За што я люблю раённую газету?

Общество

Тамара Уладзіміраўна САСНОЎСКАЯ, бухгалтар сельгасфіліяла № 7 ААТ “Белтрубаправодбуд”:

– Нездарма кажуць, што прывычка – другая натура. За шмат гадоў прывыкла да “Працоўнай славы” і кожную падпісную кампанію пачынаю абавязкова з яе. Часам з’яўляецца жаданне выпісаць іншае перыядычнае выданне, але “раёнка” – гэта абавязкова, як хлеб на стале. Заўсёды прыемна бачыць фота землякоў, чытаць пра іх дасягненні. Асабліва люблю тыя матэрыялы, якія расказваюць пра жыццё вяскоўцаў, іх праблемы. Акрамя задавальнення “чытацкага” апетыту, “раёнка” мае і практычнае значэнне: розныя аб’явы  і рэклама дазваляюць арыентавацца ў моры прапаноў. Дарэчы, дарослыя дзеці, хоць і сталі сталічнымі жыхарамі, але як прыедуць – абавязкова чытаюць “Працоўную славу”. Газета і для іх стала атрыбутам радзімы…

Леаніда Эдвардаўна РАЖАНСКАЯ, інжынер па ахове працы СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”:

– Мой чытацкі стаж “Працоўнай славы” – пяць гадоў, столькі часу жыву і працую ў раёне. Выпісала яе адразу, бо пераканана, што кожны жыхар рэгіёна абавязаны быць у курсе падзей мясцовага значэння. Павага да газеты хутка перарасла ў любоў. Прачытваю “раёнку” поўнасцю, мне падабаюцца яе змест, афармленне. На яе старонках суседнічаюць навіны сусветнага маштабу і невялікіх мясцовых вёсак, “дела давно минувших дней” і анонсы маючых адбыцца падзей. З калегамі па рабоце часам абмяркоўваем кулінарныя рэцэпты ці практычныя парады з рубрыкі “Для Вас”. Не пакідаюць раўнадушнымі гісторыі пра людскія лёсы і інтэрв’ю з цікавымі субяседнікамі. Напрыклад, ты ведаеш чалавека як урача, а ён аказваецца яшчэ і майстрам слова…

Тарэса Аляксееўна КОЗЕЛ, пенсіянерка з вёскі Пральнікі:

– Мы з тых пенсіянераў, што не шкадуюць грошы на газеты і часопісы. Але “Працоўная слава” – самая любімая. Скажу сумленна, іншы раз не можам падзяліць з мужам, хто пачне чытаць першым. І ад пятніцы да пятніцы ў вольную хвіліну не выпускаем яе з рук. Падабаецца, як сцісла і даступна раённая газета падае інфармацыю пра нашага Прэзідэнта і Беларусь, пра вынікі пяцігодкі, такім чынам мы ў курсе ўсіх навін у рэспубліцы і за межамі. Цікавімся працоўнымі здабыткамі УП “Івянецкая крыніца”, дзе, хоць і пенсіянер, яшчэ працуе муж, радуемся за іншых людзей, якія дамагаюцца пэўных перамог. Асабліва кранаюць жыццёвыя гісторыі. Не абмінаю матэрыялы пра добраўпарадкаванне вёсак, уважліва чытаю і разглядаю фотаздымкі, бо і сама захапляюся кветкамі, і двор мой не апошні ў вёсцы. Чытаю віншаванні, падзякі, рэкламу. Здаецца, каб лепей, то і не… Газета вельмі добрая.

Вера Антонаўна ВЯРШЫЦКАЯ, настаўніца-пенсіянерка з вёскі Даўбені:

– Я з “Працоўнай славай” “павязана” 45 гадоў. У пачатку працоўнай дзейнасці наведвала заняткі ў школе рабселькараў, якой кіравала ў той час С. І. Навумчык, Кавязай яна стала пазней. Гэта быў незабыўны час духоўнага сталення, знаёмства з цікавымі людзьмі, якія таксама пісалі ў газету. Магчыма, таму вельмі люблю разам з журналістамі гартаць старыя падшыўкі, быццам акунаюся ў юнацтва, адчуваю прыемную настальгію. Некаторыя артыкулы захоўваю шмат гадоў. Наша раёнка мае свой твар і свой стыль. Прыемна, што не апускаецца да разраду “жоўтай прэсы” і не смакуе плёткі. Трымае руку на пульсе жыцця раёна і краіны. Навіны падаюцца сканцэнтравана. Толькі ўведзены новы правапіс, а ў газеце ўжо з’явілася адпаведная рубрыка, якая знаёміць з новаўвядзеннямі. Заўсёды з  нецярпеннем чакаю падборкі “Дзень за днём”: коратка, ясна і аператыўна. Калі чытаю “Сустрэчы па пятніцах”, то адчуваю сапраўдны гонар за свой край, дзе жывуць неардынарныя людзі. Іншы раз і сама пішу ў газету, выказваю ўласныя меркаванні.



Добавить комментарий