22 чэрвеня – дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

Культура

Дзень 22 чэрвеня 1941 года мог бы застацца ў памяці людзей звычайным спякотным чэрвеньскім днём. Хтосьці збіраўся на працу, хтосьці запланаваў на гэты дзень адпачынак, у студэнтаў завяршалася экзаменацыйная пара, а выпускнікі школ спяшаліся ў свае родныя навучальныя ўстановы за атэстатамі… Аднак усе мірныя планы перакрэсліла вайна, якая распачалася на світанні. 

Для Маісея Давідавіча ВІТКІНА той дзень запомніўся стараннай падрыхтоўкай да апошняга дзяржаўнага экзамена, які быў запланаваны на 23 чэрвеня. Юнак заканчваў у той час Гомельскі педінстытут. Экзамен давялося здаваць пад гукі разрываючыхся снарадаў – немцы ў гэты дзень бязлітасна бамбілі Гомель. А замест выпускнога – 25 чэрвеня – моладзь спяшалася на зборныя пункты ваенкаматаў. У адным з такіх ваенкаматаў па дарозе з Гомеля на радзіму – у вёску Хоцімск на Магілёўшчыне стаў на ўлік і ён. Адтуль быў накіраваны спачатку ў вучэбны артылерыйскі полк, а затым у Разанскае артылерыйскае вучылішча. У дзеючую армію трапіў у канца 1941-га. Са страшным шкадаваннем успамінае ветэран тыя дні: лепшыя гады жыцця адабрала вайна, не давялося па размеркаванні паехаць на першае месца працы, набытыя ў інстытуце веды прымяняць на практыцы: школьны аловак і сшыткі памяняў на зброю. Усё гэта было потым, са спазненнем, у пасляваенныя гады…

Неўзабаве ветэран вайны М. Д. Віткін будзе святкаваць свой 94-ты год нараджэння. Частымі гасцямі ў яго доме сталі школьнікі, самадзейныя артысты, якія віншуюць са святочнымі датамі. І тады слёзы ад балючых успамінаў перамяжоўваюцца са слязамі радасці ад чалавечай увагі, дабрыні, клопату.

Тэкст і фота Святланы СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий