На лячэнне – па прысудзе

Закон и порядок

Выязное пасяджэнне раённага суда адбылося днямі ў вёсцы Доры. Суддзёй Т. С. Несцярэўскай у прысутнасці прадстаўнікоў пракуратуры і амаль што трох дзясяткаў работнікаў ААТ «Агра-Доры» разглядалася пытанне аб накіраванні на прымусовае лячэнне двух чалавек, што не толькі занадта здружыліся з «зялёным змеем», але і сваімі асацыяльнымі паводзінамі сталі ўяўляць небяспеку для іншых.

Як растлумачыў Сяргей Клачко, намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС, для таго, каб чалавек зрабіўся адказчыкам падобнай судовай справы, неабходны шэраг абставін. Па-першае, на працягу года ён павінны як мінімум тройчы прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці за супрацьпраўныя дзеянні ў стане алкагольнага ап’янення. Пасля гэтага патэнцыяльнага «кандыдата» накіроўваюць на медыцынскую камісію, якая афіцыйна пацвярджае факт наяўнасці алкагалізму і патрэбу ў прымусовым лячэнні. Але ж пасля гэтага папярэджання «выпівоха» застаецца на волі да першага правапарушэння. Затым яго паўторна атэстуе медыцынская камісія і справа накіроўваецца ў суд.

Рашэннем выязнога суда, што адбыўся ў дыспетчарскай сельгаспрадпрыемства, двое работнікаў ААТ «Агра-Доры» і СПК «Пяршаі-2003», якія неаднаразова знаходзіліся на рабоце і ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане, накіраваны на прымусовае лячэнне ў ЛПП тэрмінам на адзін год.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий