Галоўны наш рэсурс – людзi, найважнейшы клопат улады – рост iх дабрабыту

Официально

Нядаўна старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Васільевіч БАТУРА сустрэўся з жыхарамі горада Валожына. На пытанні жыццядзейнасці вобласці і раёна ён паглядзеў праз прызму рашэнняў Усебеларускага народнага сходу, дэлегатам гэтага форуму ён, дарэчы, з’яўляўся ўжо ў чацвёрты раз.

Упрасторнай зале раённага цэнтра культуры, дзе і праходзіла сустрэча з кіраўніком вобласці, не было пустых месцаў. У кожнага, хто прысутнічаў у зале, была магчымасць уступіць у дыялог са старшынёй аблвыканкама. Не меншую цікавасць выклікаў у прысутных і канструктыўны маналог кіраўніка абласной вертыкалі. А Барысу Васільевічу Батуру было пра што расказаць людзям. Гэта кіраўнік з вялікім вопытам гаспадарніка, упраўленца, палітыка. Да таго ж ён удзельнік усіх чатырох Усебеларускіх народных сходаў, якія праходзілі ў рэспубліцы. Барыс Васільевіч найперш падзяліўся сваімі ўражаннямі ад удзелу ў гэтым прадстаўнічым форуме. Слухачам было цікава ўсё: і якія шляхі далейшага развіцця намечаны ў рэспубліцы, і якія перспектывы чакаюць Міншчыну, і як ацэньвае старшыня аблвыканкама справы ў нашым раёне. Больш за гадзіну доўжылася сустрэча. Усё сказанае было выслухана з жывым інтарэсам. Напачатку Барыс Васільевіч прааналізаваў зробленае за пяцігодку ў рэспубліцы, вобласці. Зазначыў, што ўсе асноўныя прагнозныя паказчыкі, акрамя сельскай гаспадаркі, выкананы.

Лагічным працягам выступлення Б. В. Батуры сталі пытанні, якія паступілі з залы. Людзей цікавілі перспектывы службы аграсэрвісу, памер дзяржаўных датацый на кампенсацыю камунальных паслуг, жыллёвыя пытанні і інш. У зале ў той дзень прысутнічалі і расіяне. У прыватнасці, масквічка Людміла Кузьмінічна Фіонава, прафесар Расійскай Акадэміі навук, якая сказала наступнае: “Я звярнула ўвагу на тое, што Мінская вобласць, якую мы праехалі амаль усю, паражае сваёй чысцінёй, дагледжанасцю”. І прывяла паралель з Маскоўскай вобласцю, якую проста губіць мегаполіс, штодзень вывозячы за горад тысячы тон бытавых, прамысловых адходаў.

У адказ на гэту занепакоенасць Б. В. Батура сказаў, што пакуль такіх напружаных адносін з Мінскам няма, і што ў недалёкай перспектыве ў вобласці будуць узводзіцца тры смеццеперапрацоўчыя заводы, вызначаны ўжо інвестар. Плануецца скарачаць і колькасць міні-палігонаў, рэалізоўваць іншыя прыродаахоўныя праекты. Барыс Васільевіч раскрыў і многія іншыя аспекты гэтай актуальнай тэмы. У адказ на такі глыбокі і кампетэнтны аналіз спраў госця з Масквы зазначыла: “Вы разважаеце, як граматны эколаг. Мяркуючы, як утрымліваецца прырода ў Беларусі, я як эколаг хачу сказаць, што Беларусь можа ганарыцца сваёй уладай!”

Ірына ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий