмоцыі. Дастаткова ў ёй і інфармацыі. Заўсёды цікава быць у курсе падзей нашага рэгіёну, ведаць, чым жыве раён, суседнія вёскі. Люблю матэрыялы, якія закранаюць тэмы маралі, людскія лёсы. Чытаць свежы нумар пачынаю з віншаванняў на апошняй старонцы. Даводзілася і самой карыстацца гэтай традыцыяй – праз газету выказваць шчырыя словы пажаданняў дарагому чалавеку з нагоды юбілею. Таму і стараюся, каб раённая газета ніколі не абмінала мой дом. Маю за плячамі немалы багаж гадоў, таму магу сказаць: самая вострая патрэба ў жыцці ні ў нечым выключным, а ў простых рэчах. Такіх, як чыстая вада ў студні, хлеб-соль на стале. І свая родная газета. Такая знаёмая, але заўсёды новая…

 

Вітольд Іванавіч Пліскоўскі, жыхар вёскі Яршэвічы:

– Мы з жонкай даўно ўжо на пенсіі, колькі сябе помнім, сябруем, з раённай газетай. Ніколі не было такога, каб забыліся аформіць падпіску на “Працоўную славу”. Заўсёды з нецярпеннем чакаем кожнага новага нумара, чытаем усё па парадку ад першай да апошняй старонкі, а пасля абмяркоўваем атрыманую інфармацыю. Калі наведваюцца дзеці, якія даўно жывуць у Мінску, то і яны стараюцца скарыстаць магчымасць пагартаць старонкі роднага з дзяцінства выдання. Прыемна бачыць у газеце знаёмыя твары, чытаць пра тых, з кім жывеш побач. Мне і самому прыходзілася неаднаразова звяртацца ў рэдакцыю, каб павіншаваць блізкіх людзей альбо выказаць спачуванне ад настаўнікаў-пенсіянераў Яршэвіцкай школы. І ў горы, і ў радасці раёнка заўсёды разам з намі.

 

Таццяна Віктараўна БАРЭЙША, вядучы бухгалтар цэнтральнай раённай аптэкі № 123:

– “Працоўная слава” даўно стала маёй добрай сяброўкай. Ёй заўсёды рады ў нашай хаце. Раёнка прыйшла ў маё жыццё з дзяцінства, яе выпісвалі бабуля і маці. Вельмі падабаецца, што газета друкуецца на беларускай мове, адчуваеш асалоду ад кожнай прачытанай старонкі. Люблю чытаць пра падзеі ў раёне, пра прадпрыемствы і іх дасягненні, рубрыкі “Да ведама” і “Дзелавая пошта” дапамагаюць у паўсядзённым жыцці. З гонарам за нашых землякоў чытаю на “Літаратурнай старонцы” вершы Міхася Курылы, Марыі Шакун, Валянціны Гіруць-Русакевіч і інш. Газета падабаецца, чытаецца на адным дыханні. Кожны раз з нецярпеннем чакаю новы нумар.

 

Ірына Міхайлаўна ЗЯНЬКО, дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі:

– З “Працоўнай славай” звязана маё прафесіянальнае жыццё.  Падшыўку з газетай трымаю пад рукой, бо ў ёй друкуецца патрэбная для работы інфармацыя, раскрываюцца многія цікавыя факты. Як чытачка і пастаянная падпісчыца газеты аддаю перавагу матэрыялам пад рубрыкай “Людзі і лёсы”: чытаю пра няпростае жыццё герояў гэтых расказаў, суперажываю ім. Вельмі каштоўныя для мяне і матэрыялы гістарычнага характару. Паколькі з вёскі мае карані, падабаецца тэматычная старонка “Ход канём”, тут змяшчаюцца шматлікія цікавыя і пазнавальныя факты. У дадатку “Для Вас” заўсёды адкрываю для сябе нешта новае – гэта і рэцэпты, і каштоўныя парады.

З задавальненнем сачу за замалёўкамі, у якіх расказваецца пра лепшых прадстаўнікоў працоўных калектываў раёна. Гэта героі, з якімі можаш штодзень сустракацца на вуліцы і не ведаць пра іх залатыя рукі і выключны прафесіяналізм. Дзякую газеце за магчымасць пазнаёміцца з імі па-новаму!

 

Віктар Рамуальдавіч САДОЎСКІ, старшы майстар Вішнеўскага аператыўна-эксплуатацыйнага пункта Маладзечанскіх электрасетак: 

– На “раёнку” падпісацца заўсёды стараюся ў першую чаргу. Здаецца, простае пытанне: “За што я яе люблю?”, а вось адказаць складана. Зрэшты, любоў такое пачуццё, якое не паддаецца нейкім лагічным тлумачэнням. “Працоўная слава” для мяне, як сімвал малой радзімы. На яе старонках – знаёмыя прозвішчы, твары, назвы населеных пунктаў, ды і мова свая, тутэйшая, якую цяпер не так часта сустрэнеш у друкаваным варыянце. Раённая газета заўсёды трымае чытача ў курсе мясцовых навін. Можа яны і не глабальнага характару, але гэта тое, чым мы жывём кожны дзень. А яшчэ з асалодай чытаю матэрыялы, у якіх сустракаюцца звесткі пра мінулыя часы нашага краю. Асабліва цікава, калі яны падаюцца праз людскія лёсы.

 

Генрых Маркавіч АРЦІШЭЎСКІ, жыхар в. Пяршаі:

— На кожны квартал я выпісваю перыёдыкі не менш, чым на 200 000 рублёў, а пра тое, каб мець раёнку, клапачуся ў першую чаргу. Ды і агляд пошты заўсёды пачынаю з «Працоўнай славы». Прыемна, што наша мясцовая газета на фоне іншых не губляецца, яна цікавая і актуальная. Шчыра кажу, што без раёнкі не ўяўляю свайго жыцця. Я падпісчык са стажам, выпісваў газету яшчэ ў тыя часы, калі яна называлася «Іскра». Калісьці я быў знаёмы, працаваў з многімі выдатнымі людзьмі, імёны якіх назаўсёды ўпісаны ў гісторыю раёна. Матэрыялы пра іх жыццё і дзейнасць чытаю, перачытваю і нават захоўваю. «Працоўная слава» дае магчымасць быць у курсе жыцця раёна.


Наталля Паўлаўна ЛОЎЧАЯ, дырэктар раённага краязнаўчага музея:

– З “Працоўнай славай” звязана ўсё маё прафесійнае жыццё. Яшчэ калі працавала ў бібліятэчнай сістэме, увесь час падшыўку з газетай трымала пад рукой, бо ў ёй заўсёды друкуецца патрэбная для работы інфармацыя, раскрываюцца многія цікавыя факты. Як чытачка і пастаянная падпісчыца газеты аддаю перавагу матэрыялам пад рубрыкай “Людзі і лёсы”. Бывала, не магу стрымаць слёз, калі чытаю пра няпростае жыццё герояў гэтых аповедаў, перажываю за іх. Так як з вёскі мае карані, падабаецца тэматычная старонка “Ход канём” – тут таксама змяшчаюцца шматлікія цікавыя і пазнавальныя факты.

З задавальненнем сачу за замалёўкамі, у якіх расказваецца пра лепшых прадстаўнікоў працоўных калектываў раёна. Гэта свайго роду таксама героі, з якімі можаш штодзень сустракацца на вуліцы і не ведаць пра яго залатыя рукі і выключны прафесіяналізм. Дзякую газеце за магчымасць пазнаёміцца з імі па-новаму!

 

Уладзіслава Міхайлаўна ГОЦЫК,жыхарка в. Подберазь:

– Куды мы можам яшчэ звярнуцца, калі здарылася бяда ці, наадварот, душа просіць выказаць падзяку або захапленне? Толькі ў раёнку! Тут і пра жыццё суседзяў даведаешся, і пра навіны рэспублікі, і карысныя парады адшукаеш. Таму «Працоўная слава» застаецца ў нашай сям’і самай запатрабаванай і любімай.

 

Васіль Антонавіч РАМАНОВІЧ, жыхар в. Дубіна-Юрздыцкая:

– Родная газета, на старонках якой знаёмыя прозвішчы, твары, заўсёды будзе для людзей самай патрэбнай і любімай. Гэта сваё, неад’емнае. Раёнка таму і каштоўная. «Працоўную славу» выпісваю даўно. Зараз хапае самых розных перыядычных выданняў. Але яны — бы тыя чужыя песні, якія прыемна слухаць, а вось спяваць будзеш тое, што ўмееш, ведаеш. Таму для мяне наша газета – адзін з галоўных атрыбутаў радзімы, як родная мова, родная песня, яе сваякі…

 

Аляксандр Сцяпанавіч БЯЛЯЎСКІ, інжынер па ахове працы, старшыня прафсаюзнага камітэта РУП “Валожынскі жылкамунгас”:

Пра падзеі, што адбываюцца ў раёне, ніхто не раскажа лепш, чым райгазета. Асабліва цікава і па-новаму раскрываюцца ўжо знаёмыя валожынцы ў рубрыцы “Сустрэчы па пятніцах”. Добра, што знаёміце чытачоў са знакамітымі землякамі. Гэта наш гонар. Хочацца, каб раёнка працягвала пісаць пра старанных, працавітых людзей. Іх хапае ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі: і ў будаўнічай, і ў гандлёвай, і ў дарожнай, і ў жыллёва-камунальнай. Цікаўлюся і матэрыяламі, якія асвятляюць работу прафкамаў арганізацый і прадпрыемстваў.

 

Ірына Мікалаеўна СКІДАН, спецыяліст ракаўскага аддзялення ААТ «АСБ Беларусбанк»:

— Райгазету звычайна купляю ў краме, так для мяне зручней. Перш за ўсё цікавяць навіны раённага маштабу. Не абыходзяць карэспандэнты ў сваіх публікацыях і наш рэгіён. На старонках сустракаю шмат матэрыялаў пра ракаўскіх настаўнікаў, бібліятэкараў, працаўнікоў сельскай гаспадаркі, маладых спецыялістаў. Асабліва люблю чытаць пра нейкія незвычайныя здарэнні, выпадкі, жыццёвыя гісторыі з павучальным сэнсам. Як і любая жанчына, рэгулярна заглядаю ў дадатак «Для вас», нават асобна яго падшываю. Люблю эксперыментаваць на кухні, спрабую новыя рэцэпты, ды і касметычныя парады заўсёды да месца. Так што раёнка адпавядае ўсім патрабаванням нашага часу.


Леанарда Іосіфаўна ЛЯМБОВІЧ, жыхарка г. п. Івянец.

«Працоўную славу» лічу адным з любімых выданняў. Выпісваю з маладых гадоў. Ганаруся Івянцом і яго людзьмі.

Люблю чытаць звесткі з раёна, вобласці, краіны. Найбольш падабаюцца ў раённай газеце матэрыялы пад рубрыкамі «Простыя людзі», «Лёсы людскія», «Агляд падзей», «Літаратурная старонка», гістарычныя нарысы пра Івянец, Ракаў, Валожын.

«Працоўная слава» заваёўвае сэрцы дакладнай інфармацыяй, жывой мовай, душой, укладзенай у кожны матэрыял.

З задавальненнем слухаю Валожынскае радыё.

Дзякуй за працу і старанне калектыву рэдакцыі.

 

Ала Чаславаўна РУЦЬКО, інспектар аддзялення сацыяльнай дапамогіна доме ў Івянцы:

— Не магу сказаць, што райгазету выпісваю ўсё жыццё, хоць і карэнная жыхарка Івянца. Былі перапынкі. Аднак апошнія гадоў пяць з раёнкай сябрую цесна. Найбольш люблю матэрыялы пад рубрыкамі «Лёсы людскія», «Аўтографы жыцця», гістарычныя нарысы пра Валожын, Івянец, Ракаў, іншыя населеныя пункты раёна. Заўсёды паўстаюць нейкія невядомыя старонкі гісторыі, пра якія, каб не газета, можа ніколі б і не даведалася. Паколькі наша служба цесна працуе з састарэлымі, нямоглымі людзьмі, многія з якіх ужо не выходзяць з дому, з-за хваробы вачэй не могуць чытаць, ім даводзіцца расказваць пра падзеі ў раёне, у гарпасёлку. І тут на дапамогу зноў прыходзіць раёнка як асноўная крыніца інфармацыі.

 

Ірына Анатольеўна ПАСЕКА, кіраўнік спраў Валожынскага сельвыканкама:

– Я даўняя і пастаянная чытачка раёнкі. Ужо больш за 30 гадоў трымаю яе ў руках. Таму з лёгкасцю магу параўнаць газету розных гадоў, ацаніць, як яна мяняецца і дынамічна развіваецца. Шмат гадоў сябравалі з “Працоўнай славай” і мае бацькі, карэнныя жыхары Валожына. Раёнка стала інфармацыйна больш насычанай, усе навіны, што называецца, дыхаюць жыццём. Асабліва прыгожыя – каляровыя святочныя нумары, у іх звычайна расказваецца пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, заслужаных людзей, пра працоўныя калектывы, арганізацыі і іх работнікаў. Прыемна чытаць пра дбайных гаспадароў з населеных пунктаў нашага сельсавета. Большасць з іх маюць сапраўды ўзорныя сядзібы. Цікава даведацца, чым жывуць і суседнія сельсаветы. Мне, як і любой жанчыне, падабаецца дадатак “Для Вас”. Многае гатую па яго рэцэптах, карыстаюся парадамі і прапановамі на сваім прысядзібным участку. Пажадана было б аднавіць і праект “Матчына песня”, мала дзе зараз пачуеш старыя спевы.

 

Алена Іванаўна ГУЛІЧ, галоўны бухгалтар Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната:

– Ужо даўно аформіла падпіску на трэці квартал бягучага года. І нават не было ніякага сумнення, якую выбраць газету. Вядома ж, – родную раёнку, нягледзячы нават на тое, што яна крыху падаражэла. Мая сям’я сябруе з “Працоўнай славай“ ужо даўно. Яна стала нашай любімай газетай. На старонках раёнкі прадстаўлены ўсе асноўныя тэмы, добра, што ў кожным нумары друкуецца і падборка рэспубліканскіх навін. Люблю пачытаць рэпартажы з розных раённых мерапрыемстваў. Заўсёды з цікавасцю разглядваю фотаздымкі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і шчыра радуюся, што гэтыя заслужаныя, паважаныя людзі жывуць на зямлі, сустракаюць разам з намі святы, адзначаюць знамянальныя даты. Падабаюцца замалёўкі пра людзей, жыццёвыя гісторыі. Хоць мае сын і дачка ўжо даўно дарослыя, аднак не прапускаю і тэматычную старонку “Нашы дзеці”.

 

Леакадзія Васільеўна ДЗЯНІСІК, загадчыца Дорскага ФАПа:

– З раёнкай сябрую даўно. Выпісваю яе аж з 1973 года. Без гэтай крыніцы інфармацыі ўжо не магу абыходзіцца. І гэта не толькі сіла звычкі. Газета падабаецца сваім зместам, удалымі фотаздымкамі. Чытаю літаральна ўсё, што надрукавана на яе старонках. Асаблівы інтарэс у мяне выклікаюць матэрыялы гістарычнага плана. Шмат новага даведалася пра розныя населеныя пункты раёна, у прыватнасці, пра Вішнева, Івянец. Хочацца дачакацца, пакуль журналісты падрабязна раскажуць пра гісторыю паходжання знакамітых людзей нашых Дораў. Думаю, што многія вяскоўцы ацанілі выхад у свет праекта па развіцці падсобнай гаспадаркі “Ход канём”. Тут змяшчаецца нямала карысных практычных парад. Падабаюцца замалёўкі пра лепшых людзей, тэматычны дадатак “Для вас”.

 

Марына Іванаўна МАЙСЕВІЧ, намеснік старшыні СВК “Пяршаі-2003” па ідэалагічнай рабоце:

– “Працоўную славу” без перабольшання магу назваць любімым сваім выданнем. Гэта крыніца новых звестак з раёна, вобласці, краіны. З задавальненнем чытаю пра перадавікоў нашай гаспадаркі, якія, да гонару, частыя госці на старонках раённай газеты, а таксама пра розныя добрыя справы ў калектыве. Як жанчыне, падабаецца інфармацыя пад рубрыкай “Гаспадыні на заметку”. Радуе і тое, што ў газеце павялічылася колькасць рэкламы, а разам з ёй разнастаіліся і прапануемыя насельніцтву паслугі.

З 18-ці гадоў “Працоўная слава” для мяне верная сяброўка. І я жадаю газеце, каб аўдыторыя яе падпісчыкаў пастаянна павялічвалася, а аўтарытэт рос: для гэтага ёсць усё неабходнае!

 

Ала Віктараўна КЛІМКОВА, дырэктар Вішнеўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа:

– З 1987 года, як прыбыла ў раён на работу, “Працоўная слава” стала для мяне добрай сяброўкай, верным спадарожнікам і надзейным дарадчыкам. Чытаць выпісаныя выданні пачынаю выключна з раёнкі, дакладней – з першай яе старонкі, дзе інфармацыя заўсёды кароткая, стрыманая, але “жывая” і актуальная. Таксама падабаюцца праводзімыя карэспандэнтамі апытанні, з цікавасцю сачу за матэрыяламі з іншых школ раёна. Жыццёвыя гісторыі, вясельныя і іншыя тэматычныя фотаздымкі надаюць раённаму выданню своеасаблівы шарм.

Па-праўдзе, не хапае колеру, які доўгі час быў візітнай карткай раёнкі. Магчыма, цікавай для рэдакцыі падасца і прапанова ўвесці новы конкурс забаўляльных фотаздымкаў пра прыроду, хатніх жывёл, цікавыя моманты з жыцця. Мы дакладна б даслалі туды некалькі сваіх работ.


Іван Міхайлавіч ДЗЕМЕШ, фельчар Гародзькаўскай амбулаторыі:

– У асабістай падшыўцы маю шмат выданняў. Аднак на асобным месцы – раённая газета, верным чытачом якой застаюся ўжо шмат гадоў. Тут матэрыялы на любы чытацкі густ: і інфармацыяй забяспечваюць, і прымушаюць паразважаць. З задавальненнем чытаю пра калег. Падабаецца, што “Працоўная слава” дае слова вузкапрофільным спецыялістам-медыкам: калі якое-небудзь пытанне цікавіць чытача, аб гэтым трэба гаварыць. Паспеў ацаніць і праект “Куток здароўя”. Паколькі я чалавек мясцовы і ўсё жыццё прапрацаваў у раёне, добра памятаю многія падзеі, пра якія згадваецца ў інфармацыйна-гістарычным праекце “Іскра”, ды і паралелі з сучаснасцю ёсць магчымасць правесці. Відавочна, што газета не баіцца мяняцца, і таму заўсёды цікавая.

 

Марыя Аляксандраўна БАЛДОЎСКАЯ,

жыхарка вёскі Няровы:

– Маё знаёмства з газетай адбылося ў бацькоўскім доме ў Клімах – у тую пару яна яшчэ насіла назву “Іскра”. З таго часу, як стала на самастойную працоўную сцяжыну, ніводнага разу не прапусціла падпісную кампанію. У “Працоўнай славе” люблю чытаць літаральна ўсё – для мяне не існуе нецікавых тэм. Надзвычай падабаюцца матэрыялы пад рубрыкай “Сустрэчы па пятніцах”, некаторыя – пра блізкіх мне людзей – захоўваю і раз-пораз перачытваю. Шчыра ўдзячна калектыву рэдакцыі за яго стваральную працу.

 

Святлана Міхайлаўна РУБАН,

галоўны заатэхнік ААТ “Лоск”:

– Мне “Працоўная слава” падабаецца тым, што на старонках выдання можна знайсці матэрыялы на любы густ. Як спецыяліст сельгасвытворчасці заўсёды з цікавасцю стаўлюся да артыкулаў пра работнікаў і кіраўнікоў гаспадарак раёна. Чытаю ўсё, што тычыцца жывёлагадоўлі. Ніколі не прапускаю рубрыкі, якія знаёмяць з неардынарнымі людзьмі, моладдзю. Люблю рэпартажы з мерапрыемстваў, навіны культуры. Лічу нялішнімі і парады па кулінарыі, дамаводстве. Шчыра спадзяюся, што ў новым годзе газета будзе, як і заўсёды, насычана цікавай і карыснай інфармацыяй.




приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars