УСЕ НА ФЭСТ!

Молодежный курьер

Больш чым у 40 краінах 20 студзеня адзначаць Сусветны дзень снегу.

Беларусь таксама далучыцца да гэтага грандыёзнага свята. Снежныя забавы і лыжныя спаборніцтвы, вясёлыя конкурсы і шоу ў суботу і нядзелю будуць арганізаваны ва ўсіх раённых цэнтрах. Масавыя гулянні закліканы прыцягнуць на снег дзяцей, моладзь, сем’і і ўсіх аматараў актыўнага адпачынку.

У падрыхтоўцы і правядзенні свята ўдзельнічаюць школьнікі і студэнты – гэта галоўная асаблівасць беларускага Адзінага дня снегу. Хто, як не хлапчукі і дзяўчынкі, можа прыдумаць сотні вясёлых гульняў і забаў на снезе?! Галоўная аўдыторыя, для якой арганізуюцца святочныя мерапрыемствы – гэта дзеці.

У нашым раёне, як і ў іншых, створаны маладзёжны аргкамітэт па правядзенні свята. У сцэнарый мерапрыемства ўносяцца новыя ідэі, школьнікі ўдзельнічаюць у рэкламе галоўных падзей, рыхтуюцца да правядзення конкурсаў і снежных гульняў, а таксама запрашаюць памочнікаў з ліку тых, каму неабыякавая галоўная ідэя свята: “Вернем дзяцей на снег”.

Каардынуе правядзенне Сусветнага дня снегу ў краіне “Беларускі лыжны саюз”. Афіцыйны партнёр свята – Дзіцячы Фонд ААН ЮНІСЭФ. Ініцыятыву падтрымала таксама Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.

Гасцей снежнага фэсту ў Мінску сустрэне галоўны Дзед Мароз горада і яго казачная каманда. Ад іх дзеткі атрымаюць падарункі і прызы за ўдзел у конкурсах і гульнях. Кожнае дзіця зможа бясплатна атрымаць майстар-клас па горных лыжах і сноўбардзе ад лепшых юных спартсменаў Беларусі.

Чакаецца, што толькі актыўных удзельнікаў свята ў цэлым па краіне будзе не менш за 80 тысяч чалавек.

 



Добавить комментарий