ЯГО МОЖНА НАЗВАЦЬ ШЧАСЛІЎЧЫКАМ

Общество

Ці ведаеце вы, што касцюм пажарнага плюс апарат сціснутага паветра выратавальніка важаць амаль трыццаць кілаграмаў? Фізічна непадрыхтаванаму чалавеку і некалькі крокаў будзе цяжка зрабіць у такой экіпіроўцы.

Кожную працоўную вахту начальнік каравула пажарна-аварыйнай выратавальнай часці № 1 г. Валожына В. К. ЧУЙКО пачынае з агляду тэхнікі і фізпадрыхтоўкі асабовага саставу. Выратавальнік павінен штодня выкройваць дзве гадзіны на бег, падцягванне на перакладзіне, спецпрактыкаванні па спрыце ў барацьбе са стыхіяй. І ніякага паслаблення, нягледзячы на дваццацігадовы вопыт службы,  Віктар Казіміравіч сабе не дазваляе. Ён дакладна ведае, што ў жыцці ёсць тры рэчы, у якіх не можа быць перабору: сумленнасць, здароўе і веды. Гэта самы стрыжань любой дзейнасці, для выратавальніка – тым больш.

У выратавальніка скрупулёзнасць – сінонім прафесіяналізму. Незапраўлены аўтамабіль ці пакінутае на хвіліну працоўнае месца могуць прывесці да катастрафічных наступстваў. Трагічны збег абставін  прадугадаць немагчыма, таму секундная гатоўнасць – патрабаванне нумар адзін.

Як расказаў Віктар Казіміравіч, людзі, што звоняць на нумар “101” часта знаходзяцца ў стрэсавым стане, ім складана талкова паведаміць пра здарэнне. На выезд пажарнаму неабходна браць усю экіпіроўку. І яна павінна быць у належным стане.

“Змагацца з агнём даводзілася неаднойчы, – гаворыць Віктар Казіміравіч. – Пры гэтым, звычайна, тушым яшчэ адзін “пажар” – паніку”. У бядзе чалавек можа павесці сябе неадэкватна. Гэта зацягвае і ўскладняе работу выратавальнікаў. Уменне браць сітуацыю пад свой кантроль і імгненна рэагаваць уласціва толькі людзям моцным, ураўнаважаным.

Віктар Казіміравіч, на маю думку, шчасліўчык! Бо толькі сіла волі (а яна ў яго загартаваная!), а зусім не талент, варта таго, каб ёю ганарыцца.

У героя гэтай замалёўкі падрастаюць два сыны. Іх шчаслівы лёс – яго галоўны клопат. Ён вучыць іх жыць і берагчы сябе. “Пра пажарную і іншыя небяспекі малым неабходна гаварыць чым найчасцей!” – упэўнены Віктар Казіміравіч. Ён ахвотна наведвае Івянецкую СШ і ведае, што толькі цвёрда засвоеныя веды не выветрываюцца з дзіцячых галоў у складаную хвіліну. У дарослых, дарэчы, таксама. Бывае, замест таго, каб пры ўзгаранні набраць “101”, чалавек самастойна пачынае змагацца з агнём. Рэдка такая саманадзейнасць сябе апраўдвае. Пажарным толькі потым фронт работы павялічваецца.

А яшчэ адчуваецца, што В. К. Чуйко – патрыёт. Ён не без задавальнення адзначае, што ў нашай краіне пажараў менш і па той прычыне, што парадак падтрымліваецца. “Гарыць там, дзе смецце і сухастой!”

Напрыканцы размовы пацікавілася, як начальнік каравула ставіцца да прымаўкі, што “пажарны спіць 24 гадзіны ў суткі”. Віктар Казіміравіч весела засмяяўся і сказаў: “Мне больш падабаецца такая: пажарны спіць – краіна багацее!”. Насамрэч, за сутачную змену на сон выратавальніку адводзіцца не больш за 4 гадзіны.

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *