ШЛЯХАМ СТВАРАЛЬНЫМ…

Официально

Уладзімір Антонавіч НАУМОВІЧ, старшыня Валожынскага райвыканкама:

– Хачу сказаць, што мне ўпершыню выпала шчасце прысутнічаць на такім маштабным і значным мерапрыемстве. Праходзіла яно па-дзяржаўнаму прынцыпова, на Усебеларускім народным сходзе падведзены вынікі пяцігодкі, абмеркаваны важнейшыя пытанні жыцця дзяржавы і грамадства, дадзена ацэнка дасягнутаму.

Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў сваім выступленні расказаў, як шмат зроблена ў рэспубліцы за апошнія гады. Гонар за нашу краіну перапаўняе сэрца! Слухаючы асноўны даклад і Заключнае слова Прэзідэнта на Усебеларускім народным сходзе, я і, думаю, кожны, хто знаходзіўся ў той час у зале Палаца Рэспублікі, адчувалі, што ўсё, пра што А. Р. Лукашэнка гаварыў на сходзе, ён прапусціў праз сваё сэрца, што ён па-бацькоўску заклапочаны лёсам свайго народа, што ён аддае сябе гэтаму служэнню без астатку. 

Толькі  невідушчы можа не заўважаць тых вялікіх глабальных перамен, якія адбыліся ў  рэспубліцы за апошні час. Праз прызму зробленага давайце паглядзім  і на наш  Валожынскі раён. Уся пяцігодка была загружана будаўніцтвам і рэканструкцыяй,  мадэрнізацыяй вытворчасці, добраўпарадкаваннем населеных пунктаў. Кардынальна змянілася аблічча вёскі: у раёне ўзведзены 13 аграгарадкоў,  тры – у гэтым годзе.  Вялікія  капітальныя ўкладанні былі накіраваны на гэтыя мэты, бо толькі адзін аграгарадок з развітай інфраструктурай абыходзіцца ў суму большую за 5 мільярдаў рублёў. Аказана каласальная дзяржаўная падтрымка, згодна з прынятай Праграмай адраджэння вёскі на 2006-2010 гады.

У раёне нямала зроблена агульнымі намаганнямі, але трэба старацца прымнажаць нашы здабыткі! Я па-добраму зайздросціў дэлегату з Нясвіжчыны, які проста ўзахлёб расказваў на сходзе пра грандыёзныя поспехі агракамбіната “Сноў”. Нам, на жаль, яшчэ далёка да іх вытворчых паказчыкаў. Але і валожынцам трэба значна прыбавіць у рабоце, і рэзервы для гэта росту ёсць. Вядома, сёння няпроста дасягнуць стабільнага надою малака ад каровы ў 25 літраў, але пуд трэба даіць ужо сёння. Для гэтага неабходна і далей развіваць мадэрнізацыю вытворчасці, строга захоўваць тэхналагічную дысцыпліну, стымуляваць прадукцыйную працу жывёлаводаў. У нас талковыя людзі, і іх энергію трэба павярнуць на стваральную, рэальную справу! 5 тон малака мы павінны мець ад каровы пры таварнасці прадукцыі  ў 95 працэнтаў. Трэба пастарацца, каб не менш чым па 4,5 тоны атрымаць зерня з кожнага гектара, сабраць па 500 цэнтнераў цукровых буракоў. Ёсць для гэтага тэхнічная база,  насенны патэнцыял, ды і землі ў раёне нядрэнныя. Толькі трэба не ў банкі хадзіць за крэдытамі, а зарабляць грошы самім. Нездарма ж у вёсцы заўсёды з пагардай глядзелі на чалавека, які браў пазыкі ў іншых…

Дзяржава сёння садзейнічае ўсеагульнай занятасці насельніцтва, усямерна падтрымлівае развіццё вытворчасці, існуе нямала інавацыйных, інвестыцыйных праграм. Але важна ўсведамляць, што ўкладзены рубель павінен даваць аддачу ўжо праз год-два.

Зрабіць у наступнай пяцігодцы не-абходна шмат! Пастаўлены амбіцыйныя і маштабныя задачы. Ужо сёння трэба клапаціцца пра дзень заўтрашні. Падумайце толькі: трэба дасягнуць 160 працэнтаў росту валавой вытворчасці прадукцыі. Варта ўсім з поўнай самааддачай працаваць на сваіх канкрэтных участках – і вынік будзе, і будзе чым нам ганарыцца.

І яшчэ хацеў бы паразважаць на наступную тэму. Часам моладзь ды і дарослыя скардзяцца: няма чым заняцца. То Лядовы палац падавай, то ФОК трэба абавязкова тэрмінова ўзводзіць. Усе гэтыя жаданні зразумелыя і справядлівыя! Але ж паглядзіце, які ў нашым раёны цудоўны кінатэатр, Дом культуры, колькі ў раёне сучасна абсталяваных спартыўных залаў, адкрыты дзесяткі гурткоў па інтарэсах і  розныя секцыі. А ці выкарыстоўваюцца гэтыя аб’екты пад поўную загрузку, з максімальнай карысцю для чалавека?!

Спытайце шчыра ў сябе саміх: “Чаму мы лянуемся запісацца ў секцыю, гурток, схадзіць у кіно, на канцэрт, правесці гадзіну-другую ў спартзале і г. д. Мы самі, на жаль, часам не цэнім  і не выкарыстоўваем ўсяго таго, што зроблена для людзей, для развіцця гарманічнай асобы, для ўсталявання здаровага ладу жыцця.

…Неўзабаве наступіць 19 снежня. Мы ўсе стаім перад выбарам далейшага шляху развіцця Беларусі. Варта памятаць, што мы жывём у цудоўнай краіне, дзе галоўнай каштоўнасцю з’яўляецца чалавек, дзе цэняць яго працу, талент, дзе створаны ўсе ўмовы для яго камфортнага пражывання і самарэалізацыі.  Нам ёсць чым ганарыцца і ў сябе ў краіне, і за яе межамі. Будучыня наша аптымістычная: Усебеларускі народны сход выпрацаваў стратэгію далейшага росквіту Беларусі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *