Прэм’ера ўдалася

Молодежный курьер

У СШ № 1 адбылася прэм’ера спектакля па творы Георгія Марчука “Калі заспявае певень”. Самадзейныя артысты першы раз выступілі перад вучнямі школы, а пасля і перад блізкімі на агульнашкольным бацькоўскім сходзе.

Школа працуе ў накірунку “Слова наша роднае”. У пачатку навучальнага года была створана тэатр-студыя “Летуценнікі”. Кіраўнікамі яго сталі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ганна Іванаўна Бітэль і настаўніца рускай мовы і літаратуры Ганна Казіміраўна Кізік. У тэатр-студыю прапанавалі запісацца вучням 7-11 класаў. Знайшлося шмат жадаючых, сярод якіх быў і я. Склаўся добры калектыў. Выбралі твор для пастаноўкі, пачаліся рэпетыцыі. Адначасова займаліся дэкарацыямі.

“Калі заспявае певень” — жартоўны твор з мноствам трапных выразаў. Дзея адбываецца ў невялікім мястэчку. Маладыя Паўлік і Кацярына кахаюць адзін аднаго, але маці дзяўчыны супраць замужжа з бедным хлопцам, ёй хочацца выдаць дачку за багатага пана. Бацька Кацярыны нічога не мае супраць Паўліка, але ён прывык падпарадкоўвацца жонцы. Хлопца выхоўваў адзін бацька, маці памерла. Ён жадае сыну найлепшага і гатоў ва ўсім дапамагчы. На аснове гэтага і разгортваецца дзея. Заканчваецца спектакль, як і павінна быць, згодай маці на вяселле.

У спектаклі прынялі ўдзел 16 чалавек. Мне выпала іграць ролю Паўліка. Кацярыну сыграла Настасся Клімовіч з 9 класа, яе маці Тэклю – Настасся Загорская, бацьку Івана – Іван Макар. Майго бацьку Сцяпана сыграў Максім Чэрня з 10 класа, пана – Міхаіл Барадака з 11 класа. Ролі таксама выконвалі Данііл Жданюк з 7 класа, Ганна Аўдзей з 9 класа, Раман Журкевіч з 7 класа, Яўген Зянько з 9 класа і іншыя.

Гледачы былі задаволены нашым выступленнем, апладзіравалі стоячы. Мы разыходзіліся ў прыўзнятым, радасным настроі.

Уладзіслаў РАКАВЕЦ,

вучань 11 класа СШ № 1

Фота Анжэлы Радыны



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *