Падсілкаваўся

Закон и порядок

У дзяжурную часць РАУС паступіла паведамленне ад пенсіянеркі з вёскі Сівіца, што невядомы скраў прадукты з яе дома. Выехаўшы на месца здарэння, супрацоўнікі міліцыі высветлілі, што хтосьці трапіў на яе кухню і вынес ледзь не ўсё з халадзільніка. У хуткім часе ўдалося адшукаць зламысніка. Ім аказаўся саракадвухгадовы жыхар адной з вёсак Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, раней неаднойчы судзімы. Як ні дзіўна, але на момант высвятлення яго асобы, вінаваты ўжо знаходзіўся ў следчым ізалятары РАУС за адміністрацыйнае правапарушэнне. Узбуджана крымінальная справа.

 

Давярай, але правярай…

Ці то чалавечае спачуванне, ці нейкія іншыя абставіны прымусілі шасцідзесяцідзевяцігадовую жыхарку Валожына прыняць да сябе ў дом дзевятнаццацігадовага чалавека “без пэўнага месца жыхарства”. Колькі часу той жыў, не парушаючы спакою і парадку. Але ж нарэшце гаспадыня звярнулася ў міліцыю з заявай аб знікненні з яе спальні швейнай машынкі “Singer”. Як высветлілася падчас праверкі, скраў рарытэт падазроны кватарант, ураджэнец Казахстана, які нідзе афіцыйна не працуе і не мае судзімасцей. Відавочна, што гісторыя мусіла б скончыцца крымінальнай справай, каб юнак добраахвотна не звярнуўся ў міліцыю з пакаяннем.

 

Правал аперацыі “Мука”

У адзін з першых дзён красавіка, праводзячы рэйдавую праверку з нагоды набліжэння пачатку пасяўной кампаніі, супрацоўнікі групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі спынілі аўтамабіль “Опель-Зафіра”, якім кіраваў жыхар вёскі Сакаўшчына, дваццацівасьмігадовы механізатар КСУП “Сакаўшчына-Агра”. У багажніку машыны знаходзілася шэсць мяшкоў мукі, на якія не мелася суправаджальных дакументаў. Наступная праверка паказала, што знойдзеная мука аказалася скрадзенай з аднаго з зерняскладаў сельгаспрадпрыемства, з загадчыкам якой затрыманы ўступіў у злачынную змову. Кошт скрадзенага ацэньваецца амаль што ў 800 тысяч рублёў. Вінаватых чакае пакаранне згодна закону.

 

З кювета – у шпіталь

Менавіта па такім нечаканым маршруце давялося рухацца пасажырцы аўтамабіля “Пежо”, якім кіраваў саракагадовы жыхар Івянца. Едучы з Ракава, ён няправільна ацаніў складаныя дарожныя і метэаралагічныя ўмовы,  дапусціў памылкі ў кіраванні, у выніку чаго машына з’ехала ў кювет і перакулілася. Вадзіцель не пацярпеў, а вось пяцідзесяціпяцігадовая жанчына – супрацоўніца Івянецкай гарпасялковай бальніцы, якая ехала на заднім сядзенні, атрымала пашкоджанні. З разрывам звязак каленнага сустава яна была дастаўлена ў траўматалагічнае аддзяленне раённай бальніцы.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках

падрыхтаваў Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий