РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

У канцы кастрычніка ў Чэрвені прайшло грандыёзнае мерапрыемства: тут ушаноўвалі пераможцаў конкурсу прафесіянальнага майстэрства “Майстар Мінскай вобласці-2016”, які праводзіла Мінскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў.

Сацыяльны работнік аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Мікалаеўна Русіновіч прызнана лепшым сацыяльным работнікам Міншчыны. Гэта званне яна раздзяліла з калегай з Капыльскага раёна. На святочным мерапрыемстве свайго работніка падтрымлівалі дырэктар цэнтра Г. Ф. Рай і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Н. Я. Радына. А пераможцу чакала значная грашовая прэмія, святочны канцэрт. Святлана Русіновіч абслугоўвае нямоглых старых жыхароў вёсак Даўбені, Яшкавічы, Паморшчына, Ляшчадка Валожынскага сельсавета. Яна займае актыўную жыццёвую пазіцыю, пра што сведчыць шырокі спектр грамадскіх абавязкаў. Жанчына адчувае адказнасць не толькі за сваіх непасрэдных падапечных, але і ўвогуле за нешматлікіх жыхароў навакольных вёсачак. З’яўляецца дэпутатам сельскага Савета па Улазавіцкай акрузе, старастай вёскі Яшкавічы.

У Жодзіне адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя абласнога аддзялення грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын”, які сёлета святкуе сваё 25-годдзе.

 Разам з нядаўна абранай старшынёй раённага аддзялення гэтай грамадскай арганізацыі Галінай Рай на канферэнцыю была запрошана былы старшыня Марына Іода, якая цяпер узначальвае калектыў раённага вузла паштовай сувязі. Марыне Аляксандраўне ўручана Ганаровая грамата і сувенірная прадукцыя. Для дэлегатаў і гасцей канферэнцыі была падрыхтавана святочная канцэртная праграма.

У рамках акцыі “Адновім лясы разам” з дапамогай работнікаў лясной гаспадаркі, студэнтаў БДТУ, работнікаў Мінскага аблвыканкама, абласнога аддзялення “Беларусбанка”, некаторых міністэрстваў і ведамстваў, арганізацый сталіцы, актывістаў БРСМ на месцах, пашкоджаных шквальным ураганным ветрам летам гэтага года, высаджаны лясныя культуры.

 У Смалявіцкім лясгасе толькі на месцах, якія расчышчаны работнікамі Валожынскага лясгаса, высаджаны розныя лясныя культуры. Агульная плошча новых пасадак склала 65 гектараў. Непасрэдна ў нашым раёне новыя насаджэнні з’явіліся на 16-гектарнай плошчы ў Івянецкім, Пяршайскім і Валожынскім лясніцтвах.

На базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра прайшоў бацькоўскі сход “Прафілактыка насілля ў сям’і: праблема сям’і, школы, грамадства”. На сходзе прысутнічалі больш за 30 бацькоў з усяго раёна, чые дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Перад такімі гора-бацькамі выступілі дырэктар СПЦ С. І. Мучынская, намеснік начальніка РАНС А. І. Сівы, урач-нарколаг Я. А. Шкода. Прысутныя паглядзелі відэаролік, падрыхтаваны супрацоўнікамі МНС, відэафільм “Я да цябе ніколі не вярнуся”, кожны меў магчымасць выказаць свае думкі і меркаванні. Педагог-псіхолаг СПЦ І. Ф. Шакун правяла з бацькамі рэфлексію “Дзеці не для насілля”.

Падчас канікулаў у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі прайшоў семінар-практыкум “Прыходзь, твары, вучыся!” для настаўнікаў пачатковых класаў і педагогаў дадатковай адукацыі, у якім бралі ўдзел каля 20 чалавек са школ раёна.

Педагогі дадатковай адукацыі цэнтра Т. А. Курыла і Т. І. Лужынская падрыхтавалі мультымедыйную прэзентацыю пра выставачную дзейнасць як сродак самавыяўлення вучняў. У якасці нагляднага прыкладу ўдзельнікам былі прапанаваны выставы ў кабінетах, дзе займаюцца гурткі, і агульная выстава ў цэнтры творчасці. Настаўніца пачатковых класаў Гародзькаўскага ВПК М. І. Астроўская правяла майстар-клас “Віншавальная паштоўка”, а Т. І. Лужынская навучыла рабіць паспарту, каб выгадна падаваць зробленыя работы. Найбольш цікавы заўсёды заключны момант семінараў, калі ўдзельнікі маюць магчымасць падзяліцца ўласнымі набыткамі, выказаць меркаванні і слушныя заўвагі.

 

 



Добавить комментарий