У пошуках мiру i стабiльнасцi

Общество

Хваля бежанцаў з ахопленых вайной рэгіёнаў Украіны дакацілася і да Валожыншчыны. 10 сямей, якія яшчэ не так даўно з’яўляліся жыхарамі Данеччыны ці Луганшчыны, спадзяюцца адшукаць на нашай зямлі не толькі новае месца жыхарства і працу, але і ласкавы, хоць і часовы прытулак.

Зараз на тэрыторыі раёна зарэгістраваны 36 асоб з Украіны. Усе яны законна прабываюць на тэрыторыі Беларусі, некаторыя паклапаціліся і пра спецыяльны дазвол, які дае права на працаўладкаванне. Адна сям’я з Подберазі: жанчына і двое дзетак, афармляе дакументы на пастаяннае месца жыхарства. 

Перасяленцы ў асноўным людзі маладыя: самы час радавацца жыццю, гадаваць дзяцей, набірацца мудрасці. Усё гэта ў нас магчыма. Некаторыя паспелі знайсці работу, засяліцца. Пяцёра маленькіх выхадцаў з Украіны ўладкаваны ў дашкольныя ўстановы, дзевяць хлопчыкаў і дзяўчынак наведваюць школу. Навічкоў сардэчна прынялі ў СШ № 1 і 2 г. Валожына, у школах Івянца, Ракава, Вішнева, Пугачоў, у гарадскім дзіцячым садзе № 6 “Вясёлы вулей”.

Калі высвятляць, чаму людзі выбралі Валожынскі раён, то прычын акажацца некалькі. Адны маюць блізкіх сваякоў, у якіх можна перачакаць навалу, іншых паклікалі знаёмыя ці сябры. А ёсць і такія, каго занесла сюды “спадарожным ветрам”. Прыемна, што ні адзін з вымушаных перасяленцаў не сказаў дрэннага слова пра новых суседзяў, пра ўмовы…

Многія прызнаюцца, што ім усё падабаецца, і яны збіраюцца тут застацца. Як напрыклад, сям’я Мазуравых з Пугачоў. Яшчэ паўгода таму яны і не чулі пра Валожыншчыну, не мелі ў нас ні радні, ні прыяцеляў. За кароткі час, дзякуючы дапамозе мясцовых людзей, абжылі дом, працаўладкаваліся на сельгаспрадпрыемства, дзеці пайшлі ў школу.

Вядома, хтосьці з перасяленцаў з надзеяй сочыць за навінамі і верыць, што мір і спакой вернуцца ў іх родны край. А следам вернуцца і яны самі. Адбудуюцца. Ачысцяць зямлю ад слядоў вайны і зажывуць па-людску…

Алена ЗБІРЭНКА 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *