Мы многае можам…

Официально

У Дзень інвалідаў у РЦК упершыню прайшоў раённы інклюзіўны фестываль-конкурс “Асаблівы сусвет” для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў.

Мерапрыемства ладзілася ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі з боку Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці “Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю”. Арганізатарамі яго сталі аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў і РТЦСАН. Менавіта яны распрацацалі конкурсную праграму, якую падтрымала грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” і выдзеліла 17 мільёнаў рублёў.

Мэтай правядзення фестывалю “Асаблівы сусвет” з’яўляецца фарміраванне дружалюбных і роўных адносін да людзей з інваліднасцю, стварэнне іх станоўчага вобраза праз мастацтва, прыцягненне людзей з інваліднасцю да больш поўнага і ўсебаковага ўдзелу ў жыцці грамадства.

Фестываль-конкурс праводзіўся па трох намінацыях: выканальніцкае майстэрства (песня); “Мая творчасць Я” (танец); “Мая радзіма – Беларусь” (малюнак). Работы і музычныя нумары ацэньвала прадстаўнічае журы ў складзе адказных работнікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Паказаць свае здольнасці змаглі 40 удзельнікаў: гэта выхаванцы дзённага знаходжання для інвалідаў і цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Івянецкай і Чэхаўшчынскай дзіцячых школ-інтэрнатаў. На сцэне яны адчувалі сябе сапраўднымі артыстамі, таму нездарма кожны вакальны нумар ці выступленне калектыву суправаджаліся дружнымі апладысментамі гледачоў. Сваім талентам, майстэрствам, дзіцячай апасродкаванасцю яны насамрэч змаглі даказаць: “Мы многае ўмеем і многае можам!” Кожны з канкурсантаў атрымаў дыплом і каштоўны падарунак.

У пазаконкурснай праграме прынялі ўдзел выхаванцы раённага цэнтра дзіцячай творчасці, а таксама госці з Маладзечна – выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Маладзечанскага ТЦСАН, якія паказалі свае музычныя нумары.

Падзяліцца ўражаннямі мы папрасілі каардынатара праекта, намесніка старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” Ірыну Уладзіміраўну ЛОГВІН:

– Адчуваю пазітыўныя ўзнёслыя ўражанні ад мерапрыемства. Прыемна было пабачыць выступленні не толькі дзяцей з асаблівасцямі, якія выхоўваюцца ў сем’ях, але тых, што знаходзяцца ў інтэрнатах. Вось гэта якраз інклюзія: калі ўсе, незалежна дзе пражываюць, займаюцца і выхоўваюцца, збіраюцца разам на адной пляцоўцы, аб’яднаныя творчасцю. Выступаючы, яны змаглі паказаць, на што здольныя – не кожны можа так апаскродкавана, артыстычна трымацца на сцэне, каб праявіць сябе. Сапраўды, вельмі таленавітыя дзеці, і сваім выступленнем яны змаглі сцерці межы паміж сабой і здаровымі дзецьмі: усе выступалі на роўных.

Увогуле, наша арганізацыя – гэта аб’яднанне бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю. Толькі самыя блізкія людзі добра ведаюць усе патрэбы, складанасці і асаблівасці, што існуюць у выхаванні. Яны прапаноўваюць вырашэнні праблем, з якімі сутыкаюцца такія сем’і. І асноўная наша дзейнасць на працягу ўжо 20 гадоў была накіравана на аказанне паслуг такім сем’ям. Але мы прыйшлі да высновы, што гэтым не трэба абмяжоўвацца, неабходна працаваць з грамадскасцю, каб былі пераадолены стэрэатыпы і такіх дзяцей успрымалі як роўных. Бо ўсе мы роўныя, нягледзячы на тое, што ў асобных ёсць нейкае фізічнае ці псіхічнае абмежаванне. Людзей з асаблівасцямі нельга выкідаць з грамадства, трэба дапамагчы ім знайсці сябе ў нашым свеце па іх магчымасцях і здольнасцях. І адным з накірункаў у нашай рабоце з’яўляецца інфармаванасць і пазітыўнае стаўленне да такіх людзей. Праект “Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю” якраз і дае нам гэту магчымасць.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *