Госцi з паднябеснай

Официально

На мінулым тыдні Валожынскі філіял ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” наведала дэлегацыя з Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Усходнія госці цікавіліся вытворчымі магутнасцямі прадпрыемства, а таксама асартыментам выпускаемай прадукцыі. Асноўныя стасункі давялося ладзіць пры дапамозе перакладчыка, але некаторыя моманты былі зразумелыя і так. Відавочна, што кітайцы ацанілі тэхнічны стан філіяла і высокую культуру працы. З асаблівай увагай яны вывучалі цэх па вытворчасці сухога малака. І, як аказалася, нездарма. Кітай зацікаўлены менавіта ў пастаўках сухіх малочных прадуктаў з Беларусі. На іх рынку ўжо прысутнічала сухая малочная сыроватка з маркай “Зроблена ў Валожыне”, не выключана, што ў хуткім часе ў далёкую краіну з нашага райцэнтра адправяцца мяшкі з сухім малаком і пратэінавымі сумесямі, якія з кожным годам набываюць усё большую папулярнасць сярод спартсменаў і людзей, занятых цяжкай фізічнай працай.

Дэлегацыя з шасці чалавек прадстаўляла буйную малочную карпарацыю “Гунда” на чале з дырэктарам. З нашага боку іх сустракаў дырэктар філіяла А. М. Лушчык. Пасля таго, як госці наведалі вытворчыя пляцоўкі, іх чакала прэзентацыя выпускаемай на прадпрыемстве прадукцыі.

І хоць вядома, што малочныя вырабы не вельмі папулярныя ў кітайскай кухні, прапанаваныя сыры яўна прыйшліся жыхарам Паднябеснай да смаку. Станоўча была ацэнена імі і ўпакоўка тавараў.

Будзем спадзявацца, што гэты візіт закладзе падмурак для трывалага, узаемавыгаднага партнёрства.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *