ПАД ВЕТРАЗЯМІ ПАЗНАННЯ

Молодежный курьер

Валожыншчына, авеяная сівой старажытнасцю, з яе ўнікальнай прыродай можа зацікавіць нямала вандроўнікаў. Галоўнае, скласці правільны план дзеянняў, сабраць тыя “россыпы дыяментаў” нашай спадчыны і выгадна прыпаднесці гэты гістарычны скарб гасцям-падарожнікам. Менавіта так слушна ў свае няпоўныя дваццаць гадоў разважае Крысціна КАВЯЗА, інструктар-метадыст па турызме.

Дзяўчына ўсяго паўгода працуе па размеркаванні ў аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама. Але ўжо зарэкамендавала сябе граматным і адказным спецыялістам. Дапытлівая Крысціна з задавальненнем пераймае вопыт старэйшых калег у сферы турызму, разам з імі распрацоўвае зялёныя маршруты, наведвае асветніцкія семінары. Да таго ж Крысціна нядрэнна валодае англійскай мовай, што немалаважна пры зносінах з замежнымі турыстамі. Прадаставілася дзяўчыне і шчаслівая магчымасць прайсці практыку па спецыяльнасці ў Германіі.

Паралельна К. Кавяза працуе ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры “Надзея” горада Валожына, дзе ў трэнажорных залах займаецца фізічнай падрыхтоўкай дзяцей. Ды і сама з задавальненнем займаецца фітнэсам. Летам катаецца на роліках, а зімой – на каньках.

За плячыма ў гэтага маладога спецыяліста Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Я. Коласа. Тут Крысціна атрымала спецыяльнасць турагента-экскурсавода. У планах дзяўчыны – паступленне на гістарычны факультэт педуніверсітэта імя М. Танка, каб яшчэ больш паглыбіць свае веды ў гістарычнай, краязнаўчай навуцы.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *