Чаравікі для ёлкі

Молодежный курьер

Ёлка з тканіны а-ля каўпак чараўніка на тонкіх нагах у блакітных бацінках, злепленых з салёнага цеста, здзіўляе сваёй крэатыўнасцю.

   Прыцягвае ўвагу і самаробная ялінка з серабрыстых стужак, упрыгожаная шкляным шарыкам-верхавінай, які загараецца рознакаляровымі агнямі, варта толькі яго тузануць. А ў лапках-хвалях яшчэ адной зялёнай прыгажуні не адразу адгадаеш замаскіраваную пафарбаваную макарону.

21 арыгінальны выраб сабрала навагодняя выстава “Ёлачка з іголачкі” ў актавай зале валожынскага дзіцячага садка № 3 “Пралеска”. Усе вырабы – вынік сумеснай творчасці дзяцей і бацькоў.

Дарослыя з малышамі, стараючыся здзівіць, змяшчалі ўнутр самаробных навагодніх прыгажунь не толькі складаныя светлавыя механізмы. Багатая фантазія дазволіла аўтарам выкарыстоўваць самы разнастайны падручны матэрыял. У мамы шмат часопісаў пра моду і кулінарыю? Цудоўна! Іх яркія старонкі лёгка ператварыць у конус-гармонік. А можна дробна нарэзаць махрамі і завіць кончыкі – атрымаюцца густыя яловыя лапкі. Ватныя дыскі, што патрэбныя маме для зняцця касметыкі з твару, таксама выдатна падыдуць для стварэння белых мяккіх яловых лапак. Пасыплеш вату бліскаўкамі – і казка гатова. Сярод творчых знаходак – ялінкі з рознакаляровых папяровых сурвэтак, газет, бісеру, пластыкавых бутэлек.

чаравікі2

Зараз Віка Міскевіч, Антон Гаспарэвіч, Яраслаў Гарбачэўскі, Жэня Садоўская, Арына Бацян, Захар Сухадолец, Надзя Паташ, Насця Ліннік, Мацвей Субач і іншыя дзеці, з гонарам паказваючы свае вырабы сябрам, адчуваюць сябе маленькімі чараўнікамі, здольнымі стварыць кавалачак свята.

Педагагічны калектыў садка таксама прэзентаваў ёлку – з сотняў сасновых шышак бірузовага колеру.

Старонку да друку падрыхтавала Алена ПАШКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *