Беларусь зацікаўлена ў крэдыце МВФ з улікам нацыянальных інтарэсаў

Официально

Беларусь зацікаўлена ў крэдыце МВФ з улікам нацыянальных інтарэсаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб ходзе перагавораў па праграме пашыранага фінансавання з МВФ.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адбыліся сустрэчы з кіраўніком МВФ у Нью-Ёрку, а таксама ў Мінску з прадстаўнікамі, якія вядуць перагаворы з нашым урадам. «Мы не знайшлі нейкіх праблем ва ўзгадненні праграм з МВФ. Тое, што прапануецца, разумна, і рана ці позна давядзецца рэалізоўваць. Але пытанне адно — калі, у якія тэрміны, і, самае галоўнае, якія ў выніку гэтага будуць наступствы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заявіў: «Хачу, каб ва ўрадзе і Нацыянальным банку цудоўна разумелі маю пазіцыю. Але я яшчэ раз падкрэсліваю: рэзаць па жывым, і невядома навошта, каб дагадзіць каму-небудзь, я не збіраюся». «Мы пойдзем толькі на такія, як вы іх называеце, рэформы (гэта нават не рэформы, гэта нармальнае функцыянаванне дзяржавы), дык вось, мы пойдзем толькі на ўдасканаленне таго, што ў нас ёсць. Толькі тады пойдзем, калі будзем упэўнены, што ў выніку, напрыклад, павышэння тарыфаў на ЖКГ, людзі змогуць заплаціць па рахунках», — запэўніў Прэзідэнт.

Што датычыцца пытання павышэння пенсійнага ўзросту, то Прэзідэнт заявіў: «Калі мы гаворым аб тым, што нам трэба павышаць пенсійны ўзрост, што нам, дарэчы, МВФ настойліва рэкамендуе, я перад выбарамі гэта сказаў, гэта мая абсалютная перакананасць — нам трэба павышаць пенсійны ўзрост, і назваў прычыны. Але пры гэтым сказаў, што мы павінны параіцца з народам. Я даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта, думаю, яны ўжо выпрацавалі нейкі алгарытм, як з народам параіцца».

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў: «Калі не мы сёння гэта зробім, то ўсё гэта ляжа на нашых дзяцей. Калі ва ўрадзе ў некага трэнд бегчы паперадзе паравоза, то я хачу папярэдзіць — не рабіце гэтага».

Як перакананы Аляксандр Лукашэнка, неабходна зыходзіць з інтарэсаў народа. «Мы павінны дзейнічаць у інтарэсах уласнага народа. Калі ў МВФ нас не падтрымаюць і не зразумеюць, у гэтым няма трагедыі. Мы будзем далей з імі працаваць або не працаваць наогул, галоўнае — гэта наш народ і дзяржава. Яны (МВФ. — Заўвага БЕЛТА) усю праграму пералічылі, я нідзе не сказаў ім не — ні па тарыфах, ні па ўзросце, ні па зарплаце. Ні з сяго ні з таго рабіць нельга, зламаем краіну, пакрыўдзім народ, дэстабілізуем абстаноўку і страцім у выніку сэнс».

Па матэрыялах БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *