У раённым Цэнтры культуры прайшла традыцыйная ўрачыстасць, прысвечаная прызыву на тэрміновую ваенную службу юнакоў

Молодежный курьер

У раённым Цэнтры культуры прайшла традыцыйная ўрачыстасць, прысвечаная прызыву на тэрміновую ваенную службу юнакоў. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ваенны камісарыят, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, РК ГА “БРСМ”.

Падчас мерапрыемства прызыўнікоў віталі начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў Юрый Вітальевіч Нахай, намеснік старшыні раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” Уладзімір Уладзіміравіч Сёмін, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Алена Валер’еўна Грыбоўская, маці прызыўніка Яўгенія Васілеўскага Жанна Іосіфаўна з Валожына, выконваючы абавязкі пракурора Сяргей Анатольевіч Габруковіч.

Удзел у сустрэчы прынялі афіцэры і салдаты воінскай часці 30695. Яны падзяліліся вопытам з маладымі людзьмі, для якіх служба пакуль хоць і блізкая, але будучыня. Іх аповед пра будні армейскага жыцця, праводзімыя ў часці мерапрыемствы, правы і абавязкі вайскоўцаў зацікавіў аўдыторыю. Прызыўнікі змаглі прыняць удзел у конкурснай праграме. Разам з вопытнымі салдатамі вучыліся разбіраць і збіраць аўтамат, чысцілі бульбу, паўдзельнічалі ў сілавых спаборніцтвах, яны вельмі стараліся выглядаць годна, але больш падрыхтаваныя ваеннаслужачыя перамаглі ва ўсіх конкурсах.

З наказам да будучых абаронцаў Айчыны звярнуўся радавы Антон Малікаў з Віцебска. У сваім кароткім эмацыянальным выступленні ён падкрэсліў: “Служба – гэта вельмі важны момант у жыцці маладога чалавека, які імкнецца стаць сапраўдным мужчынам”. Як адзначыў прызыўнік Андрэй Сівы з Валожына, які ўжо паспеў атрымаць вышэйшую адукацыю і вопыт работы ў якасці інжынера на Новалукомльскай электрастанцыі, служба ў арміі – не толькі яшчэ адна прыступка на шляху сталення, гэта святы абавязак кожнага грамадзяніна нашай краіны.

Завяршыўся армейскі “лікбез” канцэртам. Разам з артыстамі РЦК у ім прынялі ўдзел ваеннаслужачыя Аляксей Ахрэм і Павел Блашкевіч.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *