За чарку расплацiўся трактарам

Закон и порядок

Намеснік пракурора раёна Сяргей Габруковіч, дзелячыся інфармацыяй па адной са спраў, падкрэсліў: заканадаўствам прадугледжана адказнасць за кіраванне транспартам у нецвярозым стане не толькі для фізічных асоб, але і для прадпрыемстваў, якія дапускаюць падобныя выпадкі сярод сваіх работнікаў. За прыкладам далёка хадзіць не трэба, такі факт адбыўся ў адной з гаспадарак Валожыншчыны.

У Судніках адбылося выязное пасяджэнне суда, на якім абвінавачваўся работнік мясцовага сельгаспрадпрыемства Уладзімір Анісовіч. Яго злавілі супрацоўнікі аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі РАУС у той час, як ён, прыняўшы чарку (а мо, і некалькі?) на грудзі, у канцы рабочага дня ехаў па вёсцы Макасічы на замацаваным за ім трактары. Як высветлілася неўзабаве, у пачатку года яго ўжо прыцягвалі за аналагічнае правапарушэнне і пакаралі штрафам у памеры 7 мільёнаў 150 тысяч рублёў. Аднак, бачна, той урок не адклаўся ў доўгатэрміновай памяці маладога мужчыны. На працягу года ён паўторна сеў за руль транспартнага сродку ў стане алкагольнага ап’янення. Разглядаючы справу, суд аднёс яго дзеянні да тых, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, улічыў у якасці змякчальных абставін чыстасардэчнае прызнанне. Але на гэты раз пастанова была куды больш суровай. Уладзіміра асудзілі на год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду. Яго таксама пазбавілі права кіравання транспартнымі сродкамі на працягу 5 гадоў. Цяпер мужчына даў падпіску аб нявыездзе, яго абавязалі кожны месяц з’яўляцца ў органы, якія будуць ажыццяўляць кантроль за яго паводзінамі. Ён не мае права наведваць забаўляльныя ўстановы і вымушаны з 22 гадзін вечара да 6 раніцы знаходзіцца выключна па месцы рэгістрацыі.

Не ўсё проста і з транспартным сродкам. Па новых Правілах дарожнага руху, пры паўторным правапарушэнні пры кіраванні тэхнікай у стане алкагольнага ап’янення ў суда з’яўляюцца падставы для канфіскацыі транспарту. Гэты выпадак не стаў выключэннем, нават нягледзячы на тое, што трактар лічыцца ўласнасцю ААТ “Суднікоўскі”. Логіка рашэння зразумелая: няма чаго дапускаць, каб за руль гаспадарчай тэхнікі садзіліся п’яныя.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *