ТЭЛЕФОН міліцыі – 102

Закон и порядок

СЛЕД СТЫХІІ

13 ліпеня з 14.30 да 16.30 моцны дождж і шквалісты вецер абясточыў у раёне тры вёскі: Пагарэлку, Баравікі і Дубоўцы. Амаль 150 чалавек засталіся на кароткі час без святла і электрычнасці. Наступствы стыхіі работнікі раённых электрасетак выправілі аператыўна.

 

ПРАТАРГАВАЛАСЯ…

У раённы аддзел Следчага камітэта перададзены матэрыялы па выніках праверкі РАУС у адносінах да прадаўшчыцы аднаго з сельскіх магазінаў. Устаноўлена, што жанчына, з’яўляючыся матэрыяльна адказнай асобай, за адзін месяц работы прысвоіла давераных ёй тавараў на 610 рублёў.

 

З ХУТКАСЦЮ ВЕТРУ

Некалькі хвілін хапіла злодзею, каб скрасці спартыўны веласіпед маркі “Vector Monster”, неабачліва пакінуты гаспадаром пад пад’ездам шматпавярхоўкі. Крадзеж адбыўся ў цэнтры Валожына. Пацярпелы тут жа паведаміў аб здарэнні ў міліцыю, але пошукі пакуль што выніку не далі. Супрацоўнікі РАУС яшчэ раз напамінаюць: веласіпеды – самы распаўсюджаны прадмет крадзяжу. Нават на кароткі час не ўпускайце яго з поля зроку, а для надзейнага захоўвання карыстайцеся спецыяльным ланцугом з замком!

 

СПЯШАЎСЯ І Ў ШПІТАЛЬ ПАПАЎСЯ

Легкавушка “Таёта Ярыс” рухалася па крайняй паласе дарогі, калі пад яе коламі аказаўся пешаход. Гэты чалавек пералез праз агароджу і напрамкі накіроўваўся на супрацьлеглы бок. На шчасце, вадзіцель паспеў прытармазіць, таму наезд не скончыўся трагічным фіналам. З-за ўласнага легкадумства пацярпелы атрымаў цяжкія траўмы і зараз знаходзіцца на лячэнні ў бальніцы.

 

ЦЯНЬКУ ЗАХАЦЕЛАСЯ…

Калі гаспадар не ўбачыў на ўласным двары драўлянай альтанкі памерам 2х2 метры, то не паверыў сваім вачам. Як магла пабудова знікнуць? На месца здарэння выехалі супрацоўнікі міліцыі. Па слядах, пакінутых транспартным сродкам, было ўстаноўлена, хто і як скраў альтанку. Злодзеям аказаўся мінчанін 1961 года нараджэння, ураджэнец той вёскі, дзе і адбылося злачынства.

 

ДРЭННЫ ЎСПАМІНАК

ПРА АДПАЧЫНАК

застанецца ў двух вадзіцеляў-дальнабойшчыкаў, якія вырашылі пераначаваць у Шараях.

Кіроўца з Расіі пакінуў свой аўтафургон “Мэрсэдэс Бэнц” на пляцоўцы каля АЗС “Белнафтахім”. Раніцай машына не завялася. Хтосьці ноччу ўзламаў накрыўку паліўнага баку і зліў 280 літраў дызеля.

Праз пару дзён падобная гісторыя адбылася і з вадзіцелям з Польшчы. Яго шматтоннік “Вольва” зладзеі пакінулі без 306-і літраў паліва.

 

КАМУ ШКОДА, А КАМУ

ЯШЧЭ І НЕВЫГОДА

Пацярпелі ад супрацьзаконных дзеянняў і жыхары раёна. У Івянцы гаспадыня пакінула нанач на прысядзібным участку палівальны шланг даўжынёй 50 метраў і распыляльнік да яго, а раніцай іх ужо не было. У Ракаве мужчына недалічыўся ў калекцыі бутэлькі элітнага каняку і дзвюх бутэлек віскі. Знік і штопар. Урон пацярпелым ацэнены ў 250 рублёў. Расследаваннем крадзяжоў займаюцца праваахоўнікі.

 

за пагрозу забойствам

У ізалятары часовага затрымання пры РАУС зараз знаходзіцца жанчына. Супраць яе ўзбуджана крымінальная справа за пагрозу забойствам. Гэта асоба не першы раз сутыкаецца з законам, мае вялікія даўгі перад дзяржавай, якая ўзяла на сябе клопат пра яе непаўналетніх дзяцей.

У дзяжурную часць патэлефанаваў непрацуючы інвалід 2-й групы і расказаў, што яго маці, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, схапіла нож і пагражае яму забойствам. Напалоханы мужчына небяспеку ацаніў, як рэальную. Аператыўнікі, якія выехалі на разборкі канфлікту, устанавілі, што факт пагрозы і сапраўды мае месца.

Матэрыял па міліцэйскіх зводках

падрыхтавала Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *