ЯК ПАВОДЗІЦЬ СЯБЕ НА ВЯСНОВЫМ ЛЁДЗЕ

Общество

Заўзятыя аматары зімовай рыбалкі па-ранейшаму спяшаюцца да яшчэ пакуль заледзянелых вадаёмаў, каб “урваць” апошні кавалачак рыбацкага шчасця. Але не трэба забываць: ахвярамі вясновага ледзянога палону ў вобласці штогод становіцца мноства людзей. Як жа не папоўніць сабой гэту сумную статыстыку?

АЦЭНКА СТАНОВІШЧА

Трываласць лёду можна вызначыць на вока. Лёд з блакітнаватым ці зялёным адлівам – трывалы. Шэрым, матава-белым ці жаўтлявым адценнем лёду лепш любавацца збоку, не рызыкуючы на яго ступаць. Бяспечная таўшчыня лёду залежыць яшчэ і ад колькасці людзей, якія апынуліся на ім. Калі чалавек некалькі, лёд павінен быць не танейшым за 15-20 см. Уважліва трэба адносіцца да лёду, пакрытага снегам.

ПРОСТЫЯ ПРАВІЛЫ

Калі ўжо здарылася апынуцца на лёдзе, трэба прытрымлівацца пэўных правілаў. Нельга правяраць трываласць лёду ўдарам нагі. Пры пераходзе вадаёма больш бяспечна ісці па пратаптаных сцяжынках. Калі ідзе некалькі чалавек, трэба трымаць адлегласць паміж сабой у 10 метраў. Так памяншаецца агульны ціск на адзінку плошчы. Калі нясеш з сабой рукзак, варта закінуць яго на адно плячо ці ўзяць у руку – пры небяспецы будзе прасцей скінуць.

САМАВЫРАТАВАННЕ

Што рабіць, калі праваліўся? Паспрабаваць не панікаваць, але дзейнічаць хутка. Знаходжанне ў ледзяной вадзе на працягу 10-15 хвілін небяспечна для жыцця. Некаторы час пратрымацца на паверхні дапаможа паветраная падушка, якая ўтварылася пад адзеннем. Але калі яно намокне, то пацягне ўніз. Таму раскіньце рукі і паспрабуйце пазбавіцца ад лішняга цяжару. Калі ў межах бачнасці хтосьці ёсць, нават і далёка – клічце на дапамогу. Па паверхні лёду гук распаўсюджваецца досыць далёка. Паспрабуйце не апускацца з галавой пад ваду. Гэта выкліча моцнае пераахаладжэнне, а таксама спазм сасудаў і, як следства, страту прытомнасці. Лепш сабрацца з сіламі і пачаць выбірацца з палонкі. Калі вы на рэчцы – пераплывіце да таго краю палонкі, дзе плынь не панясе пад лёд. Паспрабуйце дацягнуцца нагамі да процілеглага краю палонкі, ляжце гарызантальна, упіраючыся ў лёд нагамі. Пасля гэтага спрабуйце выцягнуць на лёд нагу, затым другую. Прасоўвацца трэба максімальна акуратна, без рэзкіх рухаў, каб не абломваць беражок. Калі палонка невялікая, а рукамі за край ухапіцца не атрымліваецца, паспрабуйце выштурхнуць сябе на лёд: упрыцеся нагамі ў процілеглы край і выпрастайцеся. Як толькі большая частка цела апынецца на лёдзе, перавярніцеся на жывот і адпаўзайце. Адразу ўставаць нельга! Прычым паўзці трэба туды, адкуль вы прыйшлі, бо там лёд ужо правераны. Можа здарыцца, што вы праваліліся не ў палонку, а ў разлом лёду. Тады спрабуйце праплысці на спіне да таго краю крыгі, які трымаецца за бераг, а не адплывае ад яго.

ДАПАМАЖЫ ІНШАМУ

Калі ваша дапамога патрэбна камусьці, марудзіць нельга. Калі вы не адзін – папрасіце таварыша патэлефанаваць выратавальнікам, а самі дзейнічайце. У справу спатрэбіцца ўсё, што павялічвае даўжыню і плошчу апоры. Доўгая палка, дошка, галінка ад дрэва, вяроўка – пойдзе ўсё. Узброіўшыся, паўзком, шырока расстаўляючы рукі і ногі, рухайцеся да палонкі, піхаючы перад сабой сродак выратавання. Падаўшы палку, асцярожна ўсцягніце пацярпелага на лёд і разам з ім паўзком выбірайцеся з небяспечнай зоны. Патэлефануйце ў хуткую. Да яе прыбыцця спрабуйце сагрэцца і сагрэць пацярпелага. Мокрую вопратку варта зняць і хаця б выкруціць. Добра, калі пад рукой апынецца гарачы чай. А вось ад алкаголю лепш устрымацца. Лепш прамачыць алкаголем адзенне знутры, такім чынам утварыўшы кампрэс. Калі атрымаецца, раскладзіце вогнішча.

ЗАСЦЯРОГІ

Збіраючыся вудзіць на лёдзе, абавязкова вазьміце 50-100-мятровую вяроўку міліметраў у 3-5 таўшчынёй. Упляціце ў шнур драўляныя брусочкі на адлегласці ў даўжыню сваёй рукі. Яны дапамогуць хапацца за іх, а таксама забяспечаць шнуру плывучасць. Можна яшчэ змайстраваць з кавалка дрэва памерам у далонь, цвікоў і папружкі са скуры «каціную лапу». Цвікі ўбівайце пад нахілам. «Лапы» трэба надзець адразу, як толькі апынецеся на лёдзе – гэта няхітрае прыстасаванне дапаможа выцягнуць сябра з палонкі. Калі патрэбны вольныя рукі, прымацуйце «лапы» да запясцяў. Учапіцца за лёд дапаможа і складны нож.

Памятайце, лёд небяспечны ў любую пару года. Таму лепш не рызыкаваць.

Юліян БАЛДОЎСКІ,

начальнік раённай арганізацыі ТВВАД.

 



Добавить комментарий